Беларуская Служба

Гісторык Алег Латышонак: Беларусы, якія прыехалі, падтрымаюць беларускасць у Польшчы, але сваю, не нашу

09.07.2025 14:15
Ці эміграцыя дае шанец блізкаму супрацоўніцтву этнічных беларусаў у Польшчы і тых, хто з Беларусі? Вашай увазе гутарка з гісторыкам Алегам Латышонкам.
Аўдыё
  • Гісторык Алег Латышонак: Прыезджыя беларусы падтрымаюць беларускасць у Польшчы, але сваю, не нашу
Прафесар Алег Латышонаккрыніца: https://www.youtube.com/watch?v=CGzaqDHfT6E

У Польшчу прыехалі з Беларусі цягам апошніх год больш за трыста тысяч беларусаў. Не ўсе з іх прыехалі па сваёй волі і ўсім нам вядома чаму. Ці гэтая сітуацыя дае шанец на тое, каб адбылося збліжэнне і з'яднанне, было наладжана больш цеснае супрацоўніцтва этнічных беларусаў у Польшчы і тых, хто прыехаў з Беларусі? З гэтым пытаннем я звярнулася да вядомых прадстаўнікоў этнічных беларусаў у Польшчы.

Пазнаёміцца з адказамі Яраслава Іванюка і Юркі Каліны запрашаю на наш сайт. Хачу адзначыць, што меркаванні Юркі Каліны выклікалі шырокую дыскусію сярод беларусаў.

Сёння ж вашай увазе размова з гісторыкам, старшынёю Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам.

Ці ёсць шанец на абʼяднанне беларусаў Беласточчыны і беларусаў у эміграцыі ў Польшчы?

«Скажу шчыра, шанец ёсць, але невялікі, проста таму, што мы розныя», – кажа прафесар Алег Латышонак і тлумачыць у чым заключаецца адрозненне.

«У Польшчы і ў Літве апынулася культурная эліта беларускай нацыі. А мы тут, я не хачу нас прыніжаць, але мы, этнічныя беларусы ў Польшчы, не маем прапановы для гэтых людзей. У Польшчы цяпер тры найлепшыя тэатры Беларусі. А ў нас ёсць пару чалавек, якія займаюцца тэатрам, гэта прафесійныя акторы, але тэатр у нас аматарскі. Пісьменнікі, паэты – сярод тых, хто прыехаў, іх у некалькі разоў больш і яны вышэй».

Алег Латышонак мае надзею, хоць і не ўпэўнены, што прыезджыя беларусы, з часам будуць наведваць Падляшша, беларускую Беласточчыну, будуць адчуваць, што яны на зямлі, натхнёнай беларускім духам, але суразмоўца мяркуе, што гэта доўгі працэс.

«Наогул вельмі мала ёсць месцаў, дзе інтэгруюццца прыезджыя з мясцовымі. У Беластоку, напрыклад, такім месцам зʼяўляецца танцавальны ансамбль «Падляскі вянок». Танцуюць людзі, так сказаць, з абедзвюх груп і вельмі добра ідзе тая інтэграцыя».

Латышонак не шукае вінаватых у малой інтэграцыі мясцовых беларусаў з мігрантамі.

«Гэта не чыясьці віна, проста, мы не маем прапановы для прыезджых», – кажа ён.

Цікаўлюся, ці з боку беларусаў у эміграцыі ёсць інтарэс да этнічна-беларускай часткі Падляшша, ці ёсць з таго боку жаданне даведацца больш і пазнаёміцца з жыхарамі.

«Не надта, і на гэта яшчэ рана», – кажа Латышонак і тлумачыць у чым справа.

«Людзі мусяць спачатку абжыцца ў сваіх Варшавах, Гданьсках, Вроцлавах. Маю надзею, гэта будзе праз нейкі час. Тут жа ёсць нашыя (беларускія) вёскі. Тыя ж беларусы прыязджаюць, арганізуюць бізнесы, укладаюць грошы, яны ж могуць тут інвеставаць, напрыклад, купляць дамы».

Па словах Алега Латышонка, цяпер, вельмі неспрыяльная сітуацыя, бо там, дзе мясцовых беларусаў у Польшчы найбольш, вызначана «амаль ваенная зона» з бронетэхнікай і салдатамі.

«Акрамя гэтага, у СМІ людзі чуюць пра, нібыта, штурмы мігрантаў. Гэта не спрыяе таму, каб людзі сюды прыязджалі. Палякі баяцца прыязджаць, сам я чуў, што нават у санаторый у Супрасьль баяцца ехаць, бо гэта, нібыта, ужо на мяжы».

Актывіст беларускай меншасці ў Польшчы марыць аб інтэграцыі беларускіх дзетак. Хацеў бы арганізоўваць летнікі, вазіць на экскурсіі па Беласточчыне, каб яны пабачылі, што там – жывая беларуская культура, архітэктура, там шмат беларускага. Але сілаў няма, шкадуе Латышонак.

«Супольных праектаў у нас няма»

Сярод беларускіх эмігрантаў многа навукоўцаў і даследчыкаў, навуковыя сувязі з імі наладзіліся даўно, хаця супольныя праекты адсутнічаюць, адзначае гісторык, навуковы супрацоўнік Беластоцкага ўніверсітэта прафесар Алег Латышонак.

«Супольных праектаў у нас няма, але мы вельмі добра кантактуем, гэта ўсё сябры, мы знаёмыя з некаторымі пару дзясяткаў гадоў. Яны прывезлі з Беларусі свае навуковыя інтарэсы і хочуць іх тут працягваць, займацца Вялікім Княствам Літоўскім, альбо Беларуссю, а не, скажам, Падляшшам. Вельмі рэдка бывае, каб хто пераарыентаваўся і стаў даследаваць, тое што для нас важна. Таму мы мусім сваімі сіламі гэта рабіць. Але назіраюцца такія трэнды, што мы пачынаем прымаць гісторыкаў, якія тут абжыліся, маюць польскае грамадзянства. І ў гэтым, відавочна, будучыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы – людзі, якія вырашылі застацца і жыць тут, маладыя гісторыкі будуць запісвацца ў Таварыства, а мы паціху будзем ствараць супольныя праекты.

Зрэшты, Алег Латышонак не спадзяецца надта моцна на беларускую інтэлігенцыю ў справах будучыні беларускай меншасці ў Польшчы. Ён мяркуе, што інтэлектуальная эліта вернецца ў Беларусь, калі толькі зʼявіцца такая магчымасць, таму што там іх жыццё і там ім трэба працаваць. Затое, з тымі, хто застанецца, прафесар звязвае пэўныя чаканні.

«Іншая справа з эканамічнымі мігрантамі, яны застануцца. Але ў іх няма вялікай цягі да беларускай культуры, бо калі ў Беластоку 2,5 тысяч дзяцей з Беларусі, і толькі 60 запісалі на ўрокі беларускай мовы, то маем доказ, як гэта справа выглядае.

Я гэта бачу так: прыезджыя беларусы падтрымаюць беларускасць у Польшчы, але сваю, не нашу. 

Нейкія беларусы ў Польшчы будуць. Большасць арыентавана на інтэграцыю, дарэчы, процьма людзей з «Картай паляка». Але, так ці інакш, беларусы застануцца. У Беластоку прыезджыя, спадзяюся, пяроймуць ад нас нашыя (беларускія) арганізацыі.

Ці крыўдна з-за таго, што паміж «беларускімі беларусамі» і «польскімі беларусамі» пакуль няма адчування еднасці? Алег Латышонак кажа «не».

«Я доўга ў дзейнасці, у палітыцы, у гісторыі і культуралогіі, каб быць здзіўленым, чаму мне мае быць балюча? Такая рэчаіснасць і трэба прымаць свет, якім ён ёсць. Але рабіць, што магчыма. Ёсць людзі, якія яднаюць бакі. Беласток – наш горад, у ім дзесяць тысяч прыезджых і частка з іх да беларускай культуры цягнецца.

Я быў на канцэрце Лявона Вольскага ў Беластоку, было 200 чалавек. Вольскі спытаўся, хто з Мінска і амаль увесь зал падняў рукі, а з Беластока было шэсць чалавек. А некалі я сам з Беластока ездзіў на канцэрты Вольскага ў Беларусь, у Вільню. Ну, нешта такое дзіўнае адбываецца. Але ўсё-такі канцэрт быў з аншлагам».

А што супольнае паміж этнічнымі беларусамі ў Польшчы і беларусамі з Беларусі? У Латышонка просты адказ.

«Перш за ўсё нацыянальнае пачуццё. Калі ты беларус, то на другога беларуса глядзіш як на беларуса і адчуваеш з ім еднасць. Але трэба памятаць пра яшчэ адно – мы тут выміраем. Вельмі мала сярод мясцовых беларусаў, асабліва маладых. Прыезджыя маладыя. Магчыма, гэта таксама справа ўзросту і таму няма блізкага кантакту. Маладым беларусам не надта ёсць з кім тут інтэгравацца, калі ў Беластоку маладых мясцовых беларусаў проста жменька.

Набалелы момант

Алег Латышонак звяртае ўвагу на яшчэ адзін набалелы момант.

«Большасць прыезджых гаворыць па-расійску, па-маскоўску. Для нас гэта проста жах, я не магу гэтага слухаць. Гэта таксама выклікае адчужанасць. Мы, праўда, таксама не лепшыя, гаворым па-польску. Але мы прывыклі. А тая маскоўшчына ў сітуацыі, калі маскаль топча Беларусь! Проста жах!»

Падсумоўваючы, Алег Латышонак выказвае думку, што будучыня беларусаў у эміграцыі і этнічных беларусаў будзе ісці асобнымі шляхамі. Але будуць кропкі сутыкнення. З цягам часу прыезджыя таксама стануць «тутэйшымі».

Польшча стане для іх сваёй. Натуральным шляхам беларусы разʼедуцца па Польшчы – у Кракаў, Лодзь, Гданьск. Але частка застанецца ў Беластоку і «калісьці прыезджыя пяроймуць установы і арганізацыі, якіх не пяроймуць нашыя дзеці», крыху з горыччу кажа Алег Латышонак, хоць і з разуменнем працэсаў.

«Так я сабе гэта ўяўляю», – гаворыць гісторык.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы

Tutaka 2025: музыка салідарнасці і беларуская супольнасць без межаў. Чым здзівіць фестываль сёлета 

09.07.2025 11:31
Праграма Фестывалю Tutaka 2025  уражвае маштабам: больш за 25 музычных выступаў і больш за 50 дадатковых актыўнасцяў.