Беларуская Служба

Сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі: Без інклюзіі шлях Беларусі ў Еўропу немагчымы 

14.07.2025 17:44
Грамадства пачало пераасэнсоўваць паняцце інклюзіі. Гендар, ЛГБТК+, фемінітывы — больш не табу. Спецыяліст тлумачыць, чаму гэта важна для будучыні Беларусі.
Аўдыё
  • На думку Уладзіслава Гарбацкага, шлях Беларусі да Еўропы ляжыць у тым ліку праз інклюзію: «Без інклюзіі мы не станем часткай еўрапейскай супольнасці».
  2020          .
Пасля падзей 2020 года беларуская дыяспара ў Еўропе пачала актыўна пераасэнсоўваць паняцце інклюзіі.Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

Пасля падзей 2020 года беларуская дыяспара ў Еўропе пачала актыўна пераасэнсоўваць паняцце інклюзіі. Гендарная роўнасць, бачнасць ЛГБТК+ супольнасці, ужыванне фемінітываў і інклюзіўнай мовы сталі не проста модай, а неабходнасцю. Сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі тлумачыць, як інклюзіўныя практыкі змяняюць беларускую мову і грамадства, і чаму без інклюзіі наш шлях у Еўропу немагчымы. Даследчык перакананы: інклюзія – не мода, а прамое патрабаванне часу, асабліва для беларусаў у выгнанні.

«Пасля 2020 года адбылася сапраўдная моўная і культурная рэвалюцыя сярод беларусаўі», — сцвярджае Уладзіслаў Гарбацкі. Паводле яго, у выніку палітычнага крызісу шмат хто апынуўся ў Польшчы, Літве і іншых еўрапейскіх краінах, дзе тэмы інклюзіі, гендарнай разнастайнасці, правоў ЛГБТК+ супольнасці не толькі прысутнічаюць у публічнай прасторы, але і з'яўляюцца грамадскай нормай, а часамі нават заканадаўчай нормай. 

Уладзіслаў Гарбацкі - беларускі сацыялінгвіст, палітолаг, пісьменнік і перакладчык, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (Вільня)
Уладзіслаў Гарбацкі - беларускі сацыялінгвіст, палітолаг, пісьменнік і перакладчык, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (Вільня)

«У гэтых краінах мы апынуліся ў асяроддзі, дзе пытанні інклюзіі ўжо даўно разглядаюцца сур'ёзна. Інклюзія – гэта не толькі пра людзей з інваліднасцю, як гэта часта ўспрымаецца ў Беларусі. Гэта пра бачнасць і ўдзел у жыцці грамадства ўсіх: жанчын, небінарных асоб, прадстаўнікоў ЛГБТК+», — тлумачыць даследчык.

Паводле Гарбацкага, ключавой праявай інклюзіўнасці з’яўляецца мова. Менавіта праз мову адбываюцца першыя змены. «Інклюзія пачынаецца з мовы. Калі мы пачынаем ужываць фемінітывы, калі ўжываем карэктныя тэрміны на азначэнне гендарнай і сэксуальнай ідэнтычнасці – гэта ўжо палітычны і сацыяльны жэст. Гэта дзеянне, якое змяняе рэчаіснасць», — перакананы эксперт.

Ад фемінітываў да квір-літаратуры

Адна з відавочных змен – шырокае ўжыванне фемінітываў у медыя, асабліва беларускамоўных. «Раней фемінітывы ўспрымаліся па-рознаму, але пасля 2020 года мы назіраем сапраўдны выбух іх ужывання. Беларускія журналісты і журналісткі сталі больш уважлівымі да моўных практык», — заўважае Гарбацкі.

Асобную ўвагу эксперт звяртае на ўздым тэм небінарнасці і з’яўленне беларускіх інклюзіўных праектаў у эміграцыі, а таксама на росквіт гэтай тэмы ў літаратуры. Уладзіслаў Гарбацкі, сярод іншага з'яўляецца рэдактарамі выдавецтва «Скарына».  «Мы атрымліваем цудоўныя квір-тэксты з Новай Зеландыі, дзе беларусы і беларускі пішуць і на літаратурнай беларускай мове, і на трасянцы, і нават на палескім дыялекце. Гэта – сапраўдныя літаратурныя шэдэўры», — адзначае ён.

Паводле Гарбацкага, беларускія супольнасці ў выгнанні пачалі пераймаць еўрапейскія практыкі інклюзіі, адаптуючы іх да сваёй культурнай традыцыі, гэтаму спрыяюць уласцівасці беларускай мовы.  «Беларусы, якія жывуць у Польшчы ці Літве іншых заходніх краінах, вучацца польскай або літоўскай, і бачаць, як там ствараецца інклюзіўнае моўнае асяроддзе. Яны спрабуюць перанесці гэтыя практыкі ў беларускую мову – і гэта вельмі каштоўны досвед», — падкрэслівае даследчык.

Аднак, як заўважае сацыялінгвіст, інклюзія беларусаў у выгнанні часта адбываецца і праз рускую мову, якая для большасці  беларусаў усё яшчэ з’яўляецца асноўнай. «Нават расійскамоўныя беларусы актыўна ўключаюцца ў інклюзіўны парадак дня, бо разумеюць беларускую, валодаюць ёй пасіўна, і падпадаюць пад уплыў беларускай інклюзіўнай лексікі», — тлумачыць ён.

Гарбацкі прызнае: не ўсе гатовыя да гэтых змен. «Ёсць прынцыповыя праціўнікі, але гэта – адзінкі. Большасць журналістаў, асабліва тых, хто прайшоў стажыроўкі ў заходніх краінах, добра разумеюць, што без інклюзіі развіцця не будзе», — адзначае эксперт, і звяртае ўвагу на прыклад Украіны. Паводле эксперта ў пытанні інклюзіўнасці мовы Украіна і Беларусь яшчэ 15 гадоў таму былі на аднолькавым узроўні, аднак цяпер Украіна значана апярэджвае Беларусь. «І гэта паказчык таго, што краіна сапраўды рухаецца ў бок дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў», — перакананы сацыялінгвіст. 

На думку Уладзіслава Гарбацкага, шлях Беларусі да Еўропы ляжыць у тым ліку праз інклюзію: «Без інклюзіі мы не станем часткай еўрапейскай супольнасці. Гэта не мода, не капрыз – гэта патрабаванне часу. Гэта пытанне павагі і ўрэшце – развіцця».

«Мы далёкія ад ідэалу, але 2020 год даў моцны штуршок. Гэта быў момант, калі беларускае грамадства пачало ўсведамляць: уключаць розныя групы – гэта значыць развівацца. І гэта наш шанец змяніцца», — падсумоўвае эксперт.

Размову з Уладзіславам Гарбацкім слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж