Добрыя людзі падказалі, што трэба зарабляць на пенсію
Спадарыня Кацярына прыехала ў Польшчу пасля падзей 2020 года, калі ёй споўнілася 63 гады. У Беларусі яна атрымлівала пенсію каля 800 злотых у пераліку на польскія грошы. Тут пенсіі не было, таму адразу пайшла працаваць і, як сама згадвае, першыя яе працы былі такія, што адлічэнні ў пенсійны фонд не рабіліся.
— А тады, калі я зразумела і мне падказалі людзі, што я павінна атрымаць хоць якую тут пенсію, то я ўжо працавала аформленай па ўмове працы. І адлічэнні з майго заробку накіроўваліся ў пенсійны фонд. У 65 гадоў я звярнулася ў ZUS (пенсійны фонд у Польшчы), і мне там усё растлумачылі — што і як патрэбна для афармлення пенсіі.
Суразмоўца згадвае, што асаблівых складанасцей з дакументамі не было. Ёй канкрэтна напісалі, якія дакументы яна павінна прынесці для афармлення пенсіі.
— Гэта ксеракопія пашпарта, калі ёсць — копія беларускага пенсійнага пасведчання, даведка з месца працы ў Польшчы, заява на атрыманне пенсіі — і на гэтым усё. Я зрабіла копіі дакументаў, а арыгіналы прадставіла ў пенсійны фонд. Роўна праз тры месяцы мне праз пошту даслалі запрашэнне прыйсці ў ZUS.
Пенсію прызначылі: два злотых. Але…
Праўда, чакаць чагосьці значнага спадарыня ад пенсійнага фонду не спадзявалася, але ўсё ж была здзіўленая.
— Мне прызначылі пенсію — два злотых у месяц. Але да гэтай пенсіі я яшчэ атрымліваю 13-ю і 14-ю пенсію — у нас у Беларусі чагосьці такога няма. Акрамя 12 пенсій за год, яшчэ двойчы выплачваюць па адной базавай велічыні, якая ў Польшчы цяпер складае 1800 злотых. І вось адну я атрымала ў красавіку, а другую атрымаю ў жніўні.
І тут спадарыня кажа, што гэта яшчэ не ўсё.
— Яшчэ я маю бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Калі трапляю ў шпіталь ці патрэбны кансультацыі вузкіх спецыялістаў, то атрымліваю іх бясплатна. Нядаўна, дарэчы, ляжала ў шпіталі — і ўсё гэта было бясплатна. І яшчэ: у кожным польскім горадзе для пенсіянераў ёсць такая опцыя. У Познані, напрыклад, на год даецца бясплатны праезд у гарадскім транспарце на суму ў 90 злотых.
Дамова існуе, але Беларусь не дасылае маю пенсію ў Польшчу
Спадарыня Кацярына кажа, што паміж Беларуссю і Польшчай існуе дамова аб выплаце пенсій, калі людзі змяняюць месца жыхарства. І ў яе выпадку, маўляў, Беларусь павінна была б пералічваць яе пенсію на польскі рахунак. Пенсія на той момант, калі яна з’ехала, складала ў пераліку на польскія грошы 830 злотых. І ў такім выпадку польская дзяржава даплочвала б ёй да беларускай пенсіі, каб яна дасягнула мінімальнай польскай — 1800 злотых.
— Але, нягледзячы на тое, што польскі бок двойчы дасылаў запыт у Беларусь наконт маёй пенсіі, не атрымаў належнага адказу. Ім паведамілі толькі тое, калі я выйшла на пенсію і колькі гадоў адпрацавала. Але саму пенсію ні разу не пералічылі. А паколькі яе не пералічылі, то і даплат з польскага боку таксама няма.
Ёсць у Польшчы MOPS…
У спадарыні няма сумневу, што такое стаўленне да яе — з палітычных прычын, таму вырашыць гэту праблему, як кажа суразмоўца, не ўдасца да таго часу, пакуль у Беларусі не зменіцца ўлада. Праўда, у Польшчы існуе такая арганізацыя, як MOPS, якая дапамагае пенсіянерам з нізкімі даходамі. У прыватнасці, MOPS дапамагае спадарыні аплачваць жыллё, якое яна здымае.
— Мне таксама падказалі, я пра гэта не ведала. І я пайшла ў той MOPS, напісала заяву на дапамогу, і да мяне прыйшла спецыялістка адтуль — паглядзела, што я сапраўды здымаю той пакой, плачу за яго. І да тых маіх двух злотых MOPS штомесяц даплачвае мне 1229 злотых.
Беларуская пенсія меншая, чым у Польшчы сацыяльная дапамога
Мы разам падлічылі, што пасля аплаты за кватэру на жыццё ў спадарыні Кацярыны застаецца 629 злотых. Узнікае пытанне: як за гэтыя грошы пражыць у Польшчы месяц? Адказвае спадарыня Кацярына:
— Я імкнуся купляць прадукты і гатаваць сама, ніколі не купляю нічога гатовага. Яшчэ я шмат чаго ўмею рабіць сваімі рукамі: пяку хлеб, пончыкі, беляшы, бліны з тварагом, з мясам… Я схадзіла ў падатковую інспекцыю і запыталася, ці маю права займацца такой дзейнасцю, каб гэта прадаваць. Мне там дакладна адказалі, што калі прадаю хлеба не больш як на 1800 злотых у месяц, то ніякіх падаткаў плаціць не трэба. Я на такую суму сваёй выпечкі ніколі не прадавала, але штомесяц такім чынам дарабляю 500–600 злотых. І я магу купіць сабе і рыбу, і садавіну з гароднінай, і марозіва, і схадзіць да кагосьці ў госці, і пірог спячы — бо мне гэта падабаецца. І ніколі тут я не была галоднай.
Дарэчы, спадарыня зрабіла пэўны аналіз таго, як жыла на пенсію ў Беларусі і як жыве на сацыяльную дапамогу ў Польшчы. Атрымаліся цікавыя высновы.
— У мяне гэта ёсць на маім YouTube-канале, які называецца “Всё сначала” і прызнаны экстрэмісцкім. Я там падлічыла, колькі ў мяне на жыццё заставалася пасля ўсіх аплатаў з беларускай пенсіі: за кватэру, за праязны білет (які без ільготаў), за падаткі і г. д. Там у мяне на дзень заставалася на адзін яблык, адну бутэльку малака і адзін белы батон. І я там таксама павінна была падрабляць: ісці ў ягады, цягацца па балотах збіраць журавіны, каб было за што пражыць. Я ўсё гэта параўноўваю і бачу, што ў Польшчы дапамога ад дзяржавы большая, чым у Беларусі мая пенсія. Таму я нічога там не згубіла — толькі радзіму. І толькі за тое, што не так гаварыла, не так думала, як хацела наша ўлада. А так — я нічога не страціла.
Хацела б наведаць толькі радзіму
Спадарыня Кацярына кажа, што практычна не мае кантактаў з Беларуссю, але часта глядзіць навіны і не разумее, як людзі там яшчэ жывуць. Яна не хавае, што хацела б наведаць радзіму, пабыць на могілках родных і блізкіх, але жыць там больш не жадае.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл