Польскі мовазнаўца, паланіст і беларусіст доктар Міраслаў Янковяк расказвае пра чыннікі, якія спрыяюць захаванню нацыянальнай тоеснасці.
– Чым і чаму для даследчыкаў цікавы рэгіён Падляшша?
– Па-першае, таму, што вёска заўсёды з'яўляецца натуральным элементам жыцця ў адрозненне ад горада. Усё тут мае сваё месца, усё апісанае. У вясковай гаворцы адлюстроўваецца жыццё чалавека, бо мова – гэта як люстэрка жыцця. Трэба сказаць, што гаворкі, у адрозненне ад літаратурнай мовы, нашмат багацейшыя лексічна. То бок гэта першы ўзровень, калі мы кажам пра мову. А па-другое, Падляшша цікавае само па сабе – і з боку гісторыі, і працэсаў, якія тут адбываліся, – дэмаграфічныя, міграцыйныя, гістарычныя. Гэта тэрыторыя, дзе сустракаюцца розныя народы, этнічныя групы, веравызнанні. Можам бачыць, з Сярэднявечча тут балцкі элемент быў. Далей была міграцыя людзей з паўночнага ўсходу – гэта з боку Гродна і Баранавічаў. З паўднёвага ўсходу – гэта значыць з Валыні.
Падляшша – гэта тэрыторыя, дзе на поўначы маем больш беларускага, на поўдні больш украінскага. Ёсць яшчэ пераходная тэрыторыя, дзе насельніцтва змешвалася, што добра бачна на прыкладзе мовы. Чым больш на поўнач – тым больш беларускіх элементаў, чым больш на поўдзень – тым больш украінскіх элементаў.
Этнічныя беларусы за межамі Беларусі
– Якія цяпер ёсць тэрыторыі, дзе пражываюць этнічныя беларусы, але па-за межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь?
– Калі мы кажам пра беларусаў, у тым ліку пра беларускія гаворкі, то зразумела, што яны прысутнічаюць не толькі ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь, але і ў суседніх краінах. Гэта тэрыторыя Польшчы, Літвы, Латвіі, Расійскай Федэрацыі і таксама Украіны. Можна сказаць, што там пераважна аўтахтоннае насельніцтва. Зразумела, была даволі вялікая эміграцыя, напрыклад, пасля Другой сусветнай вайны.
Калі мы гаворым пра ідэнтычнасць, то трэба падкрэсліць, што мова не заўсёды ідзе разам з ідэнтычнасцю. І добрым прыкладам гэтага зʼяўляецца Падляшша. Тут, дзе найбольш моцна насельніцтва дэкларуе беларускую ідэнтычнасць, мова мае ўжо больш пераходных элементаў ці ўкраінскіх. Найбольш моцная ідэнтычнасць беларусаў у рэгіёне паміж Бельскам-Падляскім, Гайнаўкай, тут моцнае пачуццё беларускасці. Калі мы паедзем на Сакольшчыну, то рэспандэнты часта кажуць, што яны палякі-католікі.
Калі гаворым пра беларускамоўную частку вясковага насельніцтва, то трэба падкрэсліць, што гэта насельніцтва вясковае. Калі кажам пра католікаў, я думаю, што блізу 90% маіх рэспандэнтаў дэкларавалі польскую нацыянальнасць, хоць яны ў штодзённым жыцці карыстаюцца беларускай гаворкай. У Латвіі сітуацыя была, у прынцыпе, падобная.
З іншага боку, калі разглядаем памежныя тэрыторыі Расійскай Федэрацыі з Беларуссю – гэта значыць паўднёвыя землі Пскоўскай вобласці ці заходняю Смаленшчыну, якія гістарычна былі часткай беларускіх зямель, Вялікага Княства Літоўскага, то цяпер 100% маіх рэспандэнтаў дэкларавалі рускае паходжанне.
На гэта, зразумела, уплывае шмат фактараў: гістарычныя, грамадскія ўмовы. Ці існавалі школы? Дваццаць гадоў маёй працы выдатна паказалі, што адным з самых важных фактараў, які ўплывае на падтрымку і фармаванне ідэнтычнасці, зʼяўляецца існаванне школы на мове этнічнай меншасці. Зразумела, школы не навучаюць на гаворцы, а на літаратурнай мове, але існаванне школы падтрымлівае і ідэнтычнасць, і гаворку як мову меншасці.
Таксама залежыць ад таго, ці гэтыя пазітыўныя фактары існавалі доўгатэрмінова. І трэба адзначыць, што найлепшыя і доўгатэрміновыя ўмовы тычацца тэрыторыі Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны тут існавалі школы з дадатковай беларускай мовай. Ва ўспамінах нашых рэспандэнтаў можна пачуць: «Я хадзіў у беларускую школу». У свядомасці чалавека гэта захавалася, як беларуская школа. Крыху горш умовы на тэрыторыі сучаснай Літвы. У Латвіі ў прынцыпе ўжо няма асобаў, якія карыстаюцца беларускімі гаворкамі, хоць шмат беларусаў жыве ў гарадах. Але яны пераважна рускамоўныя.
І найгоршая сітуацыя – на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. На тэрыторыі Пскоўскай вобласці, у прынцыпе, ніколі не існавалі беларускія школы. На Смаленшчыне ў 190-ых гадах былі беларускія школы, але ад таго часу прайшло 100 гадоў, працэс русіфікацыі адбываўся сістэматычна: няма школ, няма СМІ.
Важныя фактары захавання мовы і ідэнтычнасці
– Яшчэ адзін фактар, таксама вельмі важны, гэта кампактнасць – як шмат людзей з пэўнай ідэнтычнасцю і якія карыстаюцца адной мовай, пражывае на пэўнай тэрыторыі. Бо нават самы заўзяты беларус, беларускамоўны, які жыве адзін у вёсцы, што, напрыклад, поўная палякаў ці літоўцаў, ці рускіх, будзе не ў стане ўтрымаць сваю мову, таму што проста банальна няма з кім размаўляць на роднай мове.
– На Падляшшы, як выявілася, не ўсё так проста – многія рэспандэнты, сталыя людзі расказваюць гісторыі пра тое, як яны цярпелі пераслед акурат за тое, што былі адрозныя ад этнічных палякаў – сваёй верай, мовай. Нават здзіўляе, як гэтыя людзі па-ранейшаму прынцыпова падкрэсліваюць – мы праваслаўныя, многія захоўваюць у сем'ях мясцовую гаворку.
– Так, многія з нашых рэспандэнтаў распавядалі пра мінулае, што тут моцна дзейнічаў прынцып «свой-чужы» і апазіцыя «паляк-католік – беларус-праваслаўны».
Часам гэта часам было звязана і з рэпрэсіямі ці дыскрымінацыяй. Такія рэчы, на жаль, адбываюцца, калі ў краіне этнічная большасць мае амаль 100% насельніцтва. Я думаю, што гэта тэма, якую трэба было б моцна разбудаваць, падзяліць на розныя аспекты і ўзроўні. З аднаго боку, гэта палітыка Варшавы, то бок уладаў, якая таксама змянялася ўвесь час. Сучасная незалежная Польшча вядзе адкрытую да нацыянальных меншасцяў. Таму першае – гэта палітыка ўладаў, а другі ўзровень – гэта міжчалавечыя адносіны на рэгіянальным узроўні. Якія былі адносіны паміж звычайнымі людзьмі ў межах вёскі і паміж вёскамі? Тут многія вёскі былі толькі праваслаўныя, але былі таксама змяшаныя. Прайшло столькі гадоў ад розных непрыемных падзей, але шмат што застаецца ў памяці нашых рэспандэнтаў – апазіцыя, непрыемныя моманты, дыскрымінацыя, якая мела месца ў часы Другой сусветнай вайны і пасля яе. Але можам спадзявацца, што такіх момантаў больш не будзе, і гэта застанецца толькі гісторыяй.
вх