Беларуская Служба

Лось, які важыць 400 кг, нырае на пяць метраў. Ці ведалі вы?

12.09.2025 10:11
Дзень лася адзначаецца 16 верасня, каб спрыяць ахове ласёў у Польшчы, падкрэсліваючы іх ролю ў экасістэме і важнасць для польскай прыроды. 
.
.pixabay.com/CC0

Верасень выбраны на Дзень лася невыпадкова. У гэты час наступае перыяд размнажэння г.зв. гон. У верасні-кастрычніку досвіткам можна пачуць характэрны глухі стогн самцоў. Такім чынам яны выклікаюць супернікаў і падзываюць самак.

Калі казаць пра гісторыю ласёў, яны стагоддзямі былі натуральным элементам польскай прыроды. У пачатку 20 стагоддзя гэтая папуляцыя значна скарацілася з-за інтэнсіўнага палявання і знішчэння прыродных асяроддзяў пражывання. У Польшчы ў 1920-х і 1930-х гадах ласі практычна вымерлі. У цяперашні час жывёла ўключана ў спіс ахоўных відаў, на іх нельга паляваць. Дзякуючы гэтаму папуляцыя сапраўды хутка аднаўляецца.

Лось з'яўляецца сімвалам Кампіноскага нацыянальнага парку, які месціцца на ўзбярэжжах Варшавы. На гэтую тэрыторыю ласі вярнуліся ў 1951 годзе. Першыя асобнікі былі прывезеныя з Беларусі. У дадзеным моманце ў парку жыве каля 400 ласёў.

Мы папрасілі прэс-сакратара Кампіноса Магдалену Каміньску расказаць пра лася. Некаторыя факты могуць здзівіць.

- Што да такіх цікавых фактаў, дык ласі – выдатныя плыўцы, мала хто пра гэта ведае. Але тут аказваецца, што яны могуць плаваць на вялікія адлегласці і ныраць, нават на глыбіню да 5 метраў, у пошуках водных раслін, якімі яны харчуюцца. Кожны год самцы таксама скідаюць рогі на зіму, а вясной вырастаюць новыя. Гэтая жывёла сілкуецца раслінамі. Гэта цікава, бо, гледзячы на лася вагой каля 400 кг, некаторыя людзі часта пытаюцца, што ядуць ласі, бо яны такія вялікія. Толькі расліны! І тут аказваецца, што ласі маюць здольнасці есці таксічныя расліны, атрутныя для іншых жывёл. Яны траваедныя, дзякуючы чаму ўплываюць на раслінную разнастайнасць, дапамагаючы натуральным чынам рэгуляваць яе. І дзякуючы гэтым спосабам харчавання і перамяшчэння яны таксама ў пэўным сэнсе спрыяюць распаўсюджванню насення.

Што тычыцца поўсці, яны таксама адаптуюцца да зімы і скідаюць поўсць, як, напрыклад, сабакі. Іх доўгія ногі дазваляюць ім перамяшчацца па снезе. Калі ў нас даволі высокае снежнае покрыва, яны могуць перамяшчацца па ім без ніякіх праблем. Яны таксама прыстасаваныя да нізкіх тэмператур. Наадварот дрэнна спраўляюцца з вельмі высокімі тэмпературамі.

Магдалена Каміньска звяртае ўвагу, што лось выглядае вельмі велічна, выклікае пазітыўныя ўражанні. Аднак, ласі могуць уяўляць пагрозу для чалавека. Асабліва цяпер, калі ў іх перыяд гону, яны спалучаюцца ў пары. У гэты час жывёла можа быць асабліва небяспечнай. Падчас гону ўзбуджаныя самцы губляюць асцярожнасць і становяцца агрэсіўнымі, у выніку могуць напасці нават на чалавека:

- Асабліва карова з маладняком можа напасці на нас, калі адчувае пагрозу. Як яна гэта робіць? Бегаючы вельмі хутка, бо ласі таксама хуткія бегуны, яна можа хутка дагнаць нас, і тады мы можам быць удараныя яе пярэднімі капытамі, бо менавіта так яны нападаюць. Калі мы сустрэнем лася, то нельга падыходзіць бліжэй чым на 40 метраў, гэта мінімум. Насуперак знешнасці, лось не павольны, калі ён адчувае нейкую небяспеку, то можа быць вельмі хуткім. І яшчэ адзін цікавы факт, лось можа высока скакаць, агароджа, напрыклад, вышынёй паўметра, не зʼяўляецца перашкодай для лася. На жаль, ласі таксама становяцца ахвярамі такіх агароджаў, таму што калі такая агароджа высокая, з вострымі канцамі, лось можа проста павесіцца на гэтай агароджы і страціць жыццё. І ў нас было некалькі такіх выпадкаў у парку і ў буфернай зоне ў апошнія месяцы. Цяпер ужо некаторы час праводзіцца кампанія, ініцыяваная Кампіноскім нацыянальным паркам, каб пераканаць гаспадароў прыбраць вострыя канцы на агароджы, каб такая трагедыя не здарылася на іх плоце.

Калі лось апынецца на вашай тэрыторыі, трэба пачакаць, можна адчыніць браму, і жывёла сама пакіне вашу тэрыторыю, раіць прэс-сакратар Кампіносу Магдалена Каміньска.

Нягледзячы на намаганні па ахове прыроды, ласі ў Польшчы ўсё яшчэ сутыкаюцца з многімі праблемамі. Адной з галоўных пагроз зʼяўляецца пашырэнне інфраструктуры, якое фрагментуе іх асяроддзе пражывання і павялічвае рызыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам гэтых жывёл.

Акрамя таго, змяненне клімату і засухі ўплываюць на даступнасць водных рэсурсаў, якія неабходныя для выжывання ласёў. Засухі і змены ўзроўню вады ўплываюць на забалочаныя ўгоддзі, абмяжоўваючы доступ ласёў да прыдатных водных раслін і тэрыторый, дзе ласі могуць хавацца і харчавацца.

Нягледзячы на забарону палявання, гучаць заклікі да скарачэння папуляцыі ласёў з-за шкоды, якую яны могуць нанесці сельскагаспадарчым культурам. Балансаванне інтарэсаў аховы прыроды і сельскай гаспадаркі зʼяўляецца адной з праблем.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце