Беларуская Служба

Польскія ўлады не будуць караць палякаў, якія ваююць супраць Расіі ва Украіне

24.09.2025 12:06
Цяпер служба ў войску іншай краіны без згоды кампетэнтных органаў караецца ў Польшчы пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.
 a .
Будынак Сеймa Польшчы.By I, Kpalion, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2247495

Пачалася праца над законапраектам па справе амністыі палякаў, якія ваююць ва Украіне. Нагадваем, паводле дзеючага Крымінальнага кодэкса, «той, хто, будучы грамадзянінам Польшчы, прымае вайсковыя абавязкі ў замежнай арміі або ваеннай арганізацыі без згоды кампетэнтнага органа, падлягае пазбаўленню волі на тэрмін ад трох месяцаў да пяці гадоў», нагадвае infotuba.pl.

Першае чытанне законапраекта, які ў снежні 2024 года афіцыйна ўнеслі дэпутаты «Грамадзянскай кааліцыі», запланаванае на першую сесію Сейма ў кастрычніку.

«Прававая сітуацыя з польскімі грамадзянамі, якія ваююць на баку Украіны, павінна быць вырашаная даўно», – кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita намеснік старшыні Сеймавай камісіі нацыянальнай абароны Павел Сускі з «Грамадзянскай кааліцыі».

Законапраект прадугледжвае, што служба ва Узброеных сілах Украіны і набор польскіх грамадзян або замежнікаў, якія пражываюць у Польшчы, ва ўкраінскую армію «даруюцца і забываюцца». Законапраект таксама патрабуе, каб інфармацыя аб гэтым паведамлялася польскім уладам.

Афіцыйная пазіцыя ўрада была прадстаўлена ў канцы жніўня 2025 года.

Колькі палякаў ваюе супраць Расіі ва Украіне?

У ліпені 2023 года Мінабароны Расіі апублікавала сваю справаздачу, з якой вынікае, што з пачатку вайны ва Украіну прыбыло больш за 11 500 добраахвотнікаў. Паводле расійскага боку, найбольшую групу складалі палякі – 2 600 чалавек. На другім месцы былі амерыканцы і канадцы – каля 1 000 чалавек, за імі ішлі грузіны – 800 чалавек. Таксама чакалася прыбыццё некалькіх сотняў чалавек з Вялікабрытаніі, Румыніі, Харватыі і Францыі, паведамляў тады тыднёвік Wprost.pl.

Невядома, колькі грамадзян Польшчы далучылася да ўкраінскага войска пасля расійскай агрэсіі, але, паводле ацэнак, гэта можа быць нават некалькі сотняў.

«Праз украінскія падраздзяленні маглі прайсці дзясяткі, а максімум некалькі сотняў чалавек з польскімі пашпартамі», – кажа Павел Сускі. «Сярод іх ёсць людзі, якія не маюць сувязі з Украінай, якія ваююць з патрэбы сэрца, але таксама добраахвотнікі з украінскай меншасці ў Польшчы і палякі, якія жывуць ва Украіне», – пералічвае палітык.

Пакуль, невядомыя выпадкі, калі польскі суд пакараў грамадзяніна Польшчы за службу ва ўкраінскім войску. Пракуроры, хутчэй за ўсё, разумеюць абсурднасць гэтага палажэння.

У ацэнцы законапраекта, якую прадставіў урад, сярод іншага, гаворыцца, што палякі, якія ваююць ва Украіне, спрыяюць знешняй бяспецы Польшчы. Аўтары законапраекта хочуць, каб амністыя ахоплівала тэрмін да 31 снежня 2026 года.

Колькі палякаў загінула?

Палякі, якія ваююць ва Украіне, гэта, у асноўным, людзі з ваенным вопытам. Яны дзейнічаюць у такіх падраздзяленнях, як Беларускі полк Кастуся Каліноўскага, Украінскі міжнародны легіён і Польскі добраахвотніцкі корпус.

Для многіх палякаў, якія ваююць ва Украіне, першым «прыпынкам» з'яўляецца менавіта Украінскі замежны легіён, таксама вядомы як Міжнародны легіён Узброеных Сіл Украіны.

Падраздзяленне было сфарміравана ў першыя дні расійскага ўварвання ва Украіну як падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны.

Як паведамляў у 2024 годзе партал e-ukraina.pl, з моманту стварэння фарміравання памерлі або былі забітыя 289 яго членаў, у тым ліку, 12 палякаў.

аз