Чарговы раз на сярэднявечным гарадзішчы ў Збучы, якая знаходзіцца на Гайнаўшчыне ў Падляшскім ваяводстве, прайшоў археалагічны фэст. У ім удзельнічалі музыкі, рыцары-рэканструктары, рукадзельніцы і шматлікая публіка, якая з’ехалася з наваколля.
Фота:
Войт гміны Чыжы Юры Васілюк лічыць, што пры ўсёй шматлікасці фэстаў на Беласточчыне, Археалагічны фэст у Збучы — гэта сапраўды адметнае свята.
— Чым жа імпрэза такая асаблівая? Бо мы заглыбляемся ў гісторыю. На фестывалі паказваем сярэднявечнае рамяство, дэманструем, як яно выглядала ў даўнія часы. Мы запрашаем далучыцца да гэтай старадаўняй атмасферы: можна пабачыць, як некалі маглі адбывацца бітвы, паглядзець сапраўдныя сярэднявечныя строі і зброю. Тут ёсць крамкі з вырабамі рамеснікаў нашага рэгіёна. Мясцовыя майстры ахвотна прадстаўляюць свае працы.
Фота: Яраслаў Іванюк
Рыцар-рэканструктар Юрый Брауэр:
— Я з дружыны «Крыві», але зараз мы знаходзімся ў лагеры польскай дружыны «Вінланд». Яны запрасілі мяне прыехаць разам з імі на такое цудоўнае мерапрыемства. На гэтым фестывалі мы паказваем, як змагаліся ваяры ў раннім сярэднявеччы. Мы таксама паказваем розныя элементы гістарычнага строю, розныя рысы сярэднявечнай культуры. Можна паглядзець на шмат рэчаў і, што важна, можна задаць свае пытанні, якія цікавяць людзей, што сюды прыйшлі. Калі мяне пытаюцца, што такое рэканструктарства і ці гэта проста забава для дарослых мужчын, мне заўсёды цяжка дакладна растлумачыць. Я займаюся гэтым амаль чвэрць стагоддзя, і для мяне гэта ўжо частка жыцця. Калі пытаюць, ці гэта проста забава, я адкажу, што асабіста для мяне — не. Гэта ўжо частка майго жыццёвага шляху. Але для тых, хто толькі пачынае займацца рэканструктарствам, безумоўна, спачатку гэта ў першую чаргу забава. Звычайна мужчыны прыходзяць, каб паўдзельнічаць у розных бітвах і імпрэзах. Дзяўчаты, як правіла, цікавяцца больш культурным бокам — ім цікава зрабіць свой строй, даведацца нешта новае, напрыклад, як у тыя часы гатавалі ежу, і гэтак далей. Калі пытаюцца, ці бываюць такія бітвы небяспечныя, адкажу: так, бывае і небяспечна. Але ў большасці выпадкаў усё даволі бяспечна. Галоўнае — падыходзіць да гэтага з пункту гледжання асабістай бяспекі: трэба мець добрыя даспехі, трэба трэніравацца. І, вядома, трэба выбіраць такія мерапрыемствы, дзе арганізатары забяспечваюць умовы, каб падчас бітваў нічога дрэннага не здарылася.
Слухайце поўны рэпартаж у далучаным гукавым файле
Яраслаў Іванюк
Археалагічны фэст у Збучы
Археалагічны фэст у Збучы
Археалагічны фэст у Збучы
Археалагічны фэст у Збучы