Беларуская Служба

Украінскія машыністы перакідвалі на лакаматывах у Польшчу хлопцаў, якія не хацелі служыць у арміі

27.09.2025 07:03
За кожнага нелегальнага пасажыра яны бралі не менш за 10 тыс. долараў.
Чыгункаsucco/pixabay.com/CC0 Public Domain

Двум украінскім машыністам цягнікоў прад'яўленыя абвінавачванні ў тым, што яны перакідвалі праз мяжу людзей у лакаматывах, паведамляе партал Interia. Чыгуначнікі хавалі маладых украінцаў у цягніках, якія ішлі ў польскі Пшэмысль. За кожнага нелегальнага пасажыра яны бралі не менш за 10 тыс. долараў.

Бяшчадскі атрад Памежнай службы Польшчы паведаміў, што пагранічнікі са станцыі «Медыка» сумесна з Жэшаўскім ваяводскім упраўлення паліцыі ліквідавалі канал незаконнай перакідкі мігрантаў.

Паводле праваахоўнікаў, украінскія чыгуначнікі хавалі маладых мужчын у лакаматывах міжнародных цягнікоў, якія ішлі з Украіны ў памежны Пшэмысль.
Паліцыя затрымала двух машыністаў, абодва – грамадзяне Украіны.
«Ім прадʼяўленае абвінавачанне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы Рэспублікі Польшча», – паведаміла Памежная служба.
Машыністы не прызналіся ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў.

Следства ахапіла не толькі машыністаў: былі таксама затрыманыя два грамадзяне Украіны, якія ўехалі ў ЕС праз нелегальны канал.
Ім прадʼяўленае абвінавачанне ў незаконным перасячэнні мяжы. Яны прызналі сябе вінаватымі ў прадʼяўленых абвінавачаннях і растлумачылі, што іх дзеянні былі накіраваны на тое, каб пазбегнуць прызыву ў войска. «Справа расследуецца, і нельга выключаць далейшых арыштаў», – паведаміла Памежная служба.

вс