Беларуская Служба

«Гаворыць Варшава». Польскае радыё адзначае 100-годдзе (ФОТА/ВІДЭА)

30.09.2025 16:27
Сёння ў Музеі гісторыі Польшчы адбудзецца ўрачысты канцэрт, на які запрошаныя ўсе супрацоўнікі Польскага радыё і госці.
Аўдыё
  • Польскае радыё адзначае 100-годдзе
      ,
«Залаты мікрафон» – радыйны «Оскар» Польскага радыё, які ўручаецца вядомым журналістам дзяржаўнага радыёPolskie Radio/Cezary Piwowarski

Польскае радыё адзначае 100-годдзе. З гэтай нагоды пройдуць юбілейныя мерапрыемствы, а ў эфіры розных каналаў дзяржаўнай станцыі прагучаць перадачы, прысвечаныя гісторыі і сённяшняму дню кампаніі. Галоўным акцэнтам святкавання стане ўрачысты канцэрт у Варшаве, на які запрошаныя ўсе супрацоўнікі Польскага радыё і госці.

відэа: сюіта, напісаная да 100-годдзя Польскага радыё кампазітарам Лукашам L.U.C Расткоўскім

Вяшчанне Польскае радыё пачало 1 лютага 1925 года, хоць юрыдычна як кампанія дзяржаўная радыёстанцыя Польшчы была створаная крыху пазней – у жніўні таго ж года.

Першая ў свеце радыёстанцыя выйшла ў эфір у лістападзе 1920 года ў амерыканскім Пітсбургу, а першым у Эўропе стала Радыё «Масква»: яно выйшла ў эфір 22 сакавіка 1922 году.

Аўтамабіль Польскага радыё для прамых трансляцый, 1939 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Аўтамабіль Польскага радыё для прамых трансляцый, 1939 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

1920-я гады – гэта перыяд імклівага развіцця радыёвяшчання ў свеце. І хоць да стварэння радыё «Варшава» ўжо 17 еўрапейскіх краін мелі свае радыёстанцыі, то Польшча не была апошняй: пазней былі створаныя станцыі ў Румыніі, Партугаліі, Балгарыі, Люксембургу, Грэцыі і краінах Балтыі.

Увогуле пачаткі Польскага радыё сягаюць 1923 года, калі ў Варшаве было створанае Польскае радыётэхнічнае таварыства: фірма, якая займалася выпускам радыёпрыёмнікаў і запчастак. Сядзіба таварыства знаходзілася на вуліцы Нарбута, і менавіта пазней з гэтага месца ў эфір пайшоў першы сігнал Польскага радыё. Згаданы будынак існуе па сённяшні дзень. Пару гадоў таму на ім была ўстаноўленая дошка ў памяць аб гэтай гістарычнай падзеі.

У студыі Польскага радыё, даваенны час. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe У студыі Польскага радыё, даваенны час. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

І вось, 1 лютага 1925 года. Дакладна а 18.00 гадзіне пачалося вяшчанне словамі «Вы слухайце тэставую радыёстанцыю Польскага радыётэхнічнага таварыства, хваля 385 метраў..».. Гэтыя словы сказаў інжынер Раман Руднеўскі, адзін з заснавальнікаў Польскага радыё.

архіўны запіс – слухайце аўдыёфайл

Польскае радыё, 1927 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Польскае радыё, 1927 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

У першай перадачы было заяўлена, што пачынаючы з 1 лютага штодня з 18-й да 19-й гадзіны можна слухаць варшаўскае радыё. У перадачах выступалі вядомыя акторы, музыканты, артысты і навукоўцы. Прычым выступалі бясплатна, бо ім была цікавая навінка, яны хацелі паспрабаваць нешта новае. Праз некалькі дзён у перадачах пачалі зачытваць прагнозы надвор’я паводле зводак Дзяржаўнага метэаралагічнага інстытуту і паведамленні Польскага тэлеграфнага агенцтва. У канцы лютага таго ж года прэса пачала друкаваць праграму Польскага радыё. На хвалях таксама гучала ранішняя гімнастыка, якую вёў лекар, прафесійны спартовец і трэнер Караль Гофман.

архіўны запіс – слухайце аўдыёфайл

Радыё пачало развівацца ня толькі ў Варшаве. Польскія ўлады разумелі важнасць існавання новага СМІ і ў рэгіёнах. Пачынаючы з 1927 года ствараюцца радыёстанцыі ў ваяводскіх гарадах. Спачатку быў Познань, пазней – Катавіцэ, а вось у студзені 1928 года пачало працу Радыё «Вільня», якое ахапіла сваім вяшчаннем значную частку Заходняй Беларусі.

архіўны запіс – слухайце аўдыёфайл

У 1935 годзе была створаная «Варшава 2», а вось 1 ліпеня 1938 года пачало працаваць радыё ў Баранавічах, якія ў той час уваходзілі ў склад Навагрудскага ваяводства Польшчы. Прычым тады баранавіцкае радыё было адным з найбольш сучасных сярод рэгіянальных станцый у тэхнічным і інфраструктурным плане. Дарэчы, будынак захаваўся па сённяшні дзень.

Штаб-кватэра Польскага радыё. Krzysztof Kossowski/Polskie Radio Штаб-кватэра Польскага радыё. Krzysztof Kossowski/Polskie Radio

Сёння Польскае радыё – гэта чатыры агульнапольскія ФМ-каналы, канал замежнага вешання, а таксама шматлікія каналы (для дзяцей, для кіроўцаў, з музыкай Шапэна, маладзёвы і г.д.), якія вядуць вяшчанне ў інтэрнэце і ў лічбавым фармаце. Акрамя таго, Польскае радыё – гэта мультымедыйны СМІ, які прасоўвае сваю інфармацыйную прадукцыю праз шматлікія сайты, сацыяльныя сеткі, аўдыё- і відэаплатформы.

30 верасня ў Музеі гісторыі Польшчы адбудзецца ўрачысты канцэрт, на які запрошаныя ўсе супрацоўнікі Польскага радыё і госці, у тым ліку высокапастаўленыя. На канцэрце выступяць зоркі польскай музычнай сцэны.

З нагоды 100-годдзя Польскага радыё некаторыя яго супрацоўнікі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды – медалі і ордэны.

Валеры Саўко