У апошнія гады ў Еўропе кажуць пра феномен украінскага валанцёрства, то бок масавай і добраахвотнай узаемадапамогі грамадзян у крытычныя моманты. Так было падчас «Памаранчавай рэвалюцыі» 2004 года, «Рэвалюцыі годнасці» 2014 года і расійскай агрэсіі 2022-га года. Увесь свет быў уражаны тым, як украінцы самаарганізоўваліся ў адстойванні сваіх правоў ды суверэннасці.
Па сённяшні дзень валанцёрства ва Украіне застаецца заўважным грамадскім феноменам. У краіне дзейнічаюць дзясяткі буйных арганізаваных фондаў, сістэмных валанцёраў, і тысячы «нябачных» людзей, якія дапамагаюць войску па закліку душы, што ўтварае ўнікальную гарызантальную сістэму сувязей у грамадстве.
Мы наведалі адну з такіх ініцыятыў - валанцёрскі цэнтр «Львів Опір», - дзе збіраюцца неабыякавыя людзі розных прафесій, якія выбралі быць апорай для вайскоўцаў на фронце ў ваенны час, з разуменнем таго, што толькі разам Украіна можа выстаяць. Прадстаўніца цэнтру Ірына Кмець паразмаўляла з Польскім радыё, пра тое, што такое валанцёрства сёння для ўкраінцаў.
У 2022-м годзе, кал пачалася расійская агрэсія, адказам украінцаў была вялізарная салідарнасць і масавая народная актыўнасць. Што дзеецца цяпер, валанцёрства працягваецца?
— Так, у 2022 годзе грамадствам кіраваў і страх, і жаданне перамагчы, адолець гэтае зло за кароткі час. Шмат людзей далучылася да валанцёрскай працы, да сумесных дзеянняў у розных формах. З цягам часу мы зразумелі, што вайна зацягваецца, вораг дзейнічае рознымі метадамі і ў розных формах, і мы не зможам яго спыніць за кароткі час. Гэта, і шэраг іншых фактараў паўплывалі на тое, што людзі больш неахвотна працуюць, але ў цэлым мы выстаялі, згуртаваліся ды разумеем, што робім. Нягледзячы на ўнутраную знясіленасць, мы ўзбагаціліся новым вопытам, новымі ведамі, мы разумеем, якая форма дапамогі найбольш патрэбна арміі. На прыкладзе нашага валанцёрскага цэнтра мы бачым, што захоўваецца ўцягнутасць грамадства ў цэлым, працягваецца фармаванне грамадзянскай супольнасці.
Быць валанцёрам сёння — гэта выклік, гэта сур'ёзная адказнасць перад сабой і перад іншымі, кажа Ірына
— Мы бяром на сябе адказнасць, як бы цяжка ні было, бо кожны з нас, хто тут прысутнічае ў «Львів Опір», мае сям'ю, мае шмат абавязкаў на працягу дня, але ў той жа час знаходзіць сілы, каб быць і тут. Гадзіну таму да нас прыходзіў салдат з фронту. Мы наладжваем сувязь з рознымі брыгадамі дыстанцыйна, і здараецца, што салдаты прыязджаюць сюды, у Львоў, шукаюць нас, бо хочуць убачыць, пазнаёміцца і непасрэдна падзякаваць нам за тое, што мы робім. Гэта вельмі кранальныя для нас. Мы разумеем, што наша прысутнасць надзвычай важная для іх, як маральна, так і фізічна. Мы з'яўляемся для іх апорай, і тое, што мы робім, — гэта наша форма супрацьстаяння злу. Ваенныя, са зброяй у руках, абараняюць нашу незалежнасць і ідэнтычнасць еўрапейскіх краін, а мы тут, на сваім узроўні робім, што можам, каб іх падтрымаць.
Валанцёрамі становяцца людзі рознага ўзросту ды рознай прафесіі, кажа Ірына.
— У большасці сваёй сярод нас ёсць гуманітарыі, школьнікі і студэнты, я філолаг па адукацыі, калегі — гісторыкі, музейныя работнікі, бухгалтары, лекары. Гэта значыць, розныя людзі па сферы сацыяльнай рэалізацыі, але нас аб'ядноўвае адзіная мэта — пераадолець зло, выгнаць ворага з нашага дому, захаваць сваю ідэнтычнасць. Таму што мы разумеем, што вайна не ідзе за зямлю, за тэрыторыю, гэта вайна за глыбокія пытанні ідэнтычнасці, за права называць сябе ўкраінцамі. На прыкладзе нашай дзейнасці, мы таксама можам выбудоўваць формы супрацьдзеяння гэтаму злу ў больш шырокіх маштабах.
У такія часы хіба прасцей прыходзіць і нешта рабіць, чым самотна сядзець дома. Гэта нейкі элемент псіхалагічнай дапамогі?
— Безумоўна. Да нас далучаюцца сем'і, дзе вайскоўцы служаць на перадавой, альбо сем'і, дзе ёсць загінулыя, тыя, хто сутыкнуўся з псіхалагічнымі праблемамі, якія ўзнікаюць у ваенны час. Каб ім дапамагчы, мы тут шмат чаго робім самі. Мы робім камуфляжную абарону для вайскоўцаў. Гэта і сеткі, і камуфляжная вопратка рознай формы. Мы вырабляем розныя віды запальных прылад, якія, непатрэбныя ў горадзе ці на тэрыторыі, не ахопленай вайной, і мы імі не карыстаемся кожны дзень. Але менавіта вайскоўцы часта іх замаўляюць, і мы дапамагаем, бо ў палявых умовах яны вельмі патрэбныя. Таму ў такой штодзённай руціннай працы чалавек можа забыцца пра нейкія глыбокія клопаты, і пры гэтым знайсці сваё прызначэнне і адчуць сваю датычнасць і саўдзел у тым, што мы называем барацьбой за незалежнасць.
За гэтыя чатыры гады вам цяпер прасцей ці складаней стала працаваць, напрыклад, знаходзіць сродкі?
— Ніколі не было лёгка. У 22-м годзе ў нас не было ведаў, не было неабходнага вопыту, але ў нас было шмат энергіі, была выразная мэта, і мы прыкладалі максімальныя намаганні для дасягнення яе. З часам, у працэсе зносін з вайскоўцамі мы разумелі, што менавіта ім патрэбна. Мы зразумелі, дзе шукаць рэсурсы. Калі мы не можам зрабіць самастойна, мы супрацоўнічаем з іншымі валанцёрамі ці ва Украіне, ці за мяжой. У нас з'явіўся неабходны вопыт, як будаваць лагістыку нашай працы. Так, ёсць цяжкасці з пошукам рэсурсаў, гэта пастаянна. Ёсць цяжкасці з актывізацыяй і матывацыяй адпаведных сацыяльных груп і заахвочваннем іх да падтрымкі. Гэтыя праблемы ўзнікаюць на фоне стомленасці і выгарання. Таму зараз мы знаходзімся на такім крыху іншым этапе, але, нягледзячы ні на што, мы не спыняемся. Наша мэта яшчэ не дасягнутая, і ўсё, што адбываецца ў рамках нашай арганізацыі, а мы дзейнічаем як дабрачынны фонд, усё гэта гарантуецца воляй і добразычлівай падтрымкай неабыякавых людзей. Тых людзей, якія разумеюць, што мы робім. Гэта значыць, усё, што мы можам атрымаць, набыць, абмяняць дзесьці, супрацоўнічаць з іншымі дабрачынцамі, усё гэта адбываецца на аснове даверу, адказнага супрацоўніцтва і справаздачнасці.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч