61% кантэнту пра здароўе і выхаванне дзяцей на платформе TikTok утрымлівае дэзынфармацыю, пра гэта сведчаць даследаванні Медыцынскага цэнтра Універсітэта Усходняй Караліны(East Carolina University Health Medical Center), якія прыводзіць старонка rynekzdrowia.pl.
Паводле даследавання, вынікі якога былі прадстаўленыя на канферэнцыі Амерыканскай акадэміі педыятрыі, у стварэнні зманлівага кантэнту ўдзельнічаюць бацькі і інфлюэнсеры, а фэйкавыя навіны больш папулярныя, чым надзейны кантэнт.
У стварэнні зманлівага кантэнту дамінуюць бацькі і інфлюэнсеры
Даследчыкі прааналізавалі папулярныя відэа з платформы TikTok, пазначаныя рознымі хэштэгамі, якія адносяцца да здароўя. Відэа былі класіфікаваны па асобе стваральніка (бацька, уплывовая асоба, медыцынскі работнік або ананім), тэме кантэнту, наяўнасці дэзынфармацыі і паказчыках узаемадзеяння, уключаючы прагляды, лайкі і рэпосты.
Дэзынфармацыя была вызначана як кантэнт, які супярэчыць рэкамендацыям Амерыканскай акадэміі педыятрыі або Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў.
61% са 120 прааналізаваных відэа ўтрымліваў кантэнт, які супярэчыў педыятрычным рэкамендацыям.
Жахлівы ўплыў дэзынфармацыі
Большасць такіх відэа (80%) былі створаны бацькамі і ўплывовымі асобамі, а не асобамі з медыцынскай або сумежнай адукацыяй. Даследчыкі звяртаюць увагу на трывожную выснову – відэа, якія змяшчаюць дэзынфармацыю, зафіксавалі ўдвая большую колькасць праглядаў сярод карыстальнікаў (у сярэднім 583 000 праглядаў на відэа), чым кантэнт, заснаваны на доказах (214 000 праглядаў на відэа).
Найбольш распаўсюджанай дэзынфармацыяй былі: сумневы ў бяспецы вакцынацыі (36%), прапаганда натуральных сродкаў замест правераных метадаў лячэння (29%), міфы пра грудное гадаванне і харчаванне немаўлят (18%) і адмова ад традыцыйнай педыятрычнай дапамогі (17%).
«Гэтае даследаванне паказвае, як хутка ілжывая інфармацыя пра здароўе можа распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках і наколькі важна для нас дапамагаць бацькам інтэрпрэтаваць кантэнт, які яны знаходзяць у сеціве», – сказала вядучы аўтар даследавання, доктар Марыя А. Канас-Галвіс.
аз