Беларуская Служба

Нобелеўскую прэмію па эканоміцы прысудзілі даследчыкам, якія паказалі, як інавацыі вядуць да росквіту

13.10.2025 14:44
Нобелеўскую прэмію па эканоміцы атрымалі даследчыкі, якія даказалі: сапраўдны рухавік сусветнага дабрабыту — не капітал, а інавацыі.
Аўдыё
  • Нобелеўскую прэмію па эканоміцы прысудзілі даследчыкам, якія паказалі, як інавацыі вядуць да эканамічнага росквіту
C   ,      ,
Cёлетнія лаўрэаты Джоэл Мокір, Філіп Агіён і Пітэр Хоўіт патлумачылі, як інавацыі даюць імпульс для далейшага прагрэсуPAP/EPA/ANDERS WIKLUND

Нобелеўскую прэмію па эканоміцы за 2025 год атрымалі вучоныя, чые даследаванні растлумачылі, як інавацыі і тэхналагічны прагрэс спрыяюць росту дабрабыту ў грамадстве.

Палова прэміі дасталася Джоэлу Мокіру з Паўночна-Заходняга ўніверсітэта ЗША. Другую палову падзялілі паміж сабой Філіп Агіён з французскага Калеж дэ Франс і Пітэр Хоўіт з Лонданскай школы эканомікі.

«За апошнія два стагоддзі свет упершыню ў гісторыі назіраў устойлівы эканамічны рост. Гэта дазволіла мільёнам людзей выбрацца з беднасці і заклала падмурак нашага дабрабыту. Лаўрэаты — Джоэл Мокір, Філіп Агіён і Пітэр Хоўіт — патлумачылі, як інавацыі становяцца рухавіком далейшага прагрэсу», — абвясціў вердыкт генеральны сакратар Каралеўскай шведскай акадэміі навук Ганс Элегрэн.

Джоэл Мокір нарадзіўся ў сям’і галандскіх яўрэяў, якія перажылі Халакост. Дзяцінства правёў у Хайфе пад апекай маці. Эаканаміст атрымаў ступень бакалаўра гісторыі і эканомікі ў Ерусалімскім універсітэце, а магістарскую і доктарскую — у Ельскім універсітэце. З 1974 года выкладае ў Паўночна-Заходнім універсітэце (ЗША) і з’яўляецца прафесарам Школы эканомікі Тэль-Авіўскага ўніверсітэта.

Філіп Агіён родам з Парыжа. Ён атрымаў ступені магістра і доктара ў Сарбоне, а таксама абараніў доктарскую працу па эканоміцы ў Гарвардскім універсітэце. Працягвае навуковую дзейнасць у Калеж дэ Франс, бізнес-школе і даследчым інстытуце INSEAD, а таксама ў Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук.

Пітэр Хоўіт, ураджэнец Таронта, скончыў універсітэт Макгіла (бакалаўр), універсітэт Заходняга Антарыё (магістр), а доктарскую ступень атрымаў у Паўночна-Заходнім універсітэце. Сёння працуе ў Браўнаўскім універсітэце ў штаце Род-Айлэнд.

Нагадаем, у 2024 годзе прэмію атрымалі Дарон Асэмоглу, Джэймс Робінсан і Сайман Джонсан — таксама за даследаванні ролі інстытутаў і тэхналагічнага развіцця ў эканамічным росце.

Асаблівасці прэміі

Эканоміка — адносна маладая навука, і ў тастаменце Альфрэда Нобеля яна не згадвалася. Прэмія па эканоміцы з’явілася толькі ў 1968 годзе, калі Цэнтральны банк Швецыі перадаў буйны фінансавы ўнёсак Нобелеўскаму фонду з нагоды свайго 300-годдзя. Таму фармальна яна не ўваходзіць у спіс класічных нобелеўскіх прэмій, але ўручаецца па тых жа правілах і на той жа цырымоніі.

Першыя лаўрэаты — галандзец Ян Тынберген і нарвежац Рагнар Фрыш — былі адзначаныя за піянерскія працы ў галіне эканаметрыі і мадэлявання эканамічнай дынамікі.

Эканаміст польскага банка Pekao S.A. Себасцьян Рой адзначае, што такой узнагародай значна павышаецца міжнародны прэстыж не толькі самаго навукоўца, але і установы, дзе працуе лаўрэат:

«Нават не самая прэстыжная навуковая прэмія прыводзіць да рэзкага росту вядомасці і цытаванасці. Ужо праз некалькі гадоў пасля ўзнагароды лаўрэат можа разлічваць на павелічэнне колькасці спасылак на свае працы на дзясяткі і сотні працэнтаў».

Паводле эксперта, у апошнія гады прэмію прысуджалі, між іншым, за даследаванні фінансавых крызісаў, уплыву прававых інстытутаў на эканамічны рост і за развіццё тэорыі гульняў.

Прэмія прадугледжвае грашовае ўзнагароджанне ў памеры каля 1 мільёна долараў і залаты медаль асаблівага кшталту.

Нагадаем, што ў пятніцу, 10 кастрычніка, Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада, а Нобелеўскай прэміяй па літаратуры быў уганараваены венгерскі пісьменнік Ласла Краснагоркаі.

iar/pr/эж