Беларуская Служба

«Мы жывём у эпіцэнтры вайны!»

13.10.2025 17:12
Так апісваюць сваю штодзённасць жыхары вядомага і папулярнага ў Беларусі ўкраінскага горада – Адэсы.
Аўдыё
  • Вольга Гваздэцка пра жыццё ў Адэсе ва ўмовах расійскай агрэсіі
Наступствы расійскага абстрэлу АдэсыPAP/Alena Solomonova

З пачатку расійскага ўварвання славуты курорт знаходзіцца пад частымі ды рэгулярнымі абстрэлам. Мірныя жыхары тут гінуць штодня, але нягледзячы на складаныя ўмовы, гараджане імкнуцца жыць нармальным жыццём, кажа адэская блогерка і журналістка Вольгай Гваздэцка.

Ужо 4 год Украіна жыве ва ўмовах поўнамаштабнай расійскай агрэсіі, сітуацыя на фронце напружаная сітуацыя, мірныя гарады часта становяцца цэлямі расійскіх бамбардзіровак, асабліва моцна Расія абстрэльвае Украіну апошнія тыдні. На Захадзе гэтую сітуацыю перастаюць заўважаць, некаторыя нават кажуць, што там за вайна, калі на YT мы бачым ролікі з Кіева, Львова, ці  Адэсы, дзе людзі шпацыруюць ці адпачываюць на пляжы.

Пра тое, што адчуваюць украінцы штодня, жывучы ва ўмовах агрэсіі мы паразмаўлялі з вядомай украінскай журналісткай і валанцёркай Вольгай Гваздэцкай.

— Нядаўна адна з маіх калег напісала пост у сацыяльных сетках пра тое, што людзі за мяжой, у тым ліку тыя, хто дапамагае Украіне, яны хочуць, каб мы тут паміралі кожную секунду. Тады іх дапамога будзе здавацца ім апраўданай. Калі шчыра, мы паміраем кожны дзень і ў эмацыйным сэнсе, і ў літаральным сэнсе, таму што амаль пасля кожнай авіяатакі рашістаў, у прыватнасці ў Адэсе, у Адэскай вобласці, у нас ёсць ахвяры або моцна параненыя людзі. Вядома, у нас няма такой жахлівай сітуацыі, як, скажам, у Сумах ці ў Сумскай вобласці, як у Харкаве ці ў Харкаўскай вобласці, як у Херсоне ці Херсонскай вобласці, але авіяатакі амаль штодзённыя. Як правіла, яны адбываюцца ўначы. Яны становяцца страшным выпрабаваннем для людзей, якія тут жывуць.

Вольга распавяла пра свой асабісты досвед жыцця пад расійскімі абстрэламі. Гэта вельмі складана, у першую чаргу псіхалагічна.

— Я жыву недалёка ад мяжы з Адэсай, у вялікім жылым раёне, у якім ужо недзе 30-40 тысяч жыхароў. Гэта невялікі гарадок, які афіцыйна не лічыцца горадам, да таго ж ён вельмі густанаселены. У гэтым раёне мноства шматпавярховых будынкаў, і яны размешчаны побач з ваенным аэрадромам, які называецца «Шкільны». Там, напэўна, ужо нічога жывога няма, бо ў 2022 годзе, на пачатку паўнамаштабнага ўварвання, рашысты пастаянна яго бамбілі. Мы гэта адчувалі, бо знаходзіліся побач. Цяпер яны працягваюць перыядычна абстрэльваць лётнішча ды іншыя месцы вакол нашага жылога раёна. Апошнія буйныя атакі былі настолькі жахлівыя, што ў мяне была першая панічная атака амаль за 4 гады паўнамаштабнага ўварвання. Я думала, што я чалавек, які не схільны да такіх псіхалагічных станаў, але ў той момант была вельмі масіраваная атака. Усяго ляцела блізу, калі не памыляюся, 17 беспілотнікаў, ляцелі ў адну кропку без перапынку.

Гэта новая расійская тактыка абстрэлаў, больш небяспечная для цывільнага насельніцтва, зазначае суразмоўца.

— Расія цяпер спачатку падымае беспілотнікі над морам, потым збірае іх і накіроўвае ​​вялікай групай на адну цэль. І яны ляцяць літаральна адзін за адным з жахлівым гукам. Зараз ва Украіне журналісты ўмоўна называюць гэтыя беспілотнікі рэактыўнымі, таму што яны вельмі хуткія, яны набіраюць значна большую хуткасць, чым беспілотнікі, якія былі ў 2022-2023 гадах. Таму нашым сілам СПА іх значна цяжэй збіваць. Яшчэ адна асаблівасць, яны ляцяць альбо вельмі, вельмі высока, з-за чаго іх амаль немагчымым збіваць, альбо вельмі, вельмі нізка, тады іх наогул цяжка зафіксаваць. Яны выдаюць такі гук, я не магу вам яго перадаць. Гэта дзікі скрыгат, ад якога думаеш, што ў гэтую секунду ты загінеш, ты памрэш, бо ён ляціць прама на цябе. Я шмат размаўляла з суседзямі, сваякамі, сябрамі, людзям  вельмі цяжка ад такога потым ачуняць, ад такіх нападаў яны вельмі, вельмі доўга адыходзяць. Вельмі цяжка раніцай сабрацца з думкамі, вярнуцца на працу, вучыць дзяцей, лячыць людзей, падтрымліваць чысціню на вуліцах і дарогах, сапраўды жыць, спрабаваць жыць нармальным жыццём. Але мы гэта робім.

Найгоршы момант быў на пачатку расійскай агрэсіі, але цяпер людзі вяртаюцца ў горад, яны намагаюцца жыць нармальным жыццём, зазначае Вольга Гваздэцка.

— У 2022 годзе Адэса была пустая. Я заставалася ва Украіне, бо было шмат працы. Мой тэлеканал яшчэ працаваў, толькі потым ён закрыўся. Я адразу пачала валанцёрыць, і працавала так год. Першыя паўгода, напэўна, можа, і больш, горад быў пусты, і гэта было жудасна. Для нас, для адэсітаў, не чуць голасу порту, гэта можна параўнаць з сапраўднай смерцю. Усё замёрла, як быццам. Машын не было, паркоўкі, дзе цяпер нема як запаркавацца, былі пустыя. Было вельмі страшна. Паступова людзі пачалі вяртацца. Скажам так, былі пэўныя перыяды спакою, і людзі пачалі вяртацца. Потым, у нас былі перыяды працяглых блакад, калі Расія біла па энергаструктуры, інфраструктуры горада і рэгіёна. У мяне ёсць некалькі прыкладаў маці, якія бралі сваіх дзяцей і з'язджалі, бо было проста немагчыма накарміць дзяцей. Аднымі бутэрбродамі не пражывеш! Як справіцца з ацяпленнем кватэры, калі няма святла, няма цяпла, няма вады? Тады шмат людзей зноў з'ехалі. Потым зноў вярнуліся, калі ўсё было наладжана. Я не аперую лічбамі, але мне здаецца, што ўзровень вяртання даволі высокі, але трэба глядзець на пол яшчэ. Шмат мужчын з'ехала, гэта праўда. У Адэсе вялікая патрэба ў мужчынах, ёсць шмат мужчынскіх вакансій. На жаль, чалавечыя страты для Украіны велізарныя.

 Размаўляў Юры Ліхтаровіч