У выпадку агрэсіі замежнай дзяржавы кожны чацвёрты паляк (25,6%) пайшоў бы добраахвотна ў армію або ў арганізацыю, якая армію падтрымлівае, напрыклад, у медыцынскія службы. У сваю чаргу кожны пяты (20,4%) чакаў бы афіцыйнага прызыву, пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага IBRiS па замове выдання Rzeczpospolita.
Рэспандэнты, як адзначае рэдакцыя, не забываюць пра свае сем'і – 22,3% пераехалі б са сваімі блізкімі ў больш бяспечнае месца ў Польшчы, ажно 36,5% паспрабавалі б абараніць сваю сямʼю дома, а 37,5% забяспечылі б сваю маёмасць.
У сваю чаргу 12,7% рэспандэнтаў заяўляюць, што паспрабавалі б уцячы за мяжу разам са сваёй сям’ёй, а 15,2% – што нічога б не зрабілі перад абліччам падобнай пагрозы. Толькі 4,7% не ведаюць, як бы яны адрэагавалі.
Даследаванне паказвае, што ў групе патэнцыйных добраахвотнікаў у армію або валанцёраў пераважаюць тыя, хто не вызначыўся, за каго галасаваць (33%), і выбаршчыкі апазіцыі (29%). Гэта ў асноўным мужчыны старэйшыя за 50 гадоў (можна выказаць здагадку, што ў гэтай групе шмат вайскоўцаў рэзервістаў), жыхары невялікіх гарадоў, часцей за ўсё з пачатковай або прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. На апошніх парламенцкіх выбарах яны ў асноўным падтрымлівалі крайнеправую «Канфедэрацыю», а на прэзідэнцкіх выбарах – ультраправага палітыка Гжэгажа Браўна або сацыял-дэмакрата Адрыяна Зандберга.
Згаданыя асобы інфармацыю пра сітуацыю ў свеце ў асноўным атрымліваюць з каналаў YouTube, падкастаў і інфармацыйнай праграмы «Wiadomości» TVP.
Большасць тых, хто чакаў бы афіцыйнага прызыву – гэта прыхільнікі апазіцыі, мужчыны, асобы ва ўзросце каля 30 гадоў і жыхары вёскі. У асноўным яны маюць вышэйшую адукацыю, а інфармацыі шукаюць у TVP Info або TV Republika. На парламенцкіх выбарах 15 кастрычніка 2023 года яны галасавалі ў асноўным за партыю «Права і справядлівасць», а на прэзідэнцкіх – за кандыдата крайнеправай «Канфедэрацыі» Славаміра Менцэна.
А хто б уцёк з Польшчы ў выпадку агрэсіі? Паводле апытання IBRiS, гэта выбаршчыкі кіруючага лагера і тыя, хто не галасаваў на выбарах. Большасць складаюць жанчыны, людзі ва ўзросце каля 40 гадоў, жыхары вёскі і людзі з вышэйшай адукацыяй, якія шукаюць інфармацыі ў штотыднёвіках або сацсетках, такіх як Facebook, платформа X і ТікТок. На апошніх парламенцкіх выбарах яны ў асноўным галасавалі за «Грамадзянскую кааліцыю», а на прэзідэнцкіх – за ейнага кандыдата Рафала Тшаскоўскага.
*Апытанне праводзілася 10 і 11 кастрычніка з выкарыстаннем тэлефонных апытанняў CATI на выбарцы са 1 067 чалавек.
аз