Хоць штучны інтэлект радыкальна мяняе адукацыю ва ўсім свеце, у Польшчы школы ўсё яшчэ ставяцца да яго з недаверам – чытаем на сайце Forsal. Эксперты Польскай акадэміі навук у «Белай кнізе AI ў польскай школе» папярэджваюць: без інвестыцый у кампетэнцыі настаўнікаў польская адукацыя не зможа дагнаць сусветны рынак.
Даследчыкі падкрэсліваюць неабходнасць укаранення гібрыднай формы выкладання, якая аб’ядноўвае традыцыйныя метады з тэхналогіямі штучнага інтэлекту. Такі падыход дазваляе індывідуальна рыхтаваць працэс навучання пад патрэбы і тэмп кожнага вучня, а таксама паляпшае якасць адукацыі.
Паводле даследавання платформы Novakid, кожны трэці польскі бацька незадаволены школьнай праграмай. Прычына — састарэлыя метады навучання і недастатковае выкарыстанне сучасных інструментаў, у тым ліку ШІ.
У свеце штучны інтэлект ужо дапамагае настаўнікам аналізаваць вынікі вучняў, аўтаматычна падбіраць узровень складанасці заданняў і падтрымліваць інклюзіўную адукацыю. Тэхналогіі распазнавання мовы і функцыі Text-to-Speech робяць матэрыялы больш даступнымі для дзяцей з асаблівымі патрэбамі.
Эфектыўны AI у вывучэнні замежных моў — сістэмы аўтаматычна ацэньваюць вымаўленне і даюць імгненную зваротную сувязь, што значна паляпшае вынікі навучання.
Кампанія Novakid адзначае, што з 2018 года ў Польшчы праведзена ўжо каля пяці мільёнаў урокаў з выкарыстаннем тэхналогій EdTech. Паводле яе кіраўніка Макса Азарава, мэта кампаніі — стварыць «AI-рэпетытара», які дапамагае вучню паўтараць матэрыял паміж заняткамі з рэальным настаўнікам.
Аўтары «Белай кнігі» нагадваюць: тэхналогія не заменіць чалавечага кантакту і эмпатыі, але можа істотна падтрымаць педагога, дапамагаючы адаптаваць навучанне да індывідуальных патрэб вучняў.
Менавіта таму найбольш перспектыўнай лічыцца мадэль гібрыднага навучання, у якой штучны інтэлект і чалавек не спаборнічаюць, а супрацоўнічаюць. Настаўнік становіцца мадэратарам працэсу навучання, а тэхналогіі дапамагаюць яму развіваць у вучнях творчасць, крытычнае мысленне і камунікацыю.
нг