Беларуская Служба

Былы палітзняволены Дзмітрый Казлоў: Спачатку ў калоніі можна было атрымліваць апазіцыйныя выданні, а потым пачалі «заязджаць» рэдактары тых газет

23.11.2025 13:16
Былы палітзняволены, блогер Дзмітрый Казлоў (Шэры кот) разважае пра тое, як змянілася Беларусь і свет за пяць гадоў, і ці ёсць цяпер месца для аптымізму.
Аўдыё
  • Дзмітрый Казлоў: Што б вы ні чыталі ў навінах, усё не так дрэнна. Трэба глядзець у будучыню больш бадзёра і быць гатовымі зноў дзейнічаць, калі прыйдзе час. Усё не заканчваецца — усё толькі пачынаецца.
   .
Дзмітрый Казлоў пасля вызвалення.Фота з прыватнага архіву.

Слухайце размову ў далучаным файле!

— Прайшло ўжо крыху больш за два месяцы пасля таго, як вас вывезлі з Беларусі. Ці ёсць у вас на руках беларускі пашпарт? У якой стадыі ваша легалізацыя:

— Пашпарты і наогул усе дакументы забралі ў тых, каго перад адпраўкай прывезлі ў СІЗА КДБ. У іх канфіскавалі ўсё. Мяне ж вывезлі наўпрост з калоніі, таму ў мяне ўсё на руках — нават біркі засталіся.

Калі мы прыехалі, адразу пасля перасячэння мяжы нам аформілі гуманітарныя візы на 15 дзён. Недзе ў дваццатых чыслах верасня мы падалі дакументы ў міграцыйную службу на атрыманне гуманітарнага віда на жыхарства. З таго часу працэс ссунуўся толькі ў чацвярых, наколькі я ведаю, з усёй групы — агулам нас каля пяцідзесяці чалавек. У маёй   падгрупе пакуль ніхто нічога не атрымаў — усё ў чаканні.

Пакуль мы чакаем гуманітарнага віду на жыхарства. Нам сказалі, што можам атрымаць яго, а далей ужо вырашаць: хочаце — падавайцеся на палітычны прытулак, хочаце —  можаце ехаць у іншую краіну. Напрыклад, у Польшчу, бо быццам бы ёсць дамоўленасць, што Дублінская канвенцыя прымяняцца не будзе. Нехта, магчыма, падумае пра іншую краіну, але там ужо няма гарантый.

— Вы разважаеце пра будучыню? Дзе б вы хацелі застацца — у Літве, Польшчы ці ў іншай краіне?

— Пакуль нічога не магу сказаць, час пакажа.

— Як ваша здароўе? Ці атрымліваецца займацца гэтым аспектам жыцця?

— Са здароўем усё нармальна. Нам аказваюць медычную дапамогу. Агулам абследаванні паказалі, што ў мяне ўсё нармальна.  

— А як вы адчуваеце сябе маральна? 

— У мяне маральны стан прыкладна аднолькавы — што ў калоніі, што пасля. Цяпер я больш думаю не пра гэта, а пра тое, як развіваць уласны канал, як упісацца ў рынак, якія інструменты асвоіць. Гэта прыкладныя рэчы. Я ўжо амаль забыўся, што быў у турме. Упісаўся ў тутэйшае жыццё і займаюся развіццём свайго праекту.

— Вы цяпер жывяце ў Вільні. У медыя часам з'яўляюцца паведамленні аб незадаволенасці палітыкаў колькасцю беларусаў, а таксама пра асобныя бытавыя канфлікты. Вы на сабе нешта падобнае адчулі за гэты час?

— Не, асабіста я нічога такога не адчуваў. Наадварот, тут дапамагаюць. Літве я магу выказаць толькі падзяку — за тое, што прынялі і аказваюць дапамогу па меры магчымасцяў.

Можа, у сацсетках пару разоў нехта напісаў накшталт «Час вас усіх дэпартаваць, хопіць беларусаў і ўкраінцаў». Але гэта не адносіцца ні да дзяржавы, ні да сур'ёзных рэчаў. У кожнага ёсць права на меркаванне — ці мала хто што піша. Крытычнага значэння гэта не мае.

Разумею, канечне, што пастаянны прыток палітвязняў і мігрантаў можа выклікаць напружанне: людзей становіцца больш, некаторыя парушаюць закон, расце нагрузка на дзяржаву.

— Вы правялі ў зняволенні пяць гадоў...

— Крыху больш — пяць гадоў і тры месяцы.

— ...За гэты час свет моцна змяніўся. Як змянілася Беларусь у інфармацыйным полі, бо асабіста паглядзець вы не мелі мачгчымасці?

— Вельмі моцна змянілася. Прычым я бачыў гэта яшчэ знаходзячыся там — усё «закручванне гаек» адбывалася на вачах.

Спачатку лісты прыходзілі ад усіх, потым лісты забаранілі ўвогуле. Навіны — тое ж самае, можна было атрымліваць розныя апазіцыйныя газеты, потым усё па чарзе забаранілі, нічога было нельга выпісаць. А потым у турмы пачалі прыязджаць рэдактары тых газет, якія яшчэ нядаўна выдаваліся.

Рэжым проста скінуў маскі: з аўтарытарнага, які прыкідваецца дэмакратычным, ён канчаткова паказаў сябе таталітарным.

Свет таксама моцна змяніўся. Цяпер ужо не 2020 год. Памяняліся тэхналогіі, прылады, камп'ютары. Раней упор рабіўся на магутнасць і хуткасць, зараз на першае месца выйшаў штучны інтэлект. Мантаж, відэа, фота — усё апрацоўваецца ШІ. Таму ўжо не так важныя «жалеза» і яго магутнасць — важней інтэграцыя з ШІ і ўменне выкарыстоўваць яго ў камерцыйных мэтах. Ён заняў цэнтральнае месца.

Парадак дня таксама змяніўся — у бок войнаў. Сацыяльныя праграмы рэжуць, бюджэты перамяшчаюцца ў ваенную сферу. Усё ідзе да вялікай вайны, якая, магчыма, можа адбыцца ў 2029-2030 годзе, калі нічога не зменіцца.

— Чаму такія даты?

— Гэта канчатак кадэнцыі цяперашняга прэзідэнта ЗША. Пасля гэтага магчымы вялікія змены. Калі прэзідэнтам зноў стане дэмакрат, можа пачацца абвастрэнне адносін з Расіяй і Кітаем, і мы можам убачыць жорсткае супрацьстаянне. Але гэта толькі здагадка.

— Назіраеце за працэсамі ў беларускай апазіцыі і эміграцыі, як іх ацэньваеце?

— Падзел вельмі глыбокі. Але больш мяне хвалюе не сам факт падзелаў — яны непазбежныя, людзі розныя. Мяне хвалюе дэмаралізацыя звычайных людзей. Уся гэтая «мышыная валтузня» прывяла да таго, што большасць беларусаў проста глядзяць на тое, што адбываецца, і не разумеюць, каму верыць. Скандалы тут, скандалы там… Людзі адыходзяць ад палітыкі. Згадайце, якая была падтрымка і ўцягнутасць у 2021 годзе. А што зараз? Расчараванне. Усё ператварылася ў маленькую тусоўку вакол палітыкаў, простым людзям гэта надакучыла.

Але я лічу, што гэта часова. Быў усплёск у 2020-м, потым спад. А калі ў краіне пачнуцца рэальныя змены, усё зноў можа ўзляцець. Важна быць падрыхтаванымі. Уявіце, што заўтра Лукашэнкі не стане — узрост, здароўе… Што тады? Большасць да гэтага не гатова. А рыхтавацца трэба зараз, калі мы хочам вярнуцца, хочам удзельнічаць у палітыцы, хочам браць адказнасць.

— У вас зараз больш аптымізму або песімізму?

— У мяне ніколі не было песімізму — ні ў турме, ні цяпер. Я ведаю, чаго хачу, і буду гэтага дабівацца. Я ўпэўнены, што Беларусь стане свабоднай, і шмат людзей гатовы для гэтага працаваць. Падстаў для песімізму не бачу.

Асцярогі — так, ёсць. Найперш з-за сусветнай сітуацыі і з-за Украіны. Гіне шмат людзей, у тым ліку мірных. Крызіс — гэта поле магчымасцяў.

Што б вы ні чыталі ў навінах, усё не так дрэнна. Трэба глядзець у будучыню больш бадзёра і быць гатовымі зноў дзейнічаць, калі прыйдзе час. Усё не заканчваецца — усё толькі пачынаецца.

вх