Праграма па ўсынаўленні хатніх жывёл Adopciaki.pl у супрацоўніцтве з кампаніяй па крэмацыях Esthima і вытворцам корму для хатніх жывёл Purina Polska запусцілі кампанію «Калі памірае сябар...» Гэтая сацыяльная кампанія распрацавана для падтрымкі тых, хто страціў хатняга гадаванца.
Для многіх людзей страта любімай хатняй жывёлы – адно з самых цяжкіх жыццёвых перажыванняў. Нягледзячы на неверагодна моцную сувязь паміж людзьмі і жывёламі, тэма жалобы па хатнім гадаванцы ўсё яшчэ ігнаруецца або прымяншаецца. Сацыяльная кампанія «Калі памірае сябар...» імкнецца парушыць гэтае табу, адкрыць прастору для размовы і паказаць, што жалоба па хатнім гадаванцы натуральная і заслугоўвае разумення і падтрымкі.
Таму adopciaki.pl вырашылі заняцца гэтай тэмай, кажа Эльжбета Мальчык:
- Мы – арганізацыя, якая спецыялізуецца на ўсынаўленні, а не на смярцях жывёл, але калі гаворка ідзе пра ўсынаўленне жывёл, мы часта сустракаем людзей, якія шукаюць новага гадаванца пасля страты іншага. І мы часта сустракаем людзей, якія жудасна разгубленыя, таму што яны перажываюць страту члена сям'і, з якім правялі некалькі, а часам і дзясятак гадоў, а іх акружэнне проста не разумее іх гора. Акрамя таго, мала хто ведае пра тое, як развітацца з сябрам, як яго пахаваць, што магчыма, а што немагчыма, і якія памятныя рэчы можна захаваць. Людзі проста не думаюць пра гэта, калі яны знаходзяцца ў стрэсе і перажываюць эмоцыі, і часам пазней шкадуюць. Таму разам з нашымі партнёрамі мы вырашылі, што гэта такая важная і занядбаная тэма, якую варта падняць.
Першая серыя кампаніі выйшла 1 лістапада пад назвай «Я нават не хачу пра гэта думаць!» (даступная ў інтэрнэце на YouTube).
Менавіта гэтую фразу часцей за ўсё чуваць ад людзей падчас размовы на тэму смерці гадаванца. Рэакцыяй на пытанне, ці гаспадары думалі, як абыходзіцца з целам жывёлы, часцей за ўсё гучыць фраза: «Я нават не хачу пра гэта думаць; я не магу ўявіць сабе смерць майго гадаванца. Я не магу ўявіць жыццё без яго».
Эльжбета Мальчык звяртае ўвагу, што кожны ўладальнік хатняй жывёлы рана ці позна сутыкнецца з гэтай праблемай, а таму лепш за ўсё быць падрыхтаваным:
- Найбольш распаўсюджаны, адзін з самых папулярных спосабаў пахавання жывёлы – гэта проста пахаванне на ўласнай тэрыторыі ці дзе-небудзь у лесе. Гэта цалкам зразумела з эмацыйнага пункту гледжання, але, на жаль, у Польшчы гэта незаконна. Другая рэч, якая таксама вельмі папулярная, гэта калі жывёла памірае ў ветэрынарнай клініцы. Калі мы пакідаем цела жывёлы ў ветэрынара, нам трэба спытаць, ці працуе ветэрынар з кампаніяй па крэмацыі, ці цела будзе ўтылізаванае. Гэта вельмі велізарная розніца.
У выпадку крэмацыі цела жывёлы трапляе ў печ. Фірмы па крэмацыі маюць спецыяльны пакой для развітання, уладальнік можа прысутнічаць на цырымоніі, пакуль цела жывёлы не змесцяць у печ. Некаторыя пакідаюць памятныя рэчы (пасму поўсці, адбітак лапы). Увесь працэс праводзіцца з вялікай павагай да цела і з разуменнем да сямʼі, якая засталася. Затым прах змяшчаецца ў індывідуальную ўрну.
У сваю чаргу ўтылізацыя – гэта спальванне цела разам з жывёльнымі адходамі.
Трэці спосаб – гэта пахаванне цела жывёлы на адмысловых могілках. Эльжбета Мальчык дадае, што такіх могілак у Польшчы становіцца ўсё больш:
- У Польшчы іх ужо ёсць каля дзясятка па ўсёй краіне. І там усё адбываецца гэтак жа, як і з людзьмі. Жывёла атрымлівае сваё ўласнае месца для пахавання, там можна паставіць помнік і прынесці кветкі. Можна нават арганізаваць звычайнае пахаванне ў труне. Там таксама можна пахаваць урну, калі жывёла раней была крэміраваная. І гэта вельмі, вельмі кранальныя месцы, дзе час ад часу праходзяць людзі, дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі ці рознакаляровыя ветракі. Ветракі – даволі характэрныя сімвалы памяці пра жывёл. Насамрэч, гэта ўнікальная з’ява менавіта для жывёльных могілак. Там можна атрымаць падтрымку супольнасці, магчымасць пагаварыць з людзьмі, якія адчуваюць тое ж самае, што і мы, хто перажыў тую ж страту, а гэта вельмі важна ў цэлым працэсе.
Аднак пасля пахавання любімай жывёлы прыходзіць працэс жалобы. Адпаведнае пахаванне – гэта важны момант, каб правільна перажыць жалобу. Гэтаму будуць прысвечаны чарговыя відэаролікі кампаніі «Калі памірае сябар...».
- Эмоцыі велізарныя. Гэта нармальнае гора, як і для любога двухногага члена сямʼі, бо гэта нічым не адрозніваецца. Мы будзем казаць пра тое, як справіцца і дзе знайсці падтрымку, бо такія месцы ёсць. Напрыклад, група ў Фэйсбуку пад назвай «Łąki Pamięci», дзе людзі дзеляцца сваімі гісторыямі страты. Ёсць таксама фонд «Інстытут добрай смерці», які займаецца смерцю і горам у цэлым. Яны арганізуюць групы падтрымкі. У першую чаргу яны сканцэнтраваны на горы пасля страты чалавека. Аднак яны таксама арганізуюць групы падтрымкі пасля смерці жывёл, анлайн. У такіх групах падыходзяць з перспектывы ўласнага досведу. Удзельнікі бачаць, праз што праходзяць іншыя.
Эльжбета Мальчык звяртае ўвагу, што вельмі важна мець месца, каб ушанаваць памяць жывёлы: урну з прахам ці помнік на могілках, нешта матэрыяльнае.
Другая рэч, вельмі важная, гэта падтрымка супольнасці, дадае экспертка:
- Калі, напрыклад, у нас няма месца пахавання жывёлы, то падтрымка супольнасці, незалежна ад таго ці ў групе ў Фэйсбуку, ці ў групе падтрымкі, з’яўляецца бясцэннай. У чарговых відэа мы таксама пагаворым пра тое, як справіцца з уласным горам, але і з горам дзяцей. Паколькі дзеці перажываюць страту вельмі моцна. Гэта звычайна першая страта ў іх жыцці. Дык як мы можам падтрымаць дзяцей у гэтым працэсе? Як мы можам падтрымаць іншых жывёл у доме? Гэта чарговая тэма. Адзін сабака ці кот памірае, а іншыя сабакі ці каты застаюцца. І яны таксама смуткуюць. І пытанне ў тым, як мы можам іх падтрымаць? Напрыклад, ці варта ім бачыць цела свайго памерлага сябра ці не? Гэта абмяркуюць спецыялісты па паводзінах і псіхолагіі.
Чарговая тэма відэаролікаў – тэма магчымага прыняцця іншай жывёлы на месца памерлай. Ці гэта добрая ідэя ўсынавіць іншую сабаку? Эльжбета Мальчык адзначае, што часам гэта добрая ідэя, часам не:
- Ёсць людзі, якія кажуць: «Я не гатовы прыняць новага члена сямʼі ў сваё жыццё, але я хацеў бы неяк выкарыстаць гэты час. Мне не хапае кантакту, і я хацеў бы выгульваць сабак у прытулку». І мы таксама настойліва рэкамендуем так рабіць, бо гэта сапраўды гаюча падчас смутку, калі мы далучымся да дапамогі жывёлам, будзем выгульваць сабак у прытулку або, напрыклад, станем прыёмнай сямʼёй. Гэта таксама вельмі добры спосаб, бо, з аднаго боку, мы дапамагаем новай жывёле знайсці дом, але, з іншага боку, мы не бярэм на сябе абавязацельствы назаўсёды. Мы можам убачыць, ці сапраўды мы гатовыя да новага гадаванца. Калі не, мы проста дапамагаем жывёле знайсці дом, а калі так, мы проста пераходзім з прыёмнай сямʼі ў пастаянны дом. Такім чынам, гэта таксама вельмі добры спосаб, каб сабе дапамагчы.
У апошнім відэа з серыі аўтары разгледзяць асабліва складаную тэму, якая закранае жывёл у Польшчы: эўтаназіі. Ініцыятары хочуць пагаварыць пра гэта такім чынам, каб успрымаць эўтаназію, як акт любові, які гаспадары могуць даць сваім гадаванцам, каб пазбавіць іх ад пакут.
ав
слухайце аўдыё