Беларуская Служба

Польскіх турыстаў западозрылі ў шпіянажы каля АЭС у Швецыі

02.12.2025 11:15
Падазрэнне ў шпіянажы з іх знялі з-за недахопу доказаў, аднак абвінавачанне ў парушэнні правілаў аховы АЭС застаецца.
Ілюстрацыйны здымакImage by Markus Distelrath from Pixabay/CC0

У Швецыі ўзбуджаная справа супраць двух грамадзян Польшчы, затрыманых за незаконнае фатаграфаванне атамнай электрастанцыі ў Оскарсхамне на паўднёвым усходзе краіны. Мужчынам, у машыне якіх знайшлі лічыльнік Гейгера і фуражку з савецкай зоркай, першапачаткова інкрымінавалі магчымы шпіянаж, чытаем на energetyka24.com.

Як паведамляюць у пракуратуры Швецыі, абвінавачаны сцвярджаюць, што знаходзіліся на адпачынку і хацелі «зрабіць забаўныя здымкі». Яны прадставіліся бацькам і сынам. Старэйшы з іх казаў, што раней працаваў камендантам паліцыі. Пракурор Магнус Аргус прызнаў, што сапраўднасць гэтых дадзеных пакуль не праверана, як і паходжанне вайсковай фуражкі.

Польскіх грамадзянаў затрымалі 20 сакавіка, але ўжо на наступны дзень іх адпусцілі. Дакументальным доказам з’яўляецца фотаздымкі на іх тэлефоне, канфіскаваным падчас затрымання. Падазрэнне ў шпіянажы з іх знялі з-за недахопу доказаў, аднак абвінавачанне ў парушэнні правілаў аховы аб’екта застаецца. Ім пагражае штраф ад 6,4 да 10,8 тысячы шведскіх крон (каля 580–980 еўра).

Эксперты папярэджваюць: нават такія, на першы погляд, нязначныя інцыдэнты могуць быць выкарыстаны замежнымі спецслужбамі для вывучэння працы аховы стратэгічных аб’ектаў і тактыкі дзеянняў праваахоўнікаў.

эж