Адчуваю сябе як дома
Мікіта па адукацыі інжынер. У Польшчу патрапіў пасля пратэстаў 2020 года. Працуе ў ІТ-сферы. Наогул Польшча яму падабаецца, бо людзі ментальна блізкія, ён не адчувае сябе чужынцам, жыццё даволі камфортнае, хаця, як заўважае, заробак у яго на ўзроўні сярэдняга па краіне.
— Нават калі б я працаваў не ў ІТ, а на будоўлі, атрымліваў бы прыкладна тыя ж грошы. Было б, магчыма, складаней фізічна, а я пры сваёй працы яшчэ і не мушу ездзіць у офіс. Але я хутчэй хачу сказаць не пра камфорт у працы, а пра знаёмства з культурай, з людзьмі, бо тут я адчуваю сябе амаль як дома.
Польшча — прыязная краіна для эмігрантаў
Пры гэтым Мікіта заўважае, што для эмігрантаў ёсць і складанасці. Найперш — валоданне польскай мовай. На яго думку, польская мова даволі складаная і даецца не ўсім так проста, а без яе цяжка паўнавартасна існаваць ва ўмоўах польскага грамадства.
— Астатнія пытанні даволі вырашальныя. Можа, апошнім часам улады ўскладняюць працэс легалізацыі, і гэта стварае пэўныя перашкоды людзям. Але калі браць апошнія пяць гадоў, то Польшча дазваляла людзям даволі хутка асвойвацца і інтэгравацца ў грамадства. У гэтым сэнсе, мне здаецца, што гэта вельмі прыязная краіна.
Магчымасць задаволіць шырокае кола культурніцкіх інтарэсаў
Мяне цікавіць, як Мікіта задавальняе свае культурніцкія патрэбы і ці можа падтрымліваць цікавасці, якія меў у Беларусі.
— У плане культуры першае і, напэўна, самае важнае для мяне — гэта беларуская культура, якая ў Польшчы мае больш магчымасцяў існаваць, чым у Беларусі. Я ніколі не наведваў столькі канцэртаў і імпрэзаў, звязаных з беларускай культурай, як тут у Польшчы. Але гэта звязана таксама і са зменамі маіх уласных інтарэсаў.
Другое — мая зацікаўленасць музыкай: рокам, металам. У Польшчы гэта значна больш развіта, чым у Беларусі, што дазваляе раз на некалькі месяцаў наведваць нейкія канцэрты. У Беларусі я мог наведаць адзін-два канцэрты на год, бо мала хто прыязджаў выступаць. У Польшчы, калі ёсць жаданне, можна амаль кожны месяц ездзіць на такія канцэрты.
І трэцяе, калі казаць пра культурную цікаўнасць, — імкнуся надаваць увагу польскай культуры. І тут мне яшчэ ёсць куды расці. Апошнім часам наведваю тэатр, оперу, імпрэзы.
Дагэтуль гляджу на эміграцыю як на падарожжа
Мы загаварылі пра эміграцыю, і я цікаўлюся ў суразмоўцы, што яна значыць у яго жыцці.
— У першую чаргу для мяне гэта было падарожжа ў свет, бо да эміграцыі я амаль нідзе не бываў. Жыў у Беларусі, і адзінае падарожжа было ў Расію да сябра. Калі мы былі вымушаныя эміграваць, я ўспрымаў гэта як прыгоду: выезд у іншыя краіны, магчымасць пабачыць крыху свету. Спачатку Арменія — вельмі цікава і незвычайна. Потым Грузія — таксама цікавая краіна. І вось — Польшча. І напэўна я дагэтуль гляджу на гэта як на падарожжа, а не як на нешта такое, што я тут назаўсёды.
Калі з’явіцца магчымасць — еду дамоў
— А якія планы будуеце? Хацелі б жыць недзе на Захадзе ці ўсё ж вярнуцца на радзіму?
— Я на наступны дзень, калі з’явіцца такая магчымасць, сядаю ў аўтобус і еду дадому. Можа, трохі перабольшваю — не на наступны, бо ёсць праца і абавязкі, — але калі такая магчымасць з’явіцца, я еду дамоў і раблю сюрпрыз бацькам і сябрам. А потым разам з жонкай вырашаем, што рабіць далей.
Хацелася б, каб у Беларусі вярнулі сваю гісторыю
— Ці хацелі б вы нешта прывезці з Польшчы ў Беларусь, каб і там такое існавала?
— Першае, што кінулася ў вочы, калі я прыехаў, — наколькі гісторыя краіны тут захаваная, інтэграваная ў штодзённасць. Мы адразу прыехалі ў Кракаў — горад з багатай гісторыяй, і яна бачна паўсюль, не трэба нават ісці ў музей: ты сам у ёй жывеш. А ў Беларусі, на жаль, гэтай гісторыі амаль няма. У маім родным Віцебску можна пабачыць некалькі старых будынкаў, але ўсё астатняе… Нездарма Марк Шагал не захацеў вяртацца ў родны горад. Гэта вялікі наш жаль — што мы страцілі гэта. Але мне хацелася б, каб мы гэта ўсвядомілі і пачалі вяртаць сваю гісторыю туды, дзе яна павінна быць.
— Вы думаеце, удасца вярнуць страчанае?
— Думаю, так. Прынамсі спадзяюся. Пры магчымасці існаваць краіне як незалежнай і непрывязанай да "гаспадароў", гэта ўдасца. Бо не можа нацыянальная краіна існаваць па гісторыі, напісанай некім іншым, і на ўмовах, створаных кімсьці іншым. Мне здаецца, што пры спрыяльных умовах гэта адбудзецца натуральным чынам.
Павел ЗАЛЕСКІ