У выданні Gazeta Wyborcza навагодні фельетон Войцеха Мазярскага. Ён піша, як польскія СМІ без патрэбы накручваюць паніку сваімі алармісцкімі тэкстамі, асабліва загалоўкамі. Толькі выпаў снег, які раней быў нармальнай з’явай, а тут адразу ўзняўся вэрхал пра жахлівыя ўмовы надвор’я – амаль канец свету.
Аўтар цытуе знаёмага беларуса, які сказаў яму калісьці, што польскія медыя схільныя да істэрыі, з абы-чаго робяць нацыянальную катастрофу. І гэтыя словы пацвярджаюць загалоўкі. Скажам, павышэнне пенсій. Згодна з механізмам, які працуе шмат гадоў, індэксацыя пенсій плануецца на падставе сярэднегадавой інфляцыі. І, згодна з гэтым механізмам, у сакавіку пенсіі вырастуць на 4,88% - такой была інфляцыя. А загалоўкі ў газетах крычаць, што пенсіянеры атрымаюць значна менш грошай, чым у папярэднія гады (інфляцыя тады была большай – нагадвае аўтар), глядзі - і вось-вось пачнуць паміраць з голаду.
І так ва ўсім – канстатуе аўтар. Гэта, зразумела, не бярэцца ніадкуль. Эксперты ведаюць, якія тэксты найбольш прыцягваюць увагу. Яны – як дылер, які пастаянна дастаўляе наркотык наркаману, ведаючы, што той звернецца па новую дозу. На шчасце, ёсць і такія, хто вяртае людзей да рэальнасці. І, напрыклад, нагадвае, што палякі сталі багатым грамадствам, але не ўсе заўважаюць поспех краіны.
І таму аўтар жадае як найбольш веры ў свае магчымасці – трэба заўважаць свой поспех. Польшча за гістарычна кароткі час вырвалася з беднасці. Палякі маюць права ганарыцца сабой. А калі і пагражае ім нейкая небяспека, дык яна ідзе з усходу. І таму неабходна падтрымліваць украінскіх братоў і жадаць ім, каб яны здолелі абараніць і сябе, і нас.
нг