Беларуская Служба

Польскі гоншчык на «Дакар-2026»: 20 км можна праехаць проста на дысках

11.01.2026 10:03
У Саудаўскай Аравіі праходзіць ралі «Дакар». Гонка складаецца з трынаццаці этапаў, кожны з якіх мае ўласны характар і складанасць.
Аўдыё
  • Польскі гоншчык на «Дакар-2026»: 20 км можна праехаць проста на дысках
       ,
За гады існавання «Дакар» стаў не проста гонкай, а сапраўднай легендай аўтаспортуJean Jesus Cayo Perea/Pixabay/CC0

У Саудаўскай Аравіі адбываецца легендарнае ралі «Дакар» – адна з самых складаных і прэстыжных аўтамабільных гонак у свеце. Гэта ўжо 48-е выданне спаборніцтва, якое стартавала 3 студзеня і фінішуе 17 студзеня. На працягу двух тыдняў удзельнікі змагаюцца не толькі з супернікамі, але і з экстрэмальнымі ўмовамі пустыні.

Сёлета ў гонцы ўдзельнічае больш за 300 транспартных сродкаў, у тым ліку 118 матацыклаў, а таксама аўтамабілі, грузавікі, квадрацыклы і багі. Агульная даўжыня маршруту складае каля 8000 кіламетраў, з якіх прыкладна 5000 – гэта спецыяльныя ўчасткі на час. Гэта адрэзкі бездарожжа, дзе вырашаецца лёс гонкі: пясок, камяні, рэзкія ўздымы і спускі, а таксама хуткасныя пустынныя прамыя.

Маршрут «Дакара-2026» пралягае праз самыя разнастайныя ландшафты Саудаўскай Аравіі. Удзельнікаў сустракаюць бясконцыя пясчаныя выдмы, дзе тэхніка можа лёгка «зарыцца» ў пясок, камяністыя плато з вострымі скаламі, небяспечнымі для шын, а таксама шырокія пустынныя трасы, дзе можна развіваць вялікія хуткасці. Гонка складаецца з трынаццаці этапаў, кожны з якіх мае ўласны характар і складанасць.

Асобным момантам у праграме быў дзень адпачынку ў Эр-Рыядзе 10 студзеня. У гэты дзень гоншчыкі і каманды мелі магчымасць аднавіць сілы, правесці рамонт тэхнікі і падрыхтавацца да другой, не менш цяжкай часткі ралі.

Асаблівасцю гэтага выдання стаў рэкордны ўдзел палякаў – у гонцы стартавалі 29 прадстаўнікоў Польшчы, якія выступаюць на 17 аўтамабілях у розных катэгорыях, дэманструючы высокі ўзровень падрыхтоўкі і тэхнічнай надзейнасці.

Марэк Гочал так расказваў пра першы дзень «Дакару»:

- План сённяшняга дня прадугледжваў, каб не было ніводнай афёры, каб паглядзець, які ў нас тэмп. Мы так і ехалі, павольна, паслухмяна, глядзім, што даехалі і не прабілі ніводнага кола. Ехалі без праблем і прыгод. Толькі раз мы саскочылі з 4-х метраў, ажно ў мяне са шлема вырвала мікрафон, і да канца дарогі я ўжо не мог нічога сказаць свайму партнёру. Але там скакалі ўсе. Заўтра новы дзень. Аўтамабіль цэлы, толькі люстэркі паадвальваліся, не ведаю чаму, можа былі кепска прыклееныя. Яшчэ ніколі ў жыцці я так не кайфаваў, мая toyota проста ляцела.

Наступныя дні прынеслі афёры, як пра гэта гаварыў кіроўца ў папярэднім выказванні. Вось як у чарговыя дні пра «Дакар» расказваў Марэк Гочал:

- Цудоўны дзень на «Дакары», але «Дакар» нас не шкадуе. На 80 км наш аўтамабіль заглух. Мы справіліся з сітуацыяй, пачалі хутка ехаць і падчас абгону прабілі кола. Потым прабілі другое кола, калі абганялі чарговы раз. І 25 км да фінішу прабілі трэцяе. І тут цікавінка: 20 км можна праехаць на дысках. Праўда на асфальт на дысках немагчыма было выехаць. Але сёння ніводзін аўтамабіль не меў колаў, усе з’язджалі на дысках. Гэта быў выклік, але мы ўсё ж паспяхова даехалі да мэты.

Сёлета арганізатары «Дакара-2026» зрабілі асаблівы акцэнт на навігацыі і самастойнасці ўдзельнікаў. Экіпажы атрымліваюць больш складаную дарожную мапу, абмяжоўваецца выкарыстанне электронных сістэм дапамогі, а тэхнічная падтрымка каманд строга рэгламентуецца. Уведзены марафонскія этапы, падчас якіх гоншчыкі не могуць карыстацца дапамогай сваіх механікаў і павінны самастойна рамантаваць тэхніку пасля фінішу. Гэта правярае не толькі хуткасць, але і вынослівасць, тэхнічныя навыкі і камандны дух.

Ралі «Дакар» – адна з самых вядомых і небяспечных аўтагонкаў у свеце – узнікла з выпадковай прыгоды, якая ператварылася ў легенду. Заснавальнікам спаборніцтва стаў французскі матацыкліст Цьеры Сабін. У 1977 годзе падчас ралі «Абіджан – Ніца» ён заблукаў у пустыні Тэнэрэ ў Нігеры. Некалькі дзён Сабін блукаў сярод пяскоў без вады і ежы, пакуль яго не выратавалі. Пасля гэтага ён вырашыў стварыць гонку, якая дазволіць іншым адчуць сапраўдны дух пустынных прыгод.

На працягу дзесяцігоддзяў маршрут «Дакара» неаднаразова змяняўся. Стартавыя пункты перамяшчаліся ў розныя гарады Еўропы, а траса праходзіла праз краіны Паўночнай і Заходняй Афрыкі.

Аднак афрыканскі перыяд гісторыі «Дакара» скончыўся ў 2008 годзе. З-за пагрозы тэрарыстычных нападаў ралі было скасавана ў апошні момант. Ужо ў 2009 годзе арганізатары перанеслі гонку ў Паўднёвую Амерыку. На працягу 11 гадоў «Дакар» праходзіў у Аргенціне, Чылі, Перу, Балівіі і Парагваі.

З 2020 года ралі «Дакар» праводзіцца ў Саудаўскай Аравіі. Краіна прапанавала велізарныя пустынныя прасторы, сучасную лагістыку і падтрымку на дзяржаўным узроўні. Новая лакацыя дазволіла арганізатарам вярнуцца да класічнага пустыннага фармату з працяглымі спецучасткамі і складанай навігацыяй.

За гады існавання «Дакар» стаў не проста гонкай, а сапраўднай легендай аўтаспорту.

ав