Паводле звестак Нацыянальнага фонду аховы здароўя Польшчы, са студзеня па канец верасня 2025 года медыцынскія ўстановы паведамілі пра 627 легальных перапыненняў цяжарнасці — піша газета Rzeczpospolita. Гэтая лічба набліжаецца да ўзроўню, які існаваў да кастрычніка 2020 года, калі рашэннем Канстытуцыйнага суда была скасаваная эмбрыяпаталагічная падстава для абортаў.
Да 2020 года менавіта яна складала 95–98 працэнтаў усіх легальных перапыненняў цяжарнасці. Пасля яе адмены сітуацыя змянілася: сёння асноўнай падставай усё часцей становіцца пагроза здароўю або жыццю жанчыны — у тым ліку псіхічнаму.
Як тлумачыць гінеколаг прафесар Себасцьян Квяткоўскі, шырэйшая інтэрпрэтацыя пагрозы псіхічнаму здароўю дазваляе праводзіць легальныя аборты ў бальніцах, калі адпаведны стан пацверджаны псіхіятрам. Дзякуючы гэтаму пацыенткі могуць атрымаць дапамогу ў афіцыйных, бяспечных умовах.
Прафесар Пётр Серашэўскі з Лодзінскага медыцынскага ўніверсітэта адзначае, што сёння большасць паказанняў да перапынення цяжарнасці маюць псіхіятрычны характар. Паводле яго слоў, жанчына, якая даведваецца на сярэднім этапе цяжарнасці, што плод мае смяротныя або цяжкія генетычныя заганы, можа сутыкнуцца з дэпрэсіяй і нават рызыкай самагубства.
У кастрычніку 2024 года Польская псіхіятрычная асацыяцыя апублікавала рэкамендацыі, у якіх падкрэсліла: закон не патрабуе, каб пагроза псіхічнаму здароўю была неадкладнай або непазбежнай. Дастаткова, каб цяжарнасць выклікала або пагоршыла псіхічнае захворванне жанчыны.
нг