18 студзеня 1946 года ў Гдыні была адноўленая пасляваенная дзейнасць Афіцэрскай школы Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Актуальна ВНУ называецца Ваенна-марская акадэмія імя Герояў Вестэрплатэ. Гэта адзіная ў краіне вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў для ВМС Польшчы.
Ваенна-марская акадэмія (ВМА) у Гдыні адыгрывае ключавую ролю ў сістэме нацыянальнай бяспекі краіны, выконваючы адукацыйныя, навуковыя і аператыўныя функцыі.
Гісторыя ВНУ пачалася ў 1922 годзе, калі ў Торуні была створаная Школа ваенна-марскіх афіцэраў. І хоць тады Польшча ўжо мела доступ да Балтыкі, атрыманы на моцы Версальскай дамовы, то аднак не было партовай і іншай інфраструктуры, бо галоўны тагачасны порт Гдыня толькі пачынаў будавацца. Таму марское вучылішча стварылі ў Торуні, які не ляжыць на моры.
У 1928 годзе ўстанова была перайменаваная ў Кадэцкую школу ваенна-марскіх афіцэраў. З сярэдзіны 1930-х гадоў у вучылішчы было тры факультэты: марскі, тэхнічны і адміністрацыйны.
Да 1932 года школа выкарыстоўвала непасрэдную дапамогу выкладчыкаў і інструктараў французскіх ВМС, а таксама досвед польскіх афіцэраў, якія вучыліся ў Францыі, што ў значнай ступені ўплывала на праграму і навучальны працэс. Па французскім узоры таксама была ўведзеная сістэма розных курсаў для афіцэраў.
У 1938 годзе школа пераехала ў Быдгашч – горад, размешчаны ў 43 км ад Торуні, аднак таксама не на Балтыцы.
Афіцэры ВМС Польшчы ў параднай форме. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У 1928-1939 гадах марскі факультэт школы закончылі 173 выпускнікі, тэхнічны факультэт – 23, адміністрацыйны факультэт – 12, на розных курсах прайшлі навучанне 158 афіцэраў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны афіцэры і курсанты школы прымалі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях, але ў асноўным на сушы. Сама школа была эвакуяваная ў Пінск.
Нагадаем, у гэтым беларускім горадзе была база Рачной флатыліі ВМС Польшчы, якая размяшчалася на рацэ Піна, і аперыравала на так званым пінскім моры – у басейне ракі Прыпяць з асноўнымі рэкамі Прыпяць, Піна, Струмень. На ўзбраенні флатыліі было шэсць добра ўзброеных манітораў, тры артылерыйскія катары, чатыры штабныя караблі, 17 узброеных катараў, два сувязныя катары, сем рачных тральшчыкаў і каля 50 дапаможных суднаў, у тым ліку некалькі маторных лодак і шэсць глісераў. Гэта была даволі сур'ёзная баявая сіла.
Рачныя маніторы ВМС Польшчы на Прыпяці, 1928 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
12 верасня 1939 года школа была расфармаваная. Пазней частка афіцэраў і курсантаў школы змагла дабрацца да Вялікабрытаніі. Там жа апынуліся 60 курсантаў, якія перад самай вайной праходзілі практыку на парусніках «Іскра» і «Вілія» ды знаходзіліся ў плаванні ў міжнародных водах.
23 лістапада 1939 года на караблі «Гдыня», які стаяў на якары ў плімутскім порце ў Вялікабрытаніі, была створаная Кадэцкая школа ваенна-марскіх афіцэраў. Пасля роспуску польскіх ВМС у Вялікабрытаніі па заканчэнні вайны вучылішча спыніла сваю дзейнасць і пераехала ў Польшчу.
Курсанты Афіцэрскай школы ВМС падчас гімнастыкі на беразе Балтыкі, 1951 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
І так, 18 студзеня 1946 года была адноўленая Афіцэрская школа Ваенна-марскіх сіл са штаб-кватэрай ужо ў Гдыні, якая ў 1955 годзе змяніла назву і сталай Вышэйшай афіцэрскай школай Ваенна-марскіх сіл. У наступным годзе вучылішча было названае ў гонар Герояў Вестэрплатэ. А вось 1 кастрычніка 1987 года, у 65-ю гадавіну заснавання ВНУ, яна была перайменаваная ў Ваенна-марскую акадэмію.
У кастрычніку 1996 года ўпершыню ў акадэміі пачалі навучанне цывільныя асобы па грамадзянскіх спецыяльнасцях, а ў 1999-м жанчыны першы раз былі дапушчаныя да ўступных экзаменаў на атрыманне ваенна-марской адукацыі.
Дарэчы, ў акадэміі вучацца не толькі грамадзяне Польшчы. На камерцыйнай аснове марское вучылішча рыхтуе афіцэраў для ВМС Катара, Кувейта, Саудаўскай Аравіі і іншых краін.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл