Беларуская Служба

Як павысіць грамадскую ўстойлівасць? Польшча арыентуецца на грамадзян, Швецыя – на бізнес (ФОТА)

22.01.2026 11:45
Шведская брашура ўтрымлівае веды аб працы кампаній падчас крызісаў, напрыклад, аб варыянтах дыстанцыйнай працы і хуткім перамяшчэнні супрацоўнікаў.
«Даведнік бяспекі» Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Да сярэдзіны студзеня грамадзяне Польшчы атрымалі больш за 11 мільёнаў асобнікаў «Даведніка бяспекі». Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, да канца студзеня брашуру-інструкцыю на выпадак надзвычайнага здарэння павінны атрымаць 16,3 мільёна хатніх гаспадарак у Польшчы. Цікава, што шведскія ўлады вырашылі пайсці далей, арыентуючыся таксама на іншую мэтавую аўдыторыю – прыватны сектар, паведамляе сайт InfoSecurity24.pl.

Паводле польскага МУС, «Даведнік бяспекі» – гэта ўніверсальны і зручны зборнік ведаў, які павінен быць даступны кожнаму грамадзяніну. «Выданне змяшчае неабходную інфармацыю аб асабістай і сямейнай падрыхтоўцы да розных крызісаў, такіх як стыхійныя бедствы, доўгатэрміновыя адключэнні электраэнергіі, а таксама тэрарыстычныя і кіберпагрозы або ўзброеныя канфлікты», – абвясціла міністэрства.

«Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net  «Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Распаўсюджванне брашуры-іструкцыі па пошце пачалося напрыканцы снежня 2025 года, прычым першымі даведнік атрымалі жыхары ўсходняй Польшчы. Міністэрства таксама падкрэсліла маштаб і кошт усяго праекта.

Тым часам у Швецыі намаганні па павышэнні нацыянальнай устойлівасці былі дапоўнены ініцыятывай, накіраванай непасрэдна на бізнес. Шведскі ўрад пачаў рассылаць спецыяльны даведнік, які дапаможа кампаніям падрыхтавацца да вайны або крызісу.

Выданне, падрыхтаванае Шведскім агенцтвам грамадзянскай абароны і ўстойлівасці, атрымае па пошце 130 000 прадпрыемстваў, якія працаўладкоўваюць, як мінімум, пяць чалавек, што ахоплівае прыблізна 85% працоўнай сілы краіны.

Шведская брашура з 30 старонак утрымлівае веды аб працы кампаній падчас крызісаў і ўзброеных канфліктаў. У публікацыі падкрэсліваецца вырашальная роля прыватнага сектара ў падтрыманні бесперапыннасці дзяржаўных аперацый і забеспячэнні асноўных патрэб грамадства.

«Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net  «Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Шведская брашура таксама ўключае рэкамендацыі па планаванні і падрыхтоўцы кадраў, кіраванні персаналам, аварыйным электразабеспячэнні, варыянтах дыстанцыйнай працы і хуткім перамяшчэнні супрацоўнікаў.

У дакуменце таксама тлумачацца прынцыпы супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і абавязкі прадпрыемстваў у адпаведнасці з правіламі аб поўнай абароне.

«Брашура для кампаній змяшчае канкрэтныя парады па планаванні, падрыхтоўцы кадраў і ўмацаванні гатоўнасці да розных сітуацый», – падкрэсліў кіраўнік Упраўлення грамадзянскай абароны Мікаэль Фрысель.
Выданне было заснавана на ўкраінскім вопыце і досведзе пандэміі COVID-19, а яго лічбавая версія таксама даступная на англійскай мове.

«Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net  «Даведнік бяспекі». Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Варта адзначыць, што шведскі даведнік для кампаній дапаўняе дзеянні, якія прымаліся ў Швецыі ўжо раней. Восенню 2024 года ўрад у Стакгольме разаслаў усім хатнім гаспадаркам публікацыю аб тым, як людзі могуць спраўляцца з крызісамі.

«У параўнанні з версіяй даведніка 2018 года, мы прысвяцілі больш месца падрыхтоўцы да вайны, у тым ліку эвакуацыі і абароне ад паветранага нападу», – сказала тады кіраўнік праекта Крысціна Андэрсан. Яна дадала, што ўпершыню падкрэсліваецца, што трэба быць гатовым заставацца без дапамогі як мінімум тыдзень.

аз

У Польшчы рыхтуюць даведнік для дзяцей і моладзі па крызісных сітуацыях

23.09.2025 14:41
Такі дапаможнік для дарослых жыхароў ужо падрыхтаваны ў віртуальным выглядзе.