Гдыня доўгія гады прыцягвала тысячы людзей, бо давала шанец на рэалізацыю амбітных планаў ды бізнесаў. Неўзабаве горад будзе адзначаць стагоддзе атрымання гарадскіх правоў.
Польскі горад Гдыня сёлета адзначае 100-годдзе надання гарадскіх правоў, Сенат Польшчы абвясціў 2026 – Годам гораду Гдыні. З гэтай нагоды гарадскія ўлады запланавалі мноства цікавых мерапрыемстваў: дэманстрацыю тысячы дронаў, гісторыю Гдыні ў 3D, самы доўгі сумесны стол, канцэрты, спектаклі, старт велагонкі «Tour de Pologne», юбілейны фестываль «Opener’». Гэта толькі некаторыя са здарэнняў, якія Гдыня падрыхтавала да сваёй сотай гадавіны. Святкаванне пачнецца 10-га лютага, бо менавіта ў гэты дзень у 1926-м годзе Савет Міністраў выдаў пастанову, згодна з якой Гдыня атрымала статус гораду, але будзе адзначаць цягам усяго 2026 года.
У польскай грамадскай свядомасці існуе феномен Гдыні, пра які распавядаў яшчэ ў 1980-ыя гады Польскаму раыдё вядомы навуковец прафесар Балеслаў Палькоўскі.
— Гдыня стала міфам міжваеннага і пасляваеннага перыядаў. Гдыню нельга разглядаць інакш, як феномен польскай марской думкі, нашай цалкам самастойнай, і адначасова, праявам паспяховага эканамічнага планавання. Гдыня – гэта порт і горад. На маю думку, 500 кіламетраў берагавой лініі менш укараніліся ў свядомасці пакаленняў, чым гэты невялікі кавалачак – Гдыня. Чаму? Таму што яна адкрыла іншую перспектыву для маладой Польшчы.
Што гэта за перспектыва і як усё пачалося для Гдыні мы запыталіся ў кіраўнік Аддзелу камунікацыі ды рэкламы Музею гораду Гдыні Міхала Мегоня.
— Гдыня, пра што рэдка згадваюць, мае сярэднявечнае паходжанне, бо першыя змены ў вёсцы Гдыня адбыліся ў сярэдзіне XIII стагоддзя, што сапраўды зʼяўляецца зʼявай. Гістарычная вось галоўнай вуліцы існуе дагэтуль: вуліца Старовейская, якая вядзе ад чыгуначнага вакзалу і заканчваецца ля мора. Гэта быў старажытны шлях, па якім жыхары спускаліся з узвышшаў, каб лавіць рыбу. Але сцвярджэнне, што Гдыня была рыбацкай вёскай, трэба аспрэчыць, бо гэта была сельскагаспадарчая вёска. Гэта была сельскагаспадарчая вёска сярэдняга памеру, нават даволі квітнеючая, дзе рыбакі складалі толькі невялікую частку супольнасці. Гісторыя Гдыні пайшла б зусім па-іншаму, калі б не рашэнне стварыць тут порт, гандлёвы і ваенна-марскі.
Адпаведнае рашэнне прыняў тагачасны польскі ўрад законам з 23 верасня 1922 года: «Урад упаўнаважваецца прыняць неабходныя меры для будаўніцтва марскога порта ў Гдыні ў Памераніі ў якасці порта грамадскага карыстання».
На выбар Гдыні паўплываў Тадэвуш Вэнда, згадваў у архіўнай размове «Гдыня на службе Польшчы» з Польскім радыё інжынер Казімеж Камоцкі.
— Адзінае прыдатнае для гэтага месца – Гдыня. Паколькі вусце ракі Вісла моцна ілістае, з-за чаго яно абсалютна непрыдатнае. Заходняя мяжа і Жарнавецкае возера непрыдатныя. Калі б яны не былі мяжой, на Жарнавецкім возеры можна было б пабудаваць порт. Хэль непрыдатны, бо Хэль заіліваецца, і гэтак далей. Толькі Гдыня.
Калі б не порт, сённяшняя Гдыня была б вёскай на Балтыйскім узбярэжжы, перакананы Міхал Мегонь.
— Калі б у Гдыні не было такога зручнага месца для порта, калі б інжынер Тадэвуш Венда, які быў праектантам порта і якому было даручана знайсці месца, абраў, напрыклад, Уладыславаў або Пуцк, Гдыня была б другой Лэбай або Усткай, – летнім курортам. Яшчэ да 1926 года, да таго вырашальнага моманту, калі Гдыня ператварылася з вёскі ў горад, яна была квітнеючым летнім курортам. Яна канкурыравала з летнімі курортамі, такімі як Сопаты, сённяшні горад Сопат, а таксама з летнім курортам Вестэрплатэ, які знаходзіўся ў тагачасным Вольным горадзе Гданьск і гадамі функцыянаваў як турыстычны цэнтр. Гдыня мела добрую турыстычную базу, дзякуючы прадпрымальніцтвы кашубскіх семʼяў, бо Гдыня дагэтуль зʼяўляецца месцам, дзе жыве даволі вялікі працэнт кашубскага насельніцтва, а таксама імігранты. Турызм вельмі хутка развіваўся дзякуючы чыгунцы, бо ў 1870 годзе зʼявіліся чыгуначныя шляхі, якія злучалі Берлін з Кёнігсбергам, і менавіта дзякуючы вакзалу Гдыня, маленькая вёска ў канцы 19 стагоддзя, стала ключавым месцам для турызму.
На пачатку 1920-х гадоў некаторыя скептычна паставіліся да ідэі будаўніцтва порта ў Гдыні, што было звязана са значнымі праблемамі, з якімі сутыкнуліся на этапе рэалізацыі, зазначае эксперт.
— У гады, якія папярэднічалі наданню гарадскіх правоў Гдыні, узніклі розныя праблемы вакол порту. Калі будаўніцтва ў пачатку 1920-х гадоў, ад праектавання да ўзвядзення першага часовага пірса, пачалося з энтузіязмам, у пэўны момант шматлікія субʼекты, якія ўдзельнічалі ў праекце, спынілі супрацоўніцтва. Спатрэбілася сурʼёзнае ўмяшальніцтва міністра прамысловасці і гандлю Яўгена Квяткоўскага, які, так бы мовіць, запусціў працу і забяспечыў фінансавую падтрымку. Наданне Гдыні гарадскіх правоў таксама было, у пэўным сэнсе, сімвалічным уваходам у этап развіцця буйнога гарадскога цэнтру вакол порту. Першыя планы 1926 года ўжо адлюстроўвалі горад такім, якім мы яго ведаем сёння, з шырокімі магістралямі, прадстаўнічымі зонамі і так званым марскім форумам. Наданне гарадскіх правоў таксама мела прапагандысцкую каштоўнасць, папулярызацыю марской Польшчы. Усё пачалося з сімвалічнага моманту заручын Польшчы з морам, калі генерал Юзаф Халер кінуў пярсцёнак у заліў, як сведчанне выхаду другой Польскай Рэспублікі да мора. Такім чынам, стварэнне порта і наданне гарадскіх правоў Гдыні павінны былі прадэманстраваць, што пачалася рэалізацыя буйнога сацыяльнага праекту Другой Польскай Рэспублікі, аднаго з найвялікшых у гісторыі Польшчы.
Гдыня стала менавіта такім агмянём, крыніцай прадпрымальніцтва ў Польшчы. Горад неаднаразова дэманстраваў свой дзелавы дух у розныя эпохі: сюдой ішла славутая вугальная магістраль 1930-ых, тут будаваліся караблі, тут адбываўся маштабны знешні гандаль усю другую палову ХХ-га стагоддзя.
Юры Ліхтаровіч