Беларуская Служба

Палякі найчасцей абіраюць каву з малаком, але густы паволі мяняюцца

09.02.2026 14:12
Warsaw Coffee Festival 2026 завітаў у 11-ы раз у польскую сталіцу.
Аўдыё
Warsaw Coffee Festival 2026
Warsaw Coffee Festival 2026Polskie Radio dla Zagranicy/Uladzimir Zuyeu

7–8 лютага 2026 года Варшава пахла кавай мацней, чым звычайна. Галоўная прычына – Warsaw Coffee Festival 2026, які завітаў у польскую сталіцу. Гэтая падзе вымерваецца не колькасцю выпітых кубкаў кавы, яе сутнасць – дэманстрацыя таго, што кава – гэта мова, на якой размаўляюць людзі з усяго свету.

7–8 лютага на стадыёне PGE Narodowy 11-ы раз праходзіў Warsaw Coffee Festival – галоўнае кававае свята Польшчы, і адна з найбуйнейшых падзей прысвечаных каве ў Цэнтральнай Еўропе. Гэта не проста фестываль, а сапраўдная кававая мапа свету, разгорнутая пад адным дахам.

Warsaw Coffee Festival упершыню прайшоў у 2019 годзе ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве. З тых часоў падзея паступова разрасталася, прыцягваючы ўсё больш удзельнікаў, і змяніла пляцоўку, каб задаволіць рост цікавасці. Пасля перапынку ў сувязі з пандэміяй фестываль вярнуўся і быў перанесены на PGE Narodowy – гэта значна больш прасторная і вядомая пляцоўка.

Сёлета Warsaw Coffee Festival прапанаваў багатую праграму, якая захапіла як прафесіяналаў, так і аматараў. Больш за сто дзевяноста ўдзельнікаў – кавярні, смажальнікі, вытворцы абсталявання, дызайнеры, якія паказалі ўсе магчымыя гатункі кавы: ад класічнага эспрэса да эксперыментальных гатункаў з Эфіопіі і Калумбіі.

Прадстаўлена была і самая малая кавярня ў Польшчы, якая працуе на варшаўскай вуліцы Пулаўскай. Марцін Сідаровіч у гэтым бізнесе – ужо паўтары гады і можа ацаніць смакі прыхільнікаў кававых напояў.

— Я прадстаўляю самую маленькую кавярню ў Польшчы з самым вялікім выбарам смакавых кавы, маці, какавы. Паўтара гады я займаюся гэтым. 80% спажыўцоў у Польшчы п'юць каву з малаком. З гэтых 80-ці, хто пʼе з малаком, можна вылучыць 70-60%, якія ўсё ж такі пʼюць каву яшчэ з нейкімі іншымі дабаўкамі. Напрыклад, мы рыхтуем каву з перацёртымі бананамі ці трускаўкамі. Яшчэ папулярныя карыца і яблычны сок, і кава са смакам «Шарлоткі». Вядома ж, мы імкнёмся прасоўваць раф. Зараз заходзіць на рынак, акрамя кавы, яшчэ і маця. Шмат хто ставяцца да яе скептычна, але, скажу шчыра, летам 60% продажаў у мяне была маця.

Расціслаў, якія працуе на прадпрыемстве па абсмажванні кавы, адзначае змену прыхільнасцяў кавафілаў.

— Файна тое, што рынак у Польшчы змяняецца. На самым пачатку, калі я прыехаў сюды цяжка было знайсці нешта файнае ў Польшчы. Найчасцей былі класічныя смакі – шакаладна-арэхавыя. Гэта не кепская кава, але нічога надзвычайнага ў ёй не было. З часам я заўважыў, што адбыліся змены, людзі пачалі шукаць нешта выключнае, напрыклад funky coffee. Людзі цяпер больш шукаюць асаблівых прысмакаў.

Ужо ля ўваходу становіцца зразумела, што фестываль – гэта не пра «хутка выпіць каву». У паветры змешваюцца пахі свежай абсмажаных зярнятаў, шакаладу, цытрусавых і карамелі. Людзі з кубкамі ў руках, барысты за кава машынамі, чэргі да стэндаў. Ёсць ад чаго прыйсці ў захапленне, зазначае наведвальніца Наталля.

— Мы тут ужо другі дзень у абсалютным захапленні. Усё спрабуем, усё купляем. Выдатныя ўражанні, самыя-самыя!

Наведвальнікі маглі паспрабаваць рэдкія і спецыяльныя гатункі, параўнаць профілі смакаў і араматаў з розных рэгіёнаў, атрымаць парады ад экспертаў барыстаў. Менавіта тут становіцца зразумела, чаму кава – гэта асобная культура, зазначае Наста.

— Мне вельмі падабаецца, таму што тут ёсць кава на любы густ, на любы запыт чалавека, ці ён пʼе з малаком, ці, наогул, не любіць каву, а аддае перавагу маце ці какаве, кожны можна знайсці варыянт для сябе. Мне вельмі падабаецца, што ўсе выстаўцы, да якіх мы падыходзілі, вельмі прыязныя, і шмат дзе можна бясплатна скаштаваць. І вельмі хутка, за першыя 20 хвілін у мяне палепшыўся настрой, бо вельмі класная атмасфера. Да таго вялізарны выбар, у нейкі момант ты ўжо не ведаеш, што абраць. Такая тут канцэнтрацыя класных брэндаў з розных краін свету. Мне вельмі спадабалася.

Кававы фестываль – гэта яшчэ лекцыі, і майстар-класы, і размовы пра ўстойлівы бізнес, пра якасць вады, будучыню кавярняў. Мерапрыемства выразна паказала, што кава сёння – гэта не толькі вялікі бізнес, але тут ёсць месца і для адукацыі, для разумення важнасці экалогіі, якасці і дыялогу.

уз/юл