«Я нават не ведаю, як мы будзем гэта называць. Ці ёсць увогуле такое слова ў польскай мове?» — разважаў каментатар Польскага тэлебачання Пшэмыслаў Бабяж падчас спаборніцтваў фігурыстаў. І не дзіўна: тое, што робіць Ілля Малінін, выходзіць за межы чалавечага ўяўлення – піша выданне Onet.
21-гадовага амерыканца называюць «богам», «геніем» і «Арманам Дзюпланцісам фігурнага катання». За апошнія два сезоны ён выйграе амаль усе спаборніцтвы, у тым ліку чэмпіянаты свету і фіналы Гран-пры. Яму належыць і сусветны рэкорд у адвольнай праграме.
Найбольш уражваюць яго скачкі. У фігурным катанні іх шэсць, і самым складаным лічыцца аксель — адзіны, які выконваюць з разгонам тварам наперад і прызямленнем спінай. Таму, напрыклад, трайны аксель — гэта тры з паловай абароты ў паветры.
Чацвярны аксель доўгі час лічыўся амаль немагчымым. Яго спрабаваў выканаць японец Юдзуру Ханю, але першым у гісторыі гэта зрабіў Малінін у 2022 годзе. Цяпер ён ужо выконвае камбінацыю з чацвярнога акселя і трайнога тулупа, а на трэніроўках спрабаваў і скачок з пяццю абаротамі.
Міжнародны саюз фігурнага катання нават уключыў у правілы табліцу ацэнак для пяціабаротных скачкоў, аднак пакуль забараніў іх у кароткай праграме і як сольны элемент у адвольнай.
Спецыялісты раней лічылі, што пяць абаротаў — за межамі фізічных магчымасцяў чалавека. Але трэнеры кажуць: Малінін мае ідэальныя для гэтага параметры — вельмі стройную фігуру, моцны выкід уверх і выключную тэхніку ў паветры.
нг