Беларуская Служба

Апошняя дэпартацыя палякаў з Беларусі адбылася ў 1952 годзе

12.02.2026 19:22
10 лютага 1940 г. пачалася першая масавая дэпартацыя грамадзян Польшчы з захаду БССР.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ежы Рахазіньскі пра дэпартацыі палякаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

10 лютага 1940 года пачалася першая масавая дэпартацыя грамадзян Польшчы з яе ўсходніх даваенных тэрыторый, у тым ліку з заходняй Беларусі. Углыб Савецкага Саюза былі раптоўна выселены сотні тысяч людзей.

Дэпартацыі палякаў з усходніх тэрыторый даваеннай РП, у тым ліку з беларускіх зямель, ажыыцяўляліся ў 1940–1941 гг. па ініцыятыве Сталіна.

Пра гістарычны кантэкст гэтых падзей расказвае Ежы Рахазіньскі (Jerzy Rohoziński), гісторык з Цэнтра вывучэння таталітарызму Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага.

— Гэта быў гром сярод яснага неба. Раптам, у сярэдзіне ночы, супрацоўнікі НКУС пагрукалі ў дзверы тысяч дамоў. Брахалі сабакі... Людзі мелі толькі гадзіну, каб сабраць рэчы. Іх звозілі на станцыі, а потым кудысьці далей... Аднак супрацоўнікі НКУС не выпадкова апынуліся ў канкрэтных месцах, куды прыйшлі па людзей. Гэта была складаная лагістычная аперацыя. НКУС ужо меў вопыт. Яшчэ ў лістападзе 1939 года з тэрыторый г. зв. заходняй Украіны і заходняй Беларусі перасялялі значна меншыя групы насельніцтва ва ўсходнія рэгіёны БССР і УССР. Таму гэта не быў першы раз, калі высялялі палякаў. Варта таксама памятаць, што дэпартацыі датычылі не толькі палякаў, але ўвогуле грамадзян Польшчы — у т.л. украінскай, беларускай і яўрэйскай нацыянальнасцей, хоць большасць складалі палякі. Гэта было, па сутнасці, канчатковае пахаванне астаткаў любых рэштак польскай дзяржаўнасці на гэтых землях.

Рэжым Сталіна не ўпершыню выкарыстоўваў рэпрэсіі ў адносінах да палякаў.

— Савецкія ўлады яшчэ ў 1936 годзе з тагачасных памежных тэрыторый савецкай Украіны перасялілі ў Казахстан каля 70 тысяч польскага, а таксама нямецкага насельніцтва. У 1940-1941 гг. паўтарылі той самы варыянт высылкі з новых памежных рэгіёнаў: насельніцтва, якое не ўпісвалася ў савецкую сістэму на гэтых землях, якое мела сувязі з польскай дзяржавай і якое лічылася неблагонадежным, г.зн. палітычна ненадзейным. Якія гэта былі групы насельніцтва? Пераважна «слупы» дзяржаўнасці: чыноўнікі ўсіх найважнейшых устаноў, юрысты, журналісты, паліцэйскія, хоць трэба адзначыць, што значная частка паліцэйскіх стала ахвярамі Катыні. Гэта былі таксама леснікі і так званыя osadnicy, г.зн. група насельніцтва, якую польская дзяржава размяшчала на гэтых землях з мэтай стварэння лаяльнай сацыяльнай базы. Вядома, што этнічныя адносіны на ўсходіх землях РП не складваліся ідэальна, таму польская дзяржава праводзіла пэўную палітыку — osadnictwo, ствараючы спецпаселішчы з выхадцамі з цэнтральнай Польшчы. Пры ўсіх адрозненнях гэту палітыку вельмі асцярожна можна параўнаць з сучаснымі дзеяннямі Ізраіля на Заходнім беразе ракі Іардан.


Ежы Рахазіньскі. Ежы Рахазіньскі.

У 1940 годзе была не першая і не апошняя дэпартацыя палякаў у СССР. І не толькі палякаў. У тым ліку з Беларусі.

— Савецкі Саюз не спыніў дэпартацыі, а нават — можна сказаць — набываў падчас іх усё больш «вопыту». Пасля дэпартацый 1940–1941 гадоў пачалася масавая хваля высяленняў цэлых народаў, якія савецкія ўлады прызналі «здраднікамі радзімы». Сярод іх былі, у прыватнасці, чэчэнцы, інгушы, карачаі і балкары з Каўказа, а таксама крымскія татары. Гэта адбывалася галоўным чынам у 1943–1944 гг. Акрамя таго, праводзіліся дэпартацыі з балтыйскіх рэспублік у 1949 годзе і дэпартацыі з Малдовы.

Дэпартацыі закранулі і палякаў з Беларусі.

— Апошняя масавая дэпартацыя польскага насельніцтва з савецкай Беларусі адбылася ў 1952 годзе — у паўднёвы Казахстан. Яна ахапіла каля 6 000 чалавек. Улады савецкай Беларусі практычна з 1944 года патрабавалі дэпартацыі польскіх так званых «кулакоў» і «паноў». Аднак рэалізаваць гэта не ўдавалася, бо НКУС быў загружаны работай. Урэшце прыйшоў 1952 год — працы стала трохі менш, і дэпартацыю ажыццявілі. Людзей выселілі ў Сярэднюю Азію фактычна за адну ноч, 18 красавіка 1952 года. Вядома, падрыхтоўка пачалася значна раней. Палякі трапілі на баваўняныя палі, дзе былі спёка, вада, заражаная бактэрыямі, вельмі дрэнныя санітарныя ўмовы. Узровень смяротнасці там быў жахліва высокі. Я бачыў польскія могілкі, размешчаныя непадалёк ад поля бавоўны, у пыле...

Ежы Рахазіньскі ўспамінае таксама пра сваю паездку ў Беларусь — туды, адкуль былі родам дэпартаваныя палякі.

— Я быў на Гродзеншчыне, у адной з вёсак, з якой дэпартавалі людзей польскай нацыянальнасці. Памяць пра гэтыя падзеі там яшчэ захоўвалася, але толькі таму, што там жылі палякі. Гэта было вельмі закрытае асяроддзе — усе адзін аднаго ведалі. Найстарэйшы жыхар вёскі памятаў усіх тых, каго забралі з яго населенага пункта. Аднак гэта вёска паступова вымірала. Сёння я ўжо ведаю, што пан Гжэгаж, на жаль, памёр. Думаю, што разам з яго сыходам памяць таксама знікла. Улады Беларусі не будуць яе ніяк захоўваць, а я нават падазраю, што будуць імкнуцца яе сцерці...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.

Якімі бачыліся Беларусь і беларусы ў Польшчы ў 1930-я гады

17.07.2025 15:51
Адрыян Матула расказвае пра гэта сярод іншага ў кнізе Obraz Rosji sowieckiej na łamach wybranych polskich czasopism konserwatywnych w latach 1929–1939.