Вакцынацыя супраць апаясвальнага лішая павінна праводзіцца кожнаму чалавеку ва ўзросце 50 і больш гадоў — незалежна ад наяўнасці хранічных захворванняў. Такія новыя рэкамендацыі агучылі эксперты падчас сустрэчы з нагоды Тыдня ведаў пра апяразваючы лішай, які сёлета праходзіць з 23 лютага па 1 сакавіка - піша ZdrowieGo.
У Польшчы штогод выяўляюць ад 118 да 142 тысяч выпадкаў хваробы. Захварэць можна ў любы час года, бо інфекцыя не мае сезоннасці. Яе выклікае вірус varicella zoster — той самы, які з'яўляецца прычынай ветраной воспы. Пасля перанесенай хваробы ён застаецца ў нервовай сістэме ў «спячым» стане і можа актывавацца пры аслабленні імунітэту. Амаль 99,5% людзей пасля 40 гадоў ужо перахварэлі ветраной воспай, таму знаходзяцца ў групе рызыкі.
Найчасцей апяразваючы лішай развіваецца ў пажылых людзей і ў пацыентаў з хранічнымі захворваннямі — дыябетам, сардэчна-сасудзістымі хваробамі або гіпертаніяй. Спецыялісты падкрэсліваюць, што дыябет не толькі павялічвае рызыку актывацыі віруса, але і можа ўскладняць кантроль самой хваробы.
Вакцына даступная ў Польшчы з 2023 года. Людзі старэйшыя за 65 гадоў з пэўнымі захворваннямі атрымліваюць яе бясплатна, а дарослыя з груп рызыкі — з 50-працэнтнай кампенсацыяй.
Эксперты падкрэсліваюць: з-за высокай рызыкі цяжкіх ускладненняў вакцынацыя рэкамендуецца ўсім пасля 50 гадоў, а таксама маладзейшым людзям з хранічнымі захворваннямі, якія павышаюць рызыку цяжкага працякання хваробы.
Вакцынацыя супраць апаясвальнага лішая рэкамендуецца таксама людзям старэйшым за 18 гадоў, якія атрымліваюць імунасупрэсіўную тэрапію або перанеслі трансплантацыю касцявога мозгу ці органаў. Паводле даследаванняў, яе эфектыўнасць высокая, а імунітэт захоўваецца больш за 10 гадоў.
Спецыялісты папярэджваюць: прычыннага лячэння не існуе — ужываецца толькі сімптаматычная тэрапія. Нават перанесеная хвароба не гарантуе пастаяннай абароны, таму вакцынацыя рэкамендуецца і тым, хто ўжо хварэў, асабліва пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі або аслабленым імунітэтам.
Хвароба праяўляецца сыпам: спачатку чырвоныя плямы, пазней бурбалкі, падобныя да ветраной воспы. Звычайна высыпанні з’яўляюцца з аднаго боку цела і суправаджаюцца свербам і моцным болем. Асабліва небяспечныя вочная форма, якая можа прывесці да страты зроку, і вушная — да пагаршэння або страты слыху.
Амаль у 30% пацыентаў боль захоўваецца больш за тры месяцы. Найбольш цяжкі — неўрапатычны боль, які складана лячыць і які часцей узнікае ў людзей з дыябетам, анкалагічнымі хваробамі і іншымі станамі, якія аслабляюць імунітэт.
нг