Для работнікаў крам гэта дадатковая праца, але кліенты задаволеныя такім рашэннем, чытаем на сайце беластоцкага выдання Gazeta Współczesna.
З аўторка, 17 лютага, свежая садавіна і гародніна, якія паступаюць у продаж, павінны мець выразнае графічнае пазначэнне краіны паходжання. Гэта мае на мэце павышэнне спажывецкай свядомасці і адначасова спрыянне празрыстасці на рынку. Такому рашэнню могуць радавацца пакупнікі, якія будуць дакладна ведаць, адкуль паходзяць прадукты. Аднак для персаналу крам гэта азначае дадатковыя абавязкі.
Моніка Кош-Кашэўска, прэс-сакратар гандлёвай групы Chorten, зазначае:
— На нашу думку, дастаткова было б пазначаць сцягам толькі польскія тавары, а для імпартных прадуктаў выкарыстоўваць назвы краін паходжання, паколькі многія сцягі падобныя паміж сабой.
З 2019 года аналагічнае патрабаванне дзейнічае для бульбы, а з 2020 года яно распаўсюджваецца і на мяса, якое прадаецца на вагу.
Сцяг павінен не толькі знаходзіцца на бачным месцы побач з таварам, але і быць чытэльным, каб не ўводзіць спажыўца ў зман. Прадукты, выведзеныя на рынак да 17 лютага без адпаведнай маркіроўкі, змогуць прадавацца толькі да вычарпання запасаў.
яс