Пасля забароны катлоў старога тыпу, у якіх можна спаліць што заўгодна, прыйшла чарга катлоў на г.зв. экагарошак, паведамляецца на сайце wnp.pl.
Узмацненне антысмогавых нормаў і кліматычныя рэгуляцыі ЕС прымусяць уладальнікаў дамоў адмовіцца ад катлоў, якія выкарыстоўваюць г.зв. экагарошак.
Экагарошак (ад польскага ekogroszek) – гэта від цвёрдага паліва, якое вырабляецца з высакаякаснага каменнага або бурага вугалю. Менавіта з-за дробнага памеру, падобнага да гароху, ён і атрымаў сваю назву. Экагарошак ідэальна падыходзіць для катлоў з аўтаматычнай падачай. Ён у пэўнай ступені больш экалагічны, чым звычайны вугаль.
Працэс вываду катлоў на экагарошак залежыць ад класа катла і мясцовых правілаў, і будзе расцягнутым на некалькі гадоў. Як паведамляецца, здымаюцца з эксплуатацыі катлы ніжэй за 5-ы клас.
Падкрэсліваецца, што новыя рэгуляцыі тычацца не толькі экагарошку. Яны таксама распаўсюджваюцца на каменны вугаль, брыкеты і пелеты, якія ўтрымліваюць мінімум 85% каменнага вугалю. Тэрміны вываду катлоў могуць адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёну Польшчы.
Бескласавыя састарэлыя катлы ў большасці рэгіёнаў краіны павінны былі быць выведзены з эксплуатацыі ў 2024 годзе. Выкарыстанне катлоў 3-га і 4-га класаў будзе паступова абмяжоўвацца да канца 2028 года. Катлы 5-га класа могуць эксплуатавацца даўжэй за ўсе, звычайна да моманту ўвядзення поўнай забароны на спальванне вугалю.
Дырэктыва ЕС па энергаэфектыўнасці будынкаў (EPBD) прадугледжвае поўную адмову ад катлоў на выкапнёвае паліва ў будынках да 2040 года.
яс