Алена — адна з шматлікіх беларусак, якія сталі эмігранткамі ў Польшчы пасля падзей 2020 года. Паводле яе, беларусам лягчэй адаптавацца ў Польшчы, чым у любой іншай еўрапейскай краіне.
— Алена, вы так сумна сказалі мне, што з’яўляецеся адной з шматлікіх эмігрантак у Польшчы. І як вам тут жывецца?
— Збольшага нядрэнна. Я працую ў польскай прыватнай фірме наёмнай працаўніцай, спецыялісткай. Большасць калег, вядома, палякі, і мне пашанцавала з калектывам: ветлівыя, добразычлівыя. Асяроддзе важнае, таму крута, калі вакол цябе адукаваныя, творчыя і разумныя людзі.
— Перыяд адаптацыі ўжо мінуў? Наколькі ён быў складаным?
— Я б задавала гэтыя пытанні ў цяперашнім часе. Мне здаецца, што праз тры гады ў эміграцыі адаптацыя дагэтуль працягваецца. Часам бываюць складаныя перыяды, а часам — вельмі складаныя. Зараз нібыта больш лёгкі этап. Магчыма, гэта нейкі эміграцыйны цыкл, але стабільнасці няма. І ты гэта ўсведамляеш, бо не ведаеш, што з табой будзе праз паўгода.
— Вы як эмігрантка з якімі найбольшымі складанасцямі сутыкаецеся?
— З фінансавай няпэўнасцю. Жывеш у наёмным жытле, у цябе розныя дачыненні з гаспадаром гэтага жылля. Увязвацца ў гісторыю з іпатэкай я пакуль не гатовая. Але ўсё ж, калі ў цябе свой дом ці кватэра, то гэта крыху іншае самаадчуванне, як мне здаецца. Хаця, магчыма, гэта не зусім па-еўрапейску: у той жа Швейцарыі шмат хто праз ахавыя цэны на нерухомасць усё жыццё здымае жытло, гэта норма. Але, мабыць, мы пасля Беларусі інакш гэта ўспрымаем.
— А проста на жыццё, каб пражыць з вашай працы, стае сродкаў?
— Пражыць — так. Няма пытанняў, няма такіх станаў скрухі, што, маўляў, я не выжыву і давядзецца вяртацца ў Беларусь праз галечу. У матэрыяльным плане я пачуваюся тут не горш, чым у Беларусі. Бытавыя ўмовы трохі пагоршыліся, затое я стала больш мабільная (вандроўкі, гасцяванне ў сяброў у іншых польскіх гарадах), лепш харчуюся, дазваляю досыць дарагія пакупкі для сябе і блізкіх.
— А што датычыць духоўнага жыцця, культурніцкага боку — як вы тут пачуваецеся?
— Усё залежыць ад узроўню энергіі. Часам (як сёння) я гатовая ісці ў людзі — напрыклад, у нашым горадзе шмат чаго ладзіць беларуская дыяспара. Але часам нічога не хочацца, і я раблюся пустэльніцай: толькі праца, дом плюс, магчыма, шпацыры. Тым не менш я імкнуся сачыць за навінамі з Беларусі : гэта для мяне мае сэнс.
— А як вам наогул Польшча?
— Не ведаю, ці надоўга я тут, але гэта краіна, з якой у нас шмат супольнага. У нас больш за 200 гадоў агульнай гісторыі, таму нам, беларусам, лягчэй адаптавацца ў Польшчы, чым у Нямеччыне, Францыі або Іспаніі, у тым ліку праз падобную ментальнасць.
— Алена, у вас цудоўная беларуская мова. Вы прыехалі сюды з ёй ці набылі яе тут, як многія эмігранты?
— Я прыехала з ёй.
— Даўно вы з ёй?
— Так, ужо два дзесяцігоддзі. Не магу сказаць, што я палітычная ці грамадская актывістка. Проста гісторыя маіх зносін з беларушчынай пачалася даўно.
— А з польскай мовай, з польскай культурай як вы сябе адчуваеце?
— З польскай мовай адчувальна ідзе прагрэс, я ўсё лепш і лепш ёй валодаю. Праўда, асваенне адбываецца досыць стыхійна, бо адзіныя курсы польскай мовы, на якія я хадзіла, доўжыліся толькі 50 гадзін. Астатняе – самавукам. А што да культуры, то для яе асваення таксама патрэбны пэўны рэсурс, якога часам бракуе. І калі даводзіцца выбіраць паміж беларускімі і польскімі падзеямі, я выбіраю беларускія, бо не хочацца страчваць сувязі з Беларуссю.
— Часта ўзгадваеце Беларусь? Хочацца туды?
— Не часта, але згадваецца. І гэта досыць непрыемна, бо не заўсёды ўсведамляеш, што гэта баліць. Але калі ўсведамляеш, то разумееш: гэтая туга сапраўдная, яна ёсьць, пражываць яе – гэта пэўны працэс. І мне, як пісаў Купала, «сняцца сны аб Беларусі». Не кожную ноч, але сняцца. Значыць, гэта нешта важнае.
— У вас ужо ёсць немалы досвед жыцця ў Польшчы. Што б вы ўзялі адсюль у Беларусь, каб была такая магчымасць?
— Досвед жыцця ў маладой еўрапейскай краіне. Польшча — гэта маладая Еўропа. На сённяшні дзень тут вельмі цікава, бо краіна бурна развіваецца эканамічна і культурна. І гэты досвед важны для нас, бо Беларусь таксама стане адной з маладых еўрапейскіх краін у еўрапейскай супольнасці.
— Алена, а вам часта ўзгадваецца 2020 год?
— Так. Узгадваюцца людзі, сувязі паміж імі. Той год быў нібы момант, калі наш калектыўны «падлетак» сказаў свайму «бацьку»-дзяржаве: «Годзе, я ўжо дарослы і гатовы несці адказнасць за сваё жыццё». І гэта праўда, бо мы цяпер самі хочам вырашаць, як нам жыць.
— У чым гэта праяўляецца?
— У мяне, напрыклад, у снах. Не ведаю, ці сніцца нешта падобнае іншым беларусам, але недзе з 2020 года мне раз-пораз сняцца мае памерлыя бацькі, і ў нас з імі няпростыя адносіны. У гэтых снах мы часта ў бацькоўскай кватэры, дзе я вырасла, і я ўсё хачу зь яе сысці…
— Вы імкняцеся трымацца беларускай дыяспары ў замежжы. На ваш погляд, як яна змяняецца з часам?
— Я не ведаю, бо не сачу за гэтымі працэсамі сістэмна. Бачу, што многія асімілююцца і становяцца палякамі, але ёсць людзі, якія пасля 2020 года хочуць ствараць і падтрымліваць жыццё ў сваёй беларускай супольнасці.
— А ваша асабістая эвалюцыя — як яна адбываецца?
— Я не ведаю, але эміграцыя — гэта школа сталення, школа жыцця. Прычым не заўсёды камфортная і не заўсёды лёгкая.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!
эж