Беларуская Служба

Украінцы пасля 4 год вайны: Мы хочам міру, але не любой цаной

26.02.2026 16:39
Крэмль не змог захапіць Украіну, у значнай меры, з-за мабілізацыі ўкраінскага грамадства, якое ахвярна змагалася з агрэсарам. На 5 год вайны, людзі менш мабілізуюцца, яны больш хочуць міру, але не любым коштам.
Аўдыё
  • Украінцы хочуць міру, але не любой цаной
Жанчына з украінскім сцягам на чацвёртую гадавіну поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва УкраінуEPA/Olga Fedorova Dostawca: PAP/EPA.

24 лютага споўнілася чатыры гады з пачатку ўварвання расійскіх войск на тэрыторыю Украіны, з пачатку поўнамаштабнай вайны, якую крамлёўская прапаганда назвала «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». Крэмль не змог захапіць Украіну, у значнай меры, з-за мабілізацыі ўкраінскага грамадства, якое актыўна і ахвярна змагалася з агрэсарам. Цяпер пасля 4 год вайны, людзі менш актыўна мабілізуюцца, яны больш хочуць міру, але не любым коштам.

24 лютага 2022-га года размешчаныя ўздоўж межаў Украіны расійскія войскі перасеклі сухапутную мяжу з некалькіх напрамкаў, у тым ліку з Беларусі, імкнучыся хутка захапіць Кіеў. Першыя дні ўзброенага канфлікту не прынеслі поспеху расіянам. Расійскі напад у 2022 годзе стаў працягам канфлікту з 2014 года, калі Расія анексавала Крым, але выклікаў сапраўдны шок, зазначае прафесар Артур Казлоўскі з універсітэту WSB Merito.
- Ніхто не мог паверыць, што ў ХХІ стагоддзі пачнецца такая жудасная агрэсія. У першыя ж дні вайны былі вялізарныя чалавечыя страты. Амерыканцы вельмі моцна падтрымлівалі ўкраінцаў і дапамагалі ім падрыхтавацца да спынення атакі. Тады мы ўсе былі перакананыя, што гарантам бяспекі можа быць толькі амерыканская армія.
У першую чаргу гарантам трываласці Украіны стала ўкраінскае грамадства, якое мабілізавалася на абарону краіны, зазначае зазначае Ірына Кмець з валанцёрскага цэнтру «Львів Опір».

— У 2022 годзе грамадствам кіравалі і страх, жаданне хутчэй перамагчы, і пераадолець гэтае зло. Многія людзі далучыліся да валанцёрскай працы, да сумесных дзеянняў. З цягам часу мы зразумелі, што вайна працягваецца, што вораг дзейнічае рознымі метадамі, і мы не зможам спыніць яго за кароткі час.

Вайна прынесла вялізарнае гора, але грамадства адказала на гэта адзінствам ды свядомым выбарам на карысць украінскасці, перакананы, былы ўрадовец і эксперт па пытаннях рэгіянальнага развіцця Ігар Добко.

— Змянілася вельмі шмат, і я скажу непапулярную рэч, але гэтая вайна зрабіла ўкраінцаў украінцамі. Я шмат ездзіў па Украіне і раней у Дняпры, у Палтаве ды іншых гарадах здаралася чуць украінскую мову, але дамінавала расійская мова. Цяпер, я нядаўна быў Нікапалі – горад, які часта абстрэльваецца, – у звычайных крамах большасць пакупнікоў размаўляла паміж сабой на украінскай мове. Гэта вялізарная змена, на маю думку. Вайна – гэта вялізарнае гора, але яна паўплывала на тое, што вялікая колькасць украінцаў стала украінцамі.

Вайна стала штодзённасцю для людзей, але паказала, хто чаго варты, зазначае гісторык, эксперт па ўкраінскай палітыцы і расійскай інфармацыйнай вайне Вольга Паповіч.

— У нашым паўсядзённым жыцці вайна значна бліжэй, чым мы б хацелі. Калі чалавек перажывае пастаянны стрэс, яго стаўленне залежыць ад эмацыйнага стрыжня. Нехта, наадварот, становіцца яшчэ больш жорсткім і кажа: «Мне ўсё роўна, але галоўнае, я стаю на пазіцыі, не аддам ніводнага кавалачка зямлі». А хтосьці ня мае. Камусьці цяжка, і ён проста хоча міру, эмацыйнага спакою. Яму ўсё роўна, калі скончыцца вайна, абы толькі не страляць. Ён думае, што потым мы адбудуем жыццё, як хочам. Так не будзе.

Зменшылася валанцёрская актыўнасць украінцаў, якая была вельмі моцная на пачатку вайны, але надалей частка грамадства ангажуецца ў дапамогу войску, працягвае змаганне, але з іншым эмацыйным настроем, тлумачыць Ірына Кмець.

— Калі параўноўваць 2022 і 2025 гады, ёсць розніца. Мы зараз на іншым часавым этапе, эмацыйным этапе. Так, ёсць выгаранне, ёсць псіхалагічныя рэчы, якія ўплываюць на настрой грамадства. У той жа час мы рэалістычна і крытычна ацэньваем стан, у якім знаходзімся. Мы павінны дапамагаць дзяржаве, але дзяржава – гэта мы. Мы – прыклад грамадзянскай супольнасці. Таму, нягледзячы на ўсе негатывы, якія мы бачым, і мінусы, мы засяроджваемся на тым, што можам зрабіць. У 2022 годзе было б больш людзей, гатовых далучацца, чым зараз, але, нягледзячы ні на што, мы працягваем нашу барацьбу.

Праўда таксама тое, што ўкраінцы ўсё больш хочуць міру, але не на абы-якіх умовах, зазначае Вольга Паповіч.

— Вы знойдзеце больш людзей, якія скажуць вам: мы хочам міру. Але мы не хочам міру любой цаной.

Ёсць гатовасць да тэрытарыяльных саступак, але не страты тоеснасці ды мовы, дадае Ігар Добко.

— У нас была эйфарыя, калі мы звольнілі палову Харкаўшчыны, калі вызвалілі Херсон, шмат людзей жылі чаканнямі поўнай перамогі. Цяпер больш людзі чакаюць міру, але дастойнага міру. Нават людзі, якія жывуць на Ўсходзе Украіны, якіх больш закранае канфлікт, але і яны не гатовыя да міру на абы-якіх умовах. У пераважнай большасці людзі хочуць міру, але гэта не азначае, што мы гатовыя прыняць усе ўмовы Пуціна. Напрыклад, вяртанне расійскай у якасці другой мовы ці скарачэнне войска – гэта непрымальна для нас. Такой Украіны я для сябе не бачу.Я хутчэй гатовы на тэрытарыяльныя саступкі.

Апроч таго гэтая вайна паказала патэнцыял ды сапраўдныя каштоўнасці ўкраінцаў, свабода для іх важнейшая за стабільнасць, перакананая Вольга Паповіч.

— Вайна не столькі змяніла, колькі адкрыла. Я прыхільніца тэорыі, што людзі не мяняюцца радыкальна, але яны праяўляюць сябе. Так украінцы праявілі сябе ў папярэднія крызісныя для Украіны гады: у 2004 годзе на Майдане, у 2013-14 гадах падчас «Рэвалюцыі Годнасці», калі ўкраінцы праявілі сябе як нацыя, якая гатовая дапамагаць, разумеючы, што толькі ў адзінстве, можна супрацьстаяць мацнейшаму. Памятаючы той поспех, у 2022 годзе ва ўкраінскім грамадстве знік страх. Калі б мы тады не гінулі на Майдане, калі б пратэсты тады не былі даведзеныя да канца, магчыма зараз вайны магло б не быць, але не было б і свабоды зараз.

Пасля 4 год вайны ў грамадстве застаецца гатовасць да змагання, падкрэслівае Ірына Кмець.

— Я вельмі спадзяюся, што ўкраінскі патэнцыял не будзе страчаны. Я вельмі спадзяюся, што тыя, хто змог аднавіць свае сілы за мяжой, вернуцца з новай сілай, каб быць такой жа падтрымкай для нас тут. Вялікая цана заплачана за тое, каб мы маглі сёння жыць, працаваць, адпачываць, каб нашы дзеці і ўнукі не пралівалі кроў.

На дадзеным момант пакуль не бачныя перспектывы завяршэння вайны ва Украіне. У першую чаргу з-за пазіцыя Расіі. Пра гэта ў інтэрвʼю BBC заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які зазначыў, што Пуцін «не мае намеру добраахвотна спыняць вайну», і заклікаў міжнародная супольнасць засяродзіцца на стрымліванні агрэсара, а не на спробах заслужыць прыхільнасць расійскага лідара.

У сваю чаргу пасланнік Дональда Трампа Стыў Віткоф у інтэрвʼю Fox News распавёў, што на працягу трох тыдняў магчымая сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна. Прадстаўнік ЗША дадаў, што не выключае магчымасці далучэння да перамоваў амерыканскага прэзідэнта, зазначаючы, што гэта можа наблізіць Украіну да міру.

Юры Ліхтаровіч