Беларуская Служба

Замежнае вяшчанне Польскага радыё святкуе 90-годдзе

28.02.2026 16:02
Датай узнікнення замежнага вяшчання лічыцца 1 сакавіка 1936 году, калі з’явіліся гадзінныя перадачы для амерыканскіх палякаў.
Аўдыё
  • Замежнае вяшчанне Польскага радыё святкуе 90-годдзе
Калектыў Замежнага вяшчання Польскага радыёфота: Польскае радыё

Замежнае вяшчанне Польскага радыё святкуе 90-годдзе. Датай узнікнення замежнага вяшчання лічыцца 1 сакавіка 1936 году, калі з’явіліся гадзінныя перадачы для амерыканскіх палякаў. Але кожная гісторыя мае сваю прэгісторыю, Замежнае вяшчанне Польскага радыё таксама.

Гісторыя нашай праграмы непарыўна звязана з гісторыяй Польскага радыё. Польскае радыё афіцыйна пачало вяшчанне 18 красавіка 1926 года. Нягледзячы на тое, што 1 сакавіка 1936 года лічыцца афіцыйнай датай пачатку рэгулярнай праграмы для замежнікаў на польскай і англійскай мовах, то ўжо ў 1927 годзе пачалося вяшчанне праграм для слухачоў за мяжой.

Амаль з самага пачатку Польскае радыё ставіла мэту захаваць польскасць сярод палякаў у замежжы і папулярызаваць польскую культуру за мяжой. Важным крокам стала стварэнне 8 снежня 1927 года Віленскай радыёстанцыі. Яна, як першая ў гісторыі Польскага радыё, вяшчала на літоўскай і беларускай мовах.

Чарговым важным крокам стала адкрыццё «Радыё Катавіцы» 4 снежня 1927 года. Аказалася, што катавіцкія праграмы слухаюць, у прыватнасці, у Францыі. У 1934 годзе выйшла першая пробная перадача на мове эсперанта. Сталыя штотыднёвыя перадачы пачаліся з 1936 году.

За мяжой жыло шмат палякаў, якія адчувалі з Польшчай моцную сувязь, а таму стварэнне прапановы для іх – было знакам часу, гаворыць сацыёлаг, гісторык і даследчык гісторыі Польскага радыё з Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані і аўтар «Радыёвяшчанне ў Польшчы. Нарыс гісторыі» Марцін Германоўскі:

- Гэта быў добры час для радыёстанцый у Польшчы ў цэлым, але таксама і для рэгіянальных станцый, бо менавіта яны фарміравалі характар Польскага радыё. У міжваенны перыяд узнікла шмат рэгіянальных радыёстанцый. Значную ролю адыгралі «Радыё Познань» і «Радыё Катавіцэ». Трэба сказаць, што вялікая колькасць палякаў жыла за межамі Польшчы. Гэта, вядома, было звязана з рознымі гістарычнымі абставінамі. Польшча толькі што аднавіла незалежнасць, і палякі былі раскіданыя па ўсёй Еўропе, і, па сутнасці, па ўсім свеце. Польская дыяспара ў той час адчувала сувязь са сваёй Радзімай. Гэтая сувязь з радзімай, у першую чаргу дзякуючы Польскаму радыё Катавіцэ, была вельмі моцнай у той час. І палякі вельмі ахвотна пісалі ў Катавіцэ. І аказалася, што з Францыі на скрыню «Радыё Катавіцэ» прыйшло больш за два мільёны лістоў.

Не заўважыць такіх слухачоў было немагчыма.

Некаторыя пачаткам працы Замежнага вяшчання Польскага радыё сімвалічна лічаць дзень 11 лістапада 1933 года, калі адбывалася рэтрансляцыя для амерыканскіх палякаў прамовы прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага з нагоды 15-й гадавіны незалежнасці Польшчы.

З 1 кастрычніка 1935 году адбывалася трансляцыя пробных перадач для палякаў у Амерыцы, а з 1 сакавіка 1936 году гадзінныя перадачы пачалі выходзіць на пастаяннай аснове. Гэта і лічыцца днём нараджэння Замежнага вяшчання Польскага радыё.

Перадачы для ЗША былі несумненным поспехам, які заахвоціў кіраўніцтва Польскага радыё пашырыць вяшчанне на кароткіх хвалях. Пачалося вяшчанне на Паўднёвую Амерыку, пасля на Заходнюю Еўропу.

Рэпартажыстка Студыі рэпартажу Польскага радыё Бажэна Навіцка напісала магістарскую працу пра Замежнае вяшчанне Польскага радыё. У гэтым сваю ролю адыграў журналіст Беларускай рэдакцыі, якая існуе з 1992 года:

- Я пісала яе 25 гадоў таму. Так атрымалася, што першая тэма для маёй працы, якую я задумала падчас вучобы на журналістыцы, не падышла. Я заўсёды любіла радыё, і ў мяне была стажыроўка ў Трэцяй праграме Польскага радыё, і выпадкова я сустрэла свайго цяперашняга мужа, які ў той час працаваў у Беларускай рэдакцыі. І я была здзіўлена, калі даведалася, што нават будучы студэнткай факультэта журналістыкі, я не ведала, што такая праграма на Польскім радыё наогул існуе. І я падумала, што калі я не ведаю, то, магчыма, гэта будзе цікавая тэма і для іншых. А яшчэ ў мяне, як супрацоўніцы, быў доступ да цудоўнай бібліятэкі, якой, на жаль, ужо няма. Тады была бібліятэка, газеты друкаваліся на паперы, і мне было значна прасцей пісаць. Гэта таксама была другая прычына, чаму я напісала гэтую працу.

Бажэна Навіцка гаворыць, што, збіраючы матэрыялы для сваёй магістарскай працы, некаторыя факты пра гісторыю Польскага радыё сталі для яе адкрыццём:

- Замежнае вяшчанне было вялікім адкрыццём. І пачатак. Для мяне таксама было вельмі цікавым тое, што Польскае радыё на пачатку свайго існавання было прыватнай кампаніяй аматараў радыёсувязі, і першыя словы былі не па-польску, а па-французску, бо французская мова ў тыя часы была мовай дыпламатыі. Уся гісторыя Польскага радыё – гэта своеасаблівае адлюстраванне польскай гісторыі, а таксама амбіцый Польшчы, бо ў Польшчы былі вялікія амбіцыі. Хвалі Замежнага вяшчання Польскага радыё дасягнулі нават Афрыкі. Калі згадаць пра непрадбачаны ўплыў польскай супольнасці ў Францыі ці пра тое, што інжынеры не чакалі, што сігнал Польскага радыё будзе такім моцным, што ён дасягне так далёка. А такіх выпадкаў у маёй працы апісана шмат. Я памятаю, як пісала пра слухачоў, існавалі нават клубы слухачоў Праграмы для замежнікаў.

Радыё – гэта таксама людзі. Не толькі журналісты, але і інжынеры, тэхнікі, спікеры. Бажэна Навіцка супрацоўнічае са Студыяй рэпартажу Польскага радыё. Гэты жанр яна называе – сутнасцю радыё:

- На маю думку, гэта сутнасць радыё. Такія сустрэчы. У кожнага ёсць магчымасць, ці смеласць, пазнаёміцца з іншым чалавекам, незнаёмцам у сабе, кожны дзень. І рэпартаж дае такую магчымасць, бо слухач можа пачуць праўдзівую гісторыю. І, магчыма, не толькі пра добрыя рэчы, якія адбываюцца ў жыцці галоўнага героя, але і пра цяжкасці, бо я думаю, што варта гаварыць і пра цяжкасці, бо яны таксама нас аб'ядноўваюць. Радыё мне настолькі блізкае, што я хацела б, каб ідэя радыё заставалася жывой і шанаванай, бо гэта будуе чалавечнасць.

Сёння Замежнае вяшчанне Польскага радыё транслюе свае праграмы на англійскай, беларускай, нямецкай, рускай, украінскай і польскай мовах.

Штодзённа транслююцца дзясяткі праграм, і іх можна слухаць не толькі па радыёпрыёмніках. З 2000 года нашы праграмы даступныя ў інтэрнэце, што дазваляе нам дасягнуць самых аддаленых куткоў свету. Праз сацыяльныя сеткі мы падтрымліваем шырокія, жывыя кантакты са слухачамі.

ав