Беларуская Служба

Якім мог бы быць цэнтр мястэчка на ўскраіне Белавежскай пушчы? Мясцовыя ўлады звярнуліся па дапамогу да студэнтаў-архітэктараў

17.03.2026 07:12
Драўляная архітэктура, каляровыя ганкі і прыгожая прырода – у гэтым заключаецца прыгажосць нараўчанскай гміны. 
Аўдыё
  • Якім мог бы быць цэнтр мястэчка на ўскраіне Белавежскай пушчы?
      .
Студэнты стваралі свае канцэпцыі ўпарадкавання цэнтра Нараўкі.Беларуская служба Польскага радыё/ А.Пятроўская

У Гмінным культурным цэнтры ў Нараўцы адбылося падвядзенне архітэктурна-культурніцкага праекта, у якім студэнты стваралі свае канцэпцыі ўпарадкавання цэнтра мястэчка.

Як мог бы выглядаць цэнтр Нараўкі ва ўяўленні студэнтаў архітэктуры з Беластока? Пра гэта можна было даведацца падчас падвядзення архітэктурна-культурніцкага праекта ў гміне Нараўка.

Студэнты ІІІ курса архітэктуры Беластоцкага Палітэхнічнага ўніверсітэту восенню мінулага года знаёміліся з гмінай Нараўка і падрыхтавалі візуальную канцэпцыю таго, як зрабіць цэнтр мясцовасці яшчэ больш прыгожым ды зручным для жыхароў і наведвальнікаў.


Гэты праект патрабаваў шмат даследаванняў, паколькі Нараўка, сама па сабе, мае няпростую гісторыі ды складаны ландшафт. Побач нацыянальны парк, рэчка, якая вельмі папулярная сярод турыстаў для байдарачных паходаў, і гістарычныя помнікі. Студэнты імкнуліся ўсё зручна спалучыць.


На выстаўцы праектаў можна пабачыць прыклады ўпарадкавання Нараўкі з захаваннем атмасферы мястэчка. Перад тым, як узяцца за стварэнне праектаў, студэнты знаёміліся з культурніцкімі адметнасцямі Нараўкі. У канцэпцыях бачныя вынікі этнаграфічна-архітэктурнай працы, якую восенню мінулага года зрабілі ў Нараўцы студэнты. Яны хадзілі па мястэчку, размаўлялі з людзьмі, рабілі фотаздымкі. Вынікі можна пабачыць на вялікафарматных плакатах.


Студэнты імкнуліся стварыць у Нараўцы прыцягальнае месца для адпачынку, для шпацыраў, для захаплення краявідамі рэчкі, з яе крутымі берагамі ды зменлівым рэчышчам і гісторыяй мястэчка.

З удзельнікамі ў Нараўцы гутарыла Анна Пятроўская