Беларуская Служба

Пра этыку заводчыкаў мы размаўляем са старшынём Элітарнага клубу пародзістых катоў (ФОТА)

20.03.2026 14:03
Сапраўды заводчык імкнецца палепшыць якасць сваёй пароды, а не займацца камерцыйнай вытворчасцю.
Аўдыё
  • Пра этыку заводчыкаў мы размаўляем са старшынём Элітарнага клубу пародзістых катоў (ФОТА)
Выстава Элітарнага клуба пародзістых катоўфота: Польскае радыё

Існуе больш за 150 парод катоў і больш за 400 колераў. Гэтыя веды асабліва істотныя для заводчыкаў пародзістых катоў. Рэгулярна яны сустракаюцца і выстаўляюць сваіх хатніх гадаванцаў на выставах. Нядаўна ў Варшаве прайшла такая выстава, якую ладзіў Элітарны клуб пародзістых катоў, які сёлета адзначае сваё 20-годдзе.

Што хаваецца за назвай клубу? Расказвае яго старшыня, суддзя ўсіх парод катоў, фелінолаг і ветэрынар Марэк Хадай:

— Дваццаць гадоў таму ў дзясятка чалавек, якія разводзілі пародзістых катоў, з'явілася ідэя стварыць клуб, асацыяцыю, куды мог бы далучыцца не кожны, а толькі той, хто выконваў бы пэўныя ўмовы. І мы прыдумалі такую ўмову: рэкамендацыю. Рэкамендацыю ад заснавальнікаў, членаў праўлення, якія ведаюць чалавека, ведаюць, што ён сумленны, клапоціцца пра этыку развядзення і дабрабыт жывёл — гэта значыць, яны не зʼяўляюцца вытворцамі жывёл, а заводчыкамі. Член асацыяцыі, які даваў рэкамендацыю, павінен быў гарантаваць, што новы член арганізаці не будзе парушаць нашы ідэалы, нашы бачанні, звязаныя з развядзеннем пародзістых катоў, не будзе займацца камерцыйнай вытворчасцю.

Ідэя заключаецца ў развядзенні катоў найлепшага тыпу, а кожная парода мае свой тып. Гэта гаворка пра найлепшыя колеры, таму што кожная парода пазней развівае свае ўласныя колеры. Унутры кожнай пароды ёсць стандарт для кожнага колеру. Існуе больш за 150 парод і больш за 400 колераў.


Выстава Элітарнага клуба пародзістых катоў 

Заводчыкі імкнуцца да ідэалу і праз развядзенне заўсёды спрабуюць нешта палепшыць, гаворыць Марэк Хадай:

— Палепшыць колер вачэй, палепшыць колер або якасць поўсці, палепшыць структуру цела, напрыклад, каб зрабіць яго больш масіўным (парода мэйн-кун), або больш худым, як парода корніш-рэкс, дзе кот павінен мець далікатны, стройны і элегантны контур. Паляпшэнне колеру вачэй. Ёсць пароды, якія маюць толькі пэўны колер вачэй, напрыклад, каты з блакітнымі вачыма, як бірманскі кот, або каты пароды рэгдол, дзе вочы таксама павінны быць блакітнымі. Гэта павінен быць блакітны, а не цьмяны блакітны, светла-блакітны або блакітны з аблямоўкай. Такім чынам заводчык імкнецца палепшыць якасць сваёй пароды.

У пародзістых катоў ёсць імя і племянная мянушка, якая зʼяўляецца прозвішчам жывёлы. Племянная мянушка прысвойваецца ўладальніку, заводчыку.


Выстава Элітарнага клуба пародзістых катоў 

Разважаючы пра ідэю Марэк Хадай падкрэслівае, што заводчык хоча нешта змяніць да лепшага, а не проста зарабіць грошай, прадаючы як мага больш катоў, нягледзячы ні на што.

І наадварот, кожны, хто хоча набыць пародзістага ката, павінен рабіць гэта ў правераных заводчыкаў. Фелінолаг кажа, што шукаць інфармацыю трэба ў клубах, абʼяднаных у Польскай федэрацыі фелінолагаў. Іх у Польшчы — больш за 20.

— У многіх клубах ёсць так званыя рэкамендаваныя заводчыкі. Такім чынам, калі я, як прадстаўнік клуба, рэкамендую заводчыка, я гарантую, што катоў належным чынам даглядаюць: ёсць адпаведныя квадратныя метры на адну жывёлу, належнае харчаванне, неабходныя прышчэпкі. У многіх клубах ёсць так званыя камісіі па развядзенні, а члены клуба згаджаюцца, каб камісія іх наведвала. Члены такой камісіі глядзець умовы ўтрымання. Калі ўсё ў парадку, то заводчык атрымлівае рэкамендацыю ад клуба.

Элітарны клуб пародзістых катоў, старшынём якога з’яўляецца Марэк Хадай, рэгулярна праводзіць выставы катоў. Менавіта на днях у Варшаве прайшла такая выстава, а чарговая запланавана на лістапад. Задавальненне — гэта адна з рэчаў, якую атрымліваюць удзельнікі выставы:

— Я адчуваю задавальненне ад таго, што мой кот перамагае іншых катоў дадзенай пароды, як па пародзе, так і па спалучэнні колераў, што мой кот выйграе тытул. Гэты тытул зʼяўляецца рэкамендацыяй таго, што я на ўзровень вышэйшы за таго, хто мне прайграў. Адначасова гэта пацвярджае, што я працягваю лінію развядзення, што я рухаюся ў правільным кірунку, бо суддзя кажа заводчыку, што гэты кот амаль ідэальны ў плане стандарту, і яму прысуджаюць тытул чэмпіёна, інтэрчэмпіёна. Такіх катэгорый шмат. Калі ён яшчэ больш выдатны, то яго намінуюць на званне «Лепшы на выставе». А калі ўвогуле ёсць нейкае «ваў», то гэта «Лепшы з лепшых», гэта тое, што кожны хацеў бы мець. Бо ўсе гэтыя тытулы пазней запісваюцца ў радаводы як ката, так і ў радаводы народжаных кацянят. Гэта азначае, што кацяняты нараджаюцца ад выдатнай самкі ці ад выдатнага самца.

Акрамя выгляду, кот не можа быць агрэсіўным. Кот — сябар чалавека, член сямʼі. Калі кот агрэсіўны, ён атрымлівае так званую жоўтую картку, а атрыманне дзвюх жоўтых картак ад суддзі прыводзіць да дыскваліфікацыі, што часта азначае і выключэнне з развядзення. Кот павінен быць лагодным сябрам для чалавека, канстатуе фелінолаг Марэк Хадай.

ав

слухайце аўдыё


Выстава Элітарнага клуба пародзістых катоў 

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце