Gazeta Wyborcza паведамляе пра аперацыю, якую правялі хірургі Нацыянальнага інстытута анкалогіі ў Варшаве. Яны выдалілі пацыенту пухліну вагой у 20 кілаграмаў. Пацыент хварэе на саркому, пухліна расла ў брушной поласці, але і пацыент, і лекары доўгі час не маглі яе распазнаць з-за празмернай вагі чалавека.
Пры нагодзе гэтай аперацыі анкалагічны хірург прафесар Пётр Руткоўскі нагадвае, што лячэнне вялікіх злаякасных пухлін, асабліва звязаных з рэдкімі захворваннямі, павінна адбывацца ў спецыялізаваных рэферэнс-цэнтрах, дзе пацыентамі займаюцца найлепш падрыхтаваныя спецыялісты.
Аперацыя, якой кіраваў прафесар Руткоўскі, прайшла без ускладнення. Лекар адзначае, што дадзеная пухліна мела незвычайна буйныя памеры, але, пры гэтым, яна была адной з некалькіх дзясяткаў падобных аперацый, праведзеных у цэнтры за апошнія месяцы.
Кожны год каманда хірургаў пад кіраўніцтвам прафесара Руткоўскага ў Нацыянальным інстытуце анкалогіі ў Варшаве праводзіць каля 35-40 падобных аперацый. Паводле гэтых параметраў, варшаўскі шпіталь апярэджвае толькі адна клініка ў Еўропе. Лекары выразаюць пухліны дыяметраў у 25-50 сантыметраў, а некаторыя нават маюць па 60-70 сантыметраў.
Па інфармацыі прафесара, у рэферэнс-цэнтрах ад саркомы вылечваюць каля двух трэціх пацыентаў. У горш падрыхтаваных клініках прагноз лячэння значна менш спрыяльны — нават на каля 25%.
нг