У Вялікабрытаніі тое, што пачалося з некалькіх выпадкаў, хутка перарасло ва ўспышку, якая выклікае занепакоенасць па ўсёй Еўропе. Брытанцы масава вакцынуюць студэнтаў, а палякі кінуліся ў аптэкі, каб абараніцца ад менінгакокавай інфекцыі. Некаторыя прадукты ў цяперашні час цяжка знайсці, і фармацэўты папярэджваюць, што попыт на іх усё яшчэ расце, піша медычны партал Medonet.
Кентскі ўніверсітэт на паўднёвым усходзе Англіі запусціў праграму вакцынацыі супраць менінгакокавай інфекцыі групы В сярод студэнтаў пасля раптоўнага павелічэння колькасці выпадкаў, якія прывялі да смерці двух маладых людзей. Гэтая кампанія накіравана на абмежаванне распаўсюджвання небяспечнай хваробы ў акадэмічнай супольнасці.
Сітуацыя ў Вялікабрытаніі не засталася незаўважанай і ў Польшчы, і гэта тычыцца не толькі паведамленняў у СМІ, але і шчырай цікавасці пацыентаў да вакцынацыі. «З-за навін пра ўспышку інвазіўнай менінгакокавай інфекцыі ў Кенце і смерці двух маладых людзей мы назіраем рост цікавасці да менінгакокавай вакцынацыі. Усё больш пацыентаў шукаюць інфармацыю пра даступныя вакцыны і магчымасць зрабіць прышчэпку», — кажа фармацэўт GdziePoLek.pl Анжаліка Талар-Шпіёнэк.
Адначасова яна нагадвае, што інвазіўная менінгакокавая інфекцыя — гэта сур'ёзная бактэрыяльная інфекцыя, якая можа прывесці да менінгіту або сепсісу, і яе прагрэсаванне можа быць вельмі хуткім і небяспечным для жыцця. Найбольшай рызыцы падвяргаюцца немаўляты, маленькія дзеці, падлеткі і маладыя людзі.
Medonet/ав