– Дар’я, «Я/МЫ эміграцыя» – гэта ваша першая кніга. Што падштурхнула вас узяцца за такую няпростую справу – пісаць?
– Я заўсёды хацела пісаць, толькі не ведала дакладна пра што. Але калі пачала выкладаць польскую мову, заўважыла, што вельмі шмат людзей распавядаюць мне тыя самыя гісторыі. Усе мае студэнты, незалежна ад узросту, распавядаюць пра розныя складанасці, з якімі яны сутыкаюцца, – і гэта заўсёды тыя самыя складанасці. Таму мне захацелася ў пэўны момант зрабіць такое падсумаванне досведу – майго і розных людзей, якіх я спаткала ў эміграцыі. Хацелася зрабіць нешта ўніверсальнае, што дасць людзям надзею і магчымасць крыху пасмяяцца з усяго таго нядобрага, у чым мы апынуліся.
– Мне, калі я чытаў кнігу, гісторыі падаліся вельмі штодзённымі, вы нічога нібыта адмысловага не выбіралі. Такое адбываецца з кожным…
– Так, гэта і быў мой план, і я яго прытрымлівалася: пісала кнігу пра штодзённасць і пра кожнага. Не толькі пра беларусаў, якія апынуліся ў Польшчы, а пра ўсіх, хто патрапіў са сваёй краіны ў іншую.
– У вас ёсць пэўны досвед назірання за жыццём у эміграцыі. А вы самі да якіх высноў прыходзіце: што тут знайшлі, што тут згубілі?
– Мне падаецца, гэта крыху складанае пытанне. Вядома, губляецца частка ідэнтычнасці, і заўсёды прысутнічае барацьба, каб захаваць сваю беларускасць і ў той самы час добра інтэгравацца, успрыняць тую культуру, у якой чалавек апынуўся. Таму нешта губляецца, а нешта знаходзіцца. Я знайшла вельмі шмат. У мяне тут шмат сяброў, тут мая сям’я, мой хлопец, з якім мы жывём, тут я атрымала адукацыю. Увесь мой дарослы досвед я атрымала ў Польшчы і працягваю яго атрымліваць. Ці я шмат згубіла? Не ведаю, бо я хутка пасля школы з’ехала з Беларусі.
– А беларускамоўнай вы даўно сталі?
– Трэба паглядзець, што значыць – беларускамоўная. Ці я размаўляю на беларускай мове кожны дзень? У штодзённым жыцці я размаўляю па-польску, а па-беларуску – калі знаходжуся сярод беларусаў. Калі знаходжуся ў кампаніі ўкраінцаў, то размаўляю па-ўкраінску. Проста даводзіцца дастасоўвацца да асяроддзя. Але ў жыцці я, вядома, часцей размаўляю па-польску.
– А лічыце сябе кім?
– Аб гэтым я пішу ў сваёй кнізе. Лічу сябе беларускай эмігранткай у Польшчы.
– Цікава, што ў вашай кнізе вы пісалі пра простыя, звычайныя рэчы, хаця, здавалася б, пісьменнікі імкнуцца заўсёды нечым нагрузіць, ускладніць. Ці цяжка было пісаць пра будзённае?
– Не, гэта не было цяжка. Першыя 50 старонак я напісала за тры майскія святочныя дні. А пазней, праз некалькі месяцаў, села і дапісала рэшту. І мне вельмі не хацелася нікога грузіць, бо мы тут, у эміграцыі, усе і так вельмі падгружаныя. Мне хацелася напісаць нешта іранічнае, настолькі вясёлае, наколькі гэта магло быць вясёлым. Хацелася, каб людзям станавілася ад прачытанага лягчэй.
– Ваша кніга выйшла ўжо ў перакладзе і на польскую мову. Ці мелі вы ўжо сувязь з чытачамі, магчыма, з крытыкай?
– Кажуць вельмі шмат, і больш пазітыўных водгукаў, але ёсць і не вельмі пазітыўныя. Я заўважыла, што і палякам, і беларусам, якія не вельмі задаволеныя гэтай кніжкай, не падабаецца тое, што я пішу пра сваю асіміляцыю. Маўляў, трэба было пісаць пра сваю інтэграцыю. Але не вельмі шмат людзей звяртаюць на гэта ўвагу. Большасць чытачоў бачаць тое, што я і хацела сказаць, і не чапляюцца да слова «асіміляцыя».
– А самі вы што думаеце наконт асіміляцыі і інтэграцыі?
– Я думаю, што кожны сам павінен вырашаць, што яму пасуе. Трэба жыць згодна з законам, які існуе ў краіне, дзе ты знаходзішся. А што датычыць таго, ці вы больш хочаце асімілявацца, ці больш інтэгравацца, або наогул закрыцца ў сваёй беларускай бурбалцы – гэта павінен вырашаць кожны сам. Я вырашыла для сябе, але нікому не кажу, хто і што павінен рабіць.
– Дар’я, а што самі любіце чытаць? Якія пісьменнікі вас натхняюць, падказваюць думкі, ідэі?
– Тут трэба сказаць, што я вучылася на лінгвістыцы, нядаўна скончыла, і мне б хацелася мець перапынак ад чытання. Але калі я чытаю, то гэта больш пра псіхалогію, сацыялогію, часам пра палітычныя розныя рэчы. Гэта мне цяпер больш цікава. А яшчэ мне апошнім часам падабаюцца кнігі, у якіх людзі пішуць пра людзей. Гэта неабавязкова павінна быць мастацкая літаратура – гэта могуць быць біяграфіі, аўтабіяграфіі. Вось калі пачалася вайна, то менавіта ў такіх розных творах можна было знайсці падтрымку для сябе, чытаючы, як людзі перажывалі падобныя часы.
– У вас ёсць планы, якой будзе наступная кніга?
– Пакуль што не. Сёлета я шмат езджу з прэзентацыяй сваёй кнігі, і ў мяне мала часу, каб думаць пра нешта наступнае. Падумаю пра гэта ў наступным годзе. Але я спадзяюся, што скончыцца вайна, і можна будзе напісаць успаміны людзей, якія яе перажылі.
– Мне здаецца, што вы ўжо ў нейкім сэнсе адчулі пісьменніцкі смак. Гэта застанецца з вамі надоўга, ці ваша кніга была выпадковасцю, а потым усё забудзецца?
– Я спадзяюся, што гэта са мной застанецца, бо я заўсёды хацела пісаць кнігі. І я вось адкрыла для сябе, што магу пісаць мастацкія творы. Раней мне здавалася, што магу пісаць толькі навуковыя працы. І гэта супер, цудоўна. Спадзяюся, што гэта са мной застанецца, бо гэта, як моладзь кажа, мой вайб. Мне гэта вельмі падабаецца. І калі я ведаю, што мой твор некаму і дапамог – гэта наогул супер.
Павел ЗАЛЕСКІ