Нейкі час таму пачалі з'яўляцца сігналы, што беларусы атрымліваюць адмову ў польскім грамадзянстве за тое, што яны парушылі правілы дарожнага руху ў краіне. Таварыства «Беларуская дыяспара ў Польшчы» адправіла афіцыйны запыт у Міністэрства ўнутраных спраў з пытаннем, ці парушэнне ПДР зʼяўляецца падставай да адмовы, і атрымала адказ.
Пра аргументы, прадстаўленыя ў дакуменце, распавёў госць нашай студыі Руслан Керымаў з Таварыства «Беларуская дыяспара ў Польшчы».
— Гісторыя пачалася не ўчора, калі людзі атрымліваюць адмовы, матываваныя парушэннямі правілаў дарожнага руху. Але раней гэта былі адзінкавыя выпадкі, ніхто на іх не звярнуў увагі. А апошнія, скажам так, паўгода гэтыя выпадкі сталі часта паўтарацца. Мы паглядзелі шэраг адмоў, разабралі, у некаторых нават кансультавалі, на што можна было б спасылацца ў абскарджанні для другой інстанцыі, і бачылі адказы ад другой інстанцыі. Мы звярнуліся ў Міністэрства ўнутраных спраў, каб яно звярнула ўвагу на тое, што ваяводы пачынаюць лічыць парушэнне правілаў дарожнага руху дастатковай прычынай для адмовы, гэта лічыцца ўжо пагрозай бяспецы. І яны адказалі нам вельмі шырока, добра папрацавалі над гэтым адказам. Яны патлумачылі нам, што паняцце пагрозы бяспецы не статычнае, яно мяняецца. Тое, што 5 гадоў таму зʼяўлялася пагрозай бяспецы, сёння гэта ўжо, скажам так, змянілася. Калі 5 гадоў таму парушэнні (ПДР – рэд.) не зʼяўляліся прычынай для адмовы, не зʼяўляліся прычынай для таго, каб чалавек уяўляў пагрозу, то на сённяшні дзень лічыцца пагрозай бяспецы. Калі гэта паўтаральныя парушэнні, то яны дазваляюць зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, чалавек працягне парушаць закон. І ваявода можа адмовіць, бо ён лічыць, што гэта ўжо пагроза.
— З чым можа быць звязаны больш жорсткі падыход да разгляду спраў?
— Вялікая частка беларусаў мае польскія карані, яны атрымліваюць на гэтай падставе stały pobyt, і потым спрабуюць падавацца на грамадзянства. Менавіта таму амаль усе выпадкі, якія мы бачылі, былі менавіта са сталага побыту, проста таму што такіх беларусаў больш. Такая ж гісторыя, хутчэй за ўсё, будзе і з усімі іншымі замежнікамі. Мы лічым, што гэта звязана з тым, што атрыманне грамадзянства – гэта незваротна, яго забраць нельга. А маючы любы від ВНЖ, у любую секунду, пры наяўнасці нейкіх прычын, польская дзяржава можа адклікаць, пазбавіць гэтага ВНЖ, а грамадзянства нельга пазбавіць.
— Магчыма, гэта звязана з агульнай тэндэнцыяй да абмежавання колькасці мігрантаў не толькі ў Польшчы, але таксама ў іншых краінах Еўропы, у ЗША. Цяпер дрэнны клімат для мігрантаў.
— На гэта падобна, сапраўды. Мы яшчэ не можам адказаць, таму што гэта пачатак. У Інстаграме ці ў іншых сацыяльных сетках некаторыя людзі пішуць, што ў мяне такая гісторыя, у мяне такая гісторыя. І мы напісалі асабістыя паведамленні гэтым людзям, каб проста паспрабаваць разабрацца ў кожным выпадку і паглядзець, чым яны ўсё разам падобныя. Яны, безумоўна, індывідуальныя, але ёсць вельмі падобныя матывіроўкі. І гэта стварае, скажам так, такі эфект, што гэтых выпадкаў ужо шмат.
— Такая адмова – гэта ўжо канец, канец свету для чалавека? Ці ёсць розныя шляхі падаваць апеляцыю і ці ёсць прыклады, што людзі атрымлівалі іншыя рашэнні?
— Калі памяняць падыход да абскарджанняў, то шанцы на адмену адмоўнага рашэння першай інстанцыі можна павялічыць. Рабіць абскарджанне больш шырокім, не толькі з пункту гледжання закона, таксама іншых, ускосных, пунктаў, момантаў, таму што ідзе пра тое, што нібыта такія грамадзяне, якія парушаюць правілы дарожнага руху, нібыта не прыносяць карысці польскай дзяржаве, таму што яны не паважаюць польскае права. Але шмат хто з іх — буйныя прадпрымальнікі, працаўладкоўваюць людзей, плацяць вялікія падаткі, інвестуюць у польскую эканоміку. І ў абскарджанні нядрэнна было б гэта паказваць, што чалавек, магчыма, памыліўся і парушыў, але трэба разглядаць гэтае пытанне шырэй. Чалавек можа прыносіць вялікую карысць польскай эканоміцы, калі інвесціруе некалькі мільёнаў еўра, гэта вялізная карысць для эканомікі.
Любое абскарджанне носіць строга рэгламентаваны іх характар і па форме, і па часе. Гэта 14 дзён, трэба паспець адправіць апеляцыю. Мы бачым, што ёсць некаторыя, скажам так, прабелы ў некаторых законах, і мы хацелі б проста ўвагу звярнуць на гэта, мы пішам рэгулярна ў міністэрства па нейкіх праблемных пытаннях, каб падсвятліць праблемы, і каб яны былі вырашаны, таму што ёсць шмат пытанняў, якія не прадуманы. Законы былі прапісаныя вельмі даўно, яны не хутка адаптуюцца пад зменлівае становішча. Дапусцім, калі беларусам блакуюць рахункі ў банку, таму што яны не могуць, прынесці нейкі дакумент.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
Размаўляла Наталля Грышкевіч