Беларуская Служба

Прафілактыка захворванняў поласці рота. Асабліва важна паслухаць эксперта аматарам жуйкі

24.03.2026 17:07
Што самае важнае — гігіена, візіты да лекара ці харчаванне?
Аўдыё
  • Прафілактыка захворванняў ротавай поласці.
.
Ілюстрацыя.Фота: shutterstock//nenetus

20 сакавіка адзначаўся Сусветны дзень здароўя поласці рота. Гэта добрая нагода, каб нагадаць, наколькі важнае здароўе зубоў, паколькі хворыя зубы могуць уплываць на развіццё захворвання ў іншай частцы цела, напрыклад, сэрцы. Госця нашага эфіру мы спыталі, што самае важнае ў прафілактыцы.  

Паўліна Мінцберг-Ваховіч (Paulinа Mintzberg – Wachowicz) — старшыня Секцыі прафілактыкі Польскай стаматалагічнай асацыяцыі. Яна адзначае, што ўсе элементы важныя — і гігіена поласці рота, і візіты ў лекара, і рацыянальная дыета. Калі казаць пра дыету, перш за ўсё неабходна абмяжоўваць цукар. Экспертка асабліва раіць звярнуць увагу на модныя і быццам бы карысныя прадукты, якія могуць утрымліваць шмат цукру.

— Мы ведаем, як выглядае наша дыета. За апошнія 50 гадоў спажыванне цукру вырасла ўтрая. Цукар ёсць практычна ўсюды, таму яго вельмі цяжка абмежаваць. Я знайшла даследаванні Нямецкага таварыства харчавання, у якіх, напрыклад, было параўнанне, што шакаладны батончык змяшчае менш цукру, чым апельсінавы сок у кардоннай упакоўцы. Тое ж самае тычыцца і так званых карысных прадуктаў, у якіх мала цукру, але ён усё роўна недзе прысутнічае ў інгрэдыентах, на другім ці трэцім месцы. Такім чынам, дыета сапраўды аказвае значны ўплыў на развіццё карыесу. Акрамя таго, лекары ўсё больш кажуць таксама пра дэфіцыт вітамінаў і мінералаў, якія важныя для здароўя зубоў. Вітамін D, вітамін C, амега-3 тлустыя кіслоты вельмі моцна ўплываюць на здароўе і развіццё захворванняў. Дэфіцыт вітамінаў і мінералаў у цэлым аказвае вельмі істотны ўплыў на поласць рота.

А ці важна не толькі тое, што мы ядзім, але і тое, калі ў нас галоўныя прыёмы харчавання, каб паміж імі былі адпаведна вялікія перапынкі?

— Перакусы паміж асноўнымі прыёмамі ежы маюць велізарны ўплыў на развіццё карыесу. У мяне ёсць трынаццацігадовая дачка, таму я бачу, як харчуюцца маладыя людзі, і як я харчавалася ў дзяцінстве. Раней мы снедалі, абедалі, вячэралі. А цяпер ёсць сняданак, потым нейкі перакус, потым абед, пазней зноў нешта перакусілі, вячэраюць, а потым зноў перакус. Гэта азначае, што ўзровень pH у роце не можа збалансавацца. Часцей за ўсё, калі мы ўжываем ежу, pH пераходзіць у кіслы дыяпазон, што, на жаль, прыводзіць да растварэння нашай эмалі. І калі дыяпазон pH пастаянна кіслы, гэта аслабляе эмаль і павялічвае рызыку развіцця карыесу.

Калі пасля ежы ў нас няма часу або ўмоў, каб пачысціць зубы — ці варта жаваць жавальную гумку? Яна ж можа нейтралізаваць кіслату ў роце. 

— Праблема з жавальнай гумкай у тым, што яна эфектыўная толькі кароткі час — максімальна пяць-сем хвілін. Зрэдку можна пажаваць — гэта павялічвае выпрацоўку сліны, ствараючы эфект самаачышчэння. Аднак нельга жаваць яе ўвесь час. У стаматалогіі няма нічога чорна-белага: так альбо не. Пры жаванні гумкі трэба быць вельмі асцярожным, паколькі жаванне можа пашкодзіць суставы, якія злучаюць сківіцы. Сустаў вельмі стамляецца пры працяглым жаванні, якое таксама выклікае напружанне ў мышцах, што пазней спрыяе сцісканню зубоў і бруксізму. У нашым жыцці вельмі шмат стрэсавых фактараў, мы жывем у пастаянным стрэсе, пастаянна трэба кудысьці бегчы, паспяваць, зарабляць грошы, таму што ўсё даражэе. І ад напружання мы таксама сціскаем зубы, а яшчэ праблемы ў скронева-сківічных суставах могуць быць звязаныя з празмерным жаваннем жавальнай гумкі. Гэта можа пазней выклікаць шум у вушах і галаўны боль. Мы назіраем такіх пацыентаў, у іх сцёртыя зубы — гэта відавочны сімптом. Пацыент скардзіцца на падвышаную адчувальнасць, на адсутнасць вузельчыкаў на карэнных зубах, але ёсць шмат іншых сімптомаў, якія не заўсёды праяўляюцца адразу. Напрыклад, у мяне таксама напружанне ў скронева-сківічных суставах, я праходжу фізіятэрапію, масаж. Гэта было звязана з тым, што ў мяне пачаліся галаўныя болі. Калі пацыенту цяжка шырока адкрыць рот, каб пачысціць заднія зубы, гэта таксама можа быць прыкметай напружання жавальных цягліц. Калі хтосьці часта прыкусвае шчаку знутры, гэта таксама можа быць прыкметай, што ў яго праблема з напружаннем у суставах. Ён сціскае зубы ноччу, калі не можа гэтага кантраляваць. На жаль, працяглыя механічныя пашкоджанні абалонкі поласці рота з часам могуць прывесці да анкалогіі.

А якая зубная шчотка лепшая? Мяккая ці цвёрдая? Механічная ці іншая? На рынку існуе вялікі выбар — звычайныя механічныя, электрычныя, санічныя, а нават магнітныя.

— Адразу скажу, што я не магу адказаць на пытанне, якая лепшая. Усё залежыць ад пацыента. Можна добра чысціць зубы механічнай шчоткай або электрычнай або іншай. Гэлоўнае — карыстацца правільнай тэхнікай чысткі, а яны розныя для розных шчотак.  Я бачу, што большасць пацыентаў няправільна чысціць зубы, незалежна ад зубной шчоткі. Метад чысткі адрозніваецца ў выпадку ручной, электрычнай або магнітнай зубной шчоткай, бо ў іх круглая галоўка. Калі мы прадэманструем гэта пацыенту, ён сапраўды зможа абыходзіцца з гэтымі зубнымі шчоткамі дома. Аднак, калі казаць пра мяккасць шчаціння, я звычайна рэкамендую мяккую зубную шчотку, таму што пацыенты, як правіла, надта моцна прыціскаюць шчотку да зубоў. Калі гэта цвёрдая шчотка, яны не толькі не пачысцяць правільна зубы, але і пашкодзяць цвёрдыя тканкі — эмаль, і мяккія тканкі — дзясну. Калі я размаўляю з мужчынамі, я пытаюся ў іх, ці яны мыюць сваю машыну цвёрдай шчоткай ці далікатнай тканінай, каб не пашкодзіць лаку? А жанчыны, ці мы выкарыстоўваем грубыя скрабы на скуру твару ці далікатныя пілінгі. Тое ж самае і з зубамі.

Акрамя зубной шчоткі — што яшчэ важна? Ці разнавіднасць пасты, ці зубная нітка, а можа трэба карыстацца вадкасцю для паласкання рота?

— Важна ачысціць прамежкі паміж зубамі, з гэтага неабходна пачаць гігіену рота. Не толькі зубной ніткай, ёсць таксама маленькія міжзубныя шчоткі розных памераў. У сваю чаргу, карыстанне зубной ніткай патрабуе ад пацыента практыкі. Часта дзясна пачынае краваточыць, пацыент думае, што робіць нешта няправільна. Праблема ў тым, што паміж зубамі ёсць зубны налёт, калі ён збіраецца доўгі час, паколькі ніткай не карыстаюцца рэгулярна, дзясна запаляецца і краваточыць. Таму зубной ніткай трэба чысціць рэгулярна, гэта адзін з важнейшых этапаў. А ці варта карыстацца вадкасцю? Лепш засяроджвацца на механічнай ачыстцы зубоў. Таму што і зубная паста, і вадкасць з'яўляюцца толькі дадаткам. Калі мы паедзем у адпачынак на месяц і возьмем з сабой толькі зубную шчотку, мы вернемся з чыстымі зубамі. А калі мы будзем карыстацца толькі пастай, наш кончык пальца нічога не ачысціць. Акрамя таго, у людзей цяпер шмат праблем з кішэчнікам, парушана кішэчная мікрафлора. Калі ёсць праблема там, яна такая ж і ў роце. Таму вадкасцямі лепш не злоўжываць, каб не парушыць мікрабіялагічную раўнавагу ў роце.

У Польшчы ёсць дзяржаўная стаматалогія, але яна цяжка даступная некаторым пацыентам. А паслугі ў прыватных клініках вельмі дарагія. І таму здараецца, на жаль, што чалавек выдаляе хворы зуб, замест таго, каб яго лячыць, паколькі гэта вельмі высокі кошт.

— Выдаленне зуба сапраўды танней за лячэнне. Аднак, страта аднаго зуба таксама азначае страту аднаго працэнта функцыі поласці рота. У выніку мы атрымліваем больш праблем, чым карысці. Кожны выдалены зуб неабходна замяніць альбо мостам, альбо імплантатам, што значна даражэйшае за лячэнне. Аднак лепш засяродзіцца на прафілактыцы — чысціць зубы дома, рэгулярна наведваць стаматолага. Гэта, безумоўна, будзе танней, чым лячэнне. У Польшчы 99% пацыентаў маюць карыес, а, скажам, у скандынаўскіх краінах толькі каля 3% пакутуюць ад карыесу. Там прафілактыка зусім іншая, надаюць вялікую ўвагу рэгулярным візітам да стаматолага. Я думаю, што калі мы не будзем клапаціцца пра свае зубы, рацыянальна харчавацца і весці актыўны лад жыцця, раней ці пазней будзем пакутаваць ад карыесу.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце далучаны гукавы файл