Польскае выданне Onet высвятляе, дзе цяпер працуе жонка былога прэзідэнта Польшчы Агата Корнхаўзер-Дуда (Agata Kornhauser-Duda). Пасля завяршэння кадэнцыі Анджэй Дуда заняўся рознымі праектамі: быў каментатарам на Kanal Zero, увайшоў у наглядальную раду кампаніі Zen.com, супрацоўнічаў з амерыканскім аналітычным цэнтрам Heritage Foundation, а таксама заснаваў уласную кампанію і фонд.
Ягоная фірма, паводле дакументаў, займаецца кансалтынгам у сферы стратэгічнага планавання, кіравання, маркетынгу і PR, а таксама перакладамі. Палітычныя паплечнікі жартуюць, што былы прэзідэнт «бярэцца за ўсё», каб зарабіць пасля сыходу з пасады.
Што да Агаты Корнхаўзер-Дуды, Onet паведамляе, што яна магла ўладкавацца ў кракаўскі філіял Нацыянальнага банка Польшчы. Раней яе імя з’явілася ва ўнутранай базе НБП з пазнакай «дарадца прэзідэнта», аднак неўзабаве было выдаленае. Прадстаўнікі банка тады заявілі, што яна не працуе і не кансультуе ўстанову.
Цяпер журналісты спрабуюць высветліць, ці змянілася сітуацыя, але Нацбанк ужо больш за тыдзень не дае афіцыйнага адказу.
нг