Medonet піша пра дыету для зніжэння халестэрыну паводле новых рэкамендацый Польскага таварыства ліпідалогіі. Дыета называецца «portfolio», што азначае «набор лепшага». Гэта спалучэнне груп прадуктаў з даказаным эфектам зніжэння ўзроўню халестэрыну. Аснова дыеты — чатыры элементы: раслінны бялок (бабовыя, соя), растваральная клятчатка (авёс, ячмень, псіліум, яблыкі, цытрусавыя), раслінныя фітастэролы і арэхі. Разам яны ўзмацняюць дзеянне адзін аднаго: клятчатка звязвае халестэрын у кішэчніку, фітастэролы абмяжоўваюць яго ўсмоктванне, раслінны бялок і ненасычаныя тлушчы з арэхаў паляпшаюць ліпідны профіль.
Даследаванні паказваюць, што такая мадэль харчавання можа знізіць LDL у сярэднім на 15–17 працэнтаў. Найбольшую карысць яна прыносіць людзям з павышаным халестэрынам, метабалічным сіндромам, залішняй вагой або атлусценнем.
У практыцы дыета грунтуецца пераважна на раслінных прадуктах: бабовых, суцэльназернавых крупах і хлебе, гародніне, садавіне, арэхах, алеях (аліўкавы, рапсавы), а таксама прадуктах, узбагачаных фітастэроламі. Варта абмежаваць насычаныя тлушчы — тлустае і перапрацаванае мяса, тлустыя малочныя прадукты, фастфуд і салодкасці. Мяса дапушчальнае, але ў невялікай колькасці і лепш нятлустае, як частка збалансаванага прыёму ежы.
Дыета «portfolio» уплывае не толькі на халестэрын: яна можа зніжаць трыгліцерыды, запаленчыя маркеры, паляпшаць кантроль глюкозы і памяншаць рызыку інфаркту і інсульту. Аднак аснова прафілактыкі — гэта комплекс: здаровае харчаванне, рэгулярная фізічная актыўнасць (не менш за 150–300 хвілін на тыдзень), кантроль вагі і адмова ад шкодных звычак.
нг