Адзін з найлепшых польскіх спартсменаў, Каміль Стох, закончыў сваю кар'еру. Скакун з трампліна выйграў тры залатыя алімпійскія медалі, у агульнай складанасці перамог у 39 спаборніцтвах Кубка свету, і за сваю карʼеру 80 разоў стаяў на пʼедэстале.
Трохразовы алімпійскі чэмпіён завершыў сваю спартыўную карʼеру скачком у славенскай Планіцы. За сваю карʼеру ён шэсць разоў удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях, тройчы заваёўваючы залатыя медалі. Двойчы перамагаў у Кубку свету і тройчы ў Турніры чатырох трамплінаў.
TVP Info ўзгадала мары маладога спартсмена Каміля Стоха 20 гадоў таму.
— Я хацеў бы выступіць на алімпіядзе, заваяваць залаты медаль. Але пакуль у мяне ёсць час. Можа праз 5-6 гадоў я буду стартаваць, калі буду добра скакаць
Мары маладога Стоха споўніліся. Нават больш, аказалася, што Каміль Стох скакаў так добра, што ўся Польшча ім захаплялася, і ён мог разлічваць на падтрымку сваіх фанатаў да канца карʼеры, пра што ён гаварыў у Планіцы.
— Гэта казка. Нягледзячы на тое, як выглядаў апошні сезон, з якой колькасцю складанасцяў мы былі вымушаныя змагацца, то прыехала столькі людзей, каб мяне падтрымаць, быць са мной у гэтым апошнім баі. Нават не спадзеючыся, што я перамагу, а звычайна са мной быць, даць мне пачуццё, што я не адзін. Гэта самы цудоўны момант у маёй кар’еры.
Каміль Стох натхніў наступныя пакаленні скакуноў з трампліна. Ён увайшоў у гісторыю польскага спорту.
Каміль Стох, PAP/Grzegorz Momot
Падчас свайго апошняга скачка Стох не змог пераадолець адзнаку ў 200 метраў на трампліне, дзе ў 2017 годзе скокнуў сваю найбольшую дыстанцыю — 251,5 метра. Ён не вяртаўся на вяршыню апошнія пяць гадоў, і мінулы сезон быў для яго вельмі цяжкім.
— Я, напэўна, змагаўся ў самай вялікай бітве за ўсю сваю карʼеру. Усё ішло не вельмі добра, але я нарэшце вольны. Вольны ад сваіх амбіцый, ад спробаў прымусіць сябе рабіць усё так, як я хацеў. Я ішоў да канца і змагаўся, — сказаў Стох.
Апошнія поспехі Стоха адбыліся даволі даўно, у 2021 годзе. Тады ён апошні раз перамагаў у спаборніцтвах Кубка свету. У наступныя гады ён ні разу не падымаўся на пʼедэстал у асабістых спаборніцтвах.
У размове з Першай праграмай Польскага радыё спартсмен прызнаў, што апошнія некалькі гадоў вельмі шмат працаваў над сваёй формай, але яму было нялёгка ў псіхалагічным плане.
— Дагэтуль я не мог прызнацца, сказаць праўду сам сабе, што насамрэч скачкі перасталі даваць мне радасць. І нягледзячы на тое, што я вельмі стараўся, а апошнія два-тры гады была вельмі цяжкая, а нават катаржная праца, то я ўсё роўна не адчуваў задавальнення ад таго, што раблю.
Каміль Стох сказаў, што адчувае сябе псіхічна знясіленым. З-за гэтага ён не можа выконваць на трампліне рэчы, якія калісьці былі для яго лёгкімі.
— Фізічна — гэта найлепшая форма. Я ніколі не быў настолькі моцны. Але ментальна я ніжэй за нулявы ўзровень. Я знясілены. І, думаю, гэта прычына таго, што я не ў стане зрабіць на трампліне самых простых рэчаў. А там, калі казаць пра эмоцыі, трэба быць чыстым.
Скакун з трампліна таксама распавёў пра тое, якім будзе яго першы дзень пасля сыходу з спаборніцтваў.
— Першае, што я зраблю пасля завяршэння кар’еры, устану раніцай, пайду па каву і круасант, і так пачну дзень. Прынясу каву сваёй жонцы і мы разам пачнем новае жыццё.
Каміль Стох прызнаў, што ёсць шмат рэчаў, якія ён хацеў бы рабіць. У тым ліку абавязкова сачыць за сваімі таварышамі па камандзе.
На развітальнай сустрэчы з фанатамі спартсмен успомніў, што яго самым запамінальным скачком быў палёт у Планіцы ў 2017 годзе, калі ён дасягнуў 251,5 метра, а таксама ўсе пераможныя скачкі ў Закапанэ, якія Стох назваў чароўнымі.
Ён карыстаўся велізарнай падтрымкай сваіх фанатаў, якія ніколі не адварочваліся ад яго спіной, нават на працягу апошніх пяці гадоў, поўных расчаравання. На яго развітанне ў Планіцу з’ехаліся тысячы заўзятараў.
ав
слухайце аўдыё
Каміль Стох, PAP/Grzegorz Momot