Касмічны карабель «Артэміда-2» з чатырма касманаўтамі на борце ўпершыню за больш чым 50 гадоў здзейсніў сямігадзіннае акружэнне вакол Месяца. Гэта безумоўна поспех.
Экіпаж пабіў рэкорд адлегласці, усталяваны місіяй «Апалон-13» у 1970 годзе, паляцеўшы ў космас далей, чым калі-небудзь падарожнічаў любы чалавек.
406 778 тысяч кіламетраў — менавіта такую адлегласць ад Зямлі праляцеў касмічны карабель «Арыён». Рэкорд, усталяваны місіяй «Апалон», складае 400 171 кіламетр.
Акрамя пабітага рэкорду адлегласці чатыры касманаўты першымі пабачылі цёмны бок Месяца.
Папулярызатар навуковых ведаў, аўтар каналу «З галавой у зорках» Караль Вуйціцкі звяртае ўвагу, што місія «Артэміда-2» — гэта безумоўна поспех. Ён прызнае, што чакаў значна большых праблем, беручы пад увагу тое, колькі разоў яна адкладвалася. Гэтым разам усё прайшло гладка, бо праблемы былі толькі з прыбіральняй. Усё астатняе — прайшло вельмі добра, гаворыць Караль Вуйціцкі:
— У межах місіі правяраюцца і тэстуюцца сістэмы касмічнага карабля «Арыён», працэдуры бяспекі, а таксама аналізуюцца манеўранасць карабля і здольнасць экіпажа працаваць ва ўмовах, якія мы тут абмяркоўваем. Усё гэта прызначана для таго, каб пасля запуску місія «Артэміда-3» магла бяспечна праверыць сваю сувязь з пасадачным модулем на нізкай калязямной арбіце. Пазней місіі «Артэміда-4» і «Артэміда-5» будуць гатовыя да высадкі чалавека на Месяц у 2027-2028 гадах.
Караль Вуйціцкі гаворыць, што ён бы вельмі хацеў, каб так адбылося, але трэба разумець, што на самой справе не ўсё залежыць ад самой NASA і амерыканскай касмічнай праграмы. Нягледзячы на тое, што высадку будзе праводзіць NASA, але пасадачны модуль, які павінен стаць асновай для гэтай місіі, павінен быць падрыхтаваны амерыканскай прыватнай кампаніяй SpaceX.
— Гэта павінна быць ракета Starship, якая знаходзіцца ў працэсе няпростай распрацоўкі, мінулы год прынёс велізарныя затрымкі ў гэтай праграме і шматлікія тэхналагічныя цяжкасці. У цяперашні час праводзяцца выпрабаванні трэцяй версіі гэтай ракеты, што, верагодна, стане значным элементам у развіцці праграмы, але мы да гэтага часу не ведаем, калі яна будзе запушчана. Гэта адна з прычын, чаму адміністратар NASA Джарэд Айзекман змяніў расклад палётаў на Месяц. Ужо «Артэміда-3» павінна была высадзіцца на Месяц. «Артэміда-2» павінна была быць генеральнай рэпетыцыяй, але калі высветлілася, што няма на чым высадзіцца, планы былі крыху зменены. На «Артэміду-3» былі перакінуты толькі манеўры з пасадачным модулем на нізкай калязямной арбіце. Толькі калі ўсё гэта будзе паспяховым, і мы будзем упэўнены, што пасадачны модуль працуе, тады будуць прадэманстраваны «Артэміда-4» і «Артэміда-5». Я вельмі спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
Караль Вуйціцкі кажа, што NASA павінна паклапаціцца пра PR-кампанію, якая будзе рухавіком для наступных поспехаў. З самага пачатку касмічных палётаў, ужо з эпохі «Апалона», людзі пачалі разумець, што чым большую грамадскую цікавасць палёты выклікаюць, тым большая верагоднасць поспеху гэтых праектаў.
Месяц падчас набліжэння да акна касмічнага карабля «Арыён»
Звычайна пра падзею расказвалі ў СМІ і сацсетках, а гэтым разам упершыню касмічная місія асвятлялася ў прамым эфіры на Netflix, HBO, Amazon і Disney.
— Стрымінгавыя платформы паказвалі рэпартажы пра палёт чалавека вакол Месяца. Гэта пра штосьці гаворыць. І гэта сапраўды паказвае, дзе мы знаходзімся. Большая цікавасць таксама азначае больш грошай на будучыя паездкі, — канстатуе Караль Вуйціцкі.
Спаборніцтва за заваяванне Месяца працягваецца, і ў ім удзельнічаюць найвялікшыя дзяржавы. Гаворка ідзе не толькі пра прэстыж, але і пра доступ да сыравіны. Намеснік дырэктара Цэнтра касмічных даследаванняў Польскай акадэміі навук Томаш Завістоўскі звяртае ўвагу на адсутнасць прававых нормаў. Хто першы паляціць, той і падыме сцяг, гаварыў ён на хвалі Польскага радыё.
— У нас пакуль няма юрыдычнага кодэкса. Пакуль той, хто прызямліцца першым, той вывесіць свой сцяг. Пытанне ў тым, каму належыць тая частка, куды прызямліўся пасадачны модуль, які належыць пэўнай краіне. Ёсць розныя агенцтвы або кампаніі, кожная з якіх працуе ў сваіх інтарэсах, гэта трэба будзе рэгуляваць. Аднак мы, несумненна, гаворым пра камерцыялізацыю. Стратэгія, прадэманстраваная SpaceX, — выдатны прыклад гэтага. Калі мы зможам дасягнуць значнага зніжэння выдаткаў, то зможам гаварыць пра розныя тыпы праектаў, якія да гэтага часу былі немагчымыя з-за іх недаступнасці. Калі мы хочам практычна думаць пра выкарыстанне пазаземных рэсурсаў, гэта павінна быць танней. У адваротным выпадку гэта непрыбыткова.
Эканоміка пачынае адыгрываць ключавую ролю ў касмічнай гонцы. Выдаткі — не толькі тэхналогіі — могуць вызначыць, хто насамрэч зможа выкарыстаць патэнцыял Месяца і іншых нябесных цел.
ав