Фонд абсерваторыі лічбавай дэмакратыі апублікаваў справаздачу «TikTok LIVE in Poland», аўтарамі якой зʼяўляюцца Даброміл Верэшчынскі і Аляксандра Войтовіч. Эксперты адсачылі актыўнасць 114 польскіх экстрэмісцкіх акаўнтаў TikTok у перыяд з кастрычніка 2025 года па люты 2026 года.
Аналіз жывых трансляцый і анлайн-узаемадзеяння выявіў прыблізна тысячу ўзаемазвязаных карыстальнікаў, якія стварылі ўнікальную экстрэмісцкую экасістэму польскіх прарасійскіх нацыяналістаў. Эксперты сутыкнуліся з мовай нянавісці, дэзінфармацыяй, прасоўваннем прарасійскага кантэнту, а таксама падтрымкай арганізацый, якія распаўсюджваюць гвалт.
Што тычыцца тэм, якія абмяркоўвала сетка экстрымістаў, найбольш распаўсюджанымі былі: адкрытыя выказванні падтрымкі Расіі і нянавісці да Украіны; падрыхтоўка сцэнарыя выхаду Польшчы з ЕС, так званы «Polexit»; выказванне нянавісці да Еўрапейскага Саюзу і яго прадстаўнікоў; абвінавачванне мігрантаў у эканамічных праблемах Польшчы;
відавочнае прыняцце гвалту.
Сабраныя дадзеныя раскрываюць жахлівую карціну асяроддзя, дзе расце нянавісць і агрэсія. Наступным крокам зʼяўляюцца канкрэтныя дзеянні, такія як падрыхтоўка акту гвалту. Такім чынам, асобы, за якімі назіраюць даследчыкі, знаходзяцца літаральна за крок ад тэрарызму, піша выданне.
Пры гэтым у даследванні зазначаецца, што «TikTok LIVE выкарыстоўваецца не толькі як платформа для трансляцыі экстрэмісцкага кантэнту, але і як аперацыйны цэнтр у шматплатформеннай арганізацыйнай інфраструктуры, якая спрыяе набору, збору сродкаў, афлайн-каардынацыі і кансалідацыі палітычна мабілізаванай ультраправай сеткі».
Крыніца: «Oko.press»/юл