Беларуская Служба

У Польшчы праз TikTok шырыцца крайняя варожасць і нянавісць да ўкраінцаў і мігрантаў

09.04.2026 10:21
Пра што гавораць польскія правыя экстрэмісты, калі думаюць, што ніхто іх не слухае? Пра фізічнае знішчэнне ўсіх, з кім яны не згодныя: ад вышэйшых чыноўнікаў ЕС да ўкраінскага народа. Яны рыхтуюць сцэнар выхаду Польшчы з ЕС, а таксама падтрымліваюць Расію, піша партал «Oko.press».
   TikTok LIVE in Poland
Старонка са справаздачы «TikTok LIVE in Poland» Даброміла Верэшчынскага і Аляксандры ВойтовічScreenshot z ceeddw.org

Фонд абсерваторыі лічбавай дэмакратыі апублікаваў справаздачу «TikTok LIVE in Poland», аўтарамі якой зʼяўляюцца Даброміл Верэшчынскі і Аляксандра Войтовіч. Эксперты адсачылі актыўнасць 114 польскіх экстрэмісцкіх акаўнтаў TikTok у перыяд з кастрычніка 2025 года па люты 2026 года.

Аналіз жывых трансляцый і анлайн-узаемадзеяння выявіў прыблізна тысячу ўзаемазвязаных карыстальнікаў, якія стварылі ўнікальную экстрэмісцкую экасістэму польскіх прарасійскіх нацыяналістаў. Эксперты сутыкнуліся з мовай нянавісці, дэзінфармацыяй, прасоўваннем прарасійскага кантэнту, а таксама падтрымкай арганізацый, якія распаўсюджваюць гвалт.

Што тычыцца тэм, якія абмяркоўвала сетка экстрымістаў, найбольш распаўсюджанымі былі:  адкрытыя выказванні падтрымкі Расіі і нянавісці да Украіны; падрыхтоўка сцэнарыя  выхаду Польшчы з ЕС, так званы «Polexit»; выказванне нянавісці да Еўрапейскага Саюзу і яго прадстаўнікоў; абвінавачванне мігрантаў у эканамічных праблемах Польшчы;
відавочнае прыняцце гвалту.

Сабраныя дадзеныя раскрываюць жахлівую карціну асяроддзя, дзе расце нянавісць і агрэсія. Наступным крокам зʼяўляюцца канкрэтныя дзеянні, такія як падрыхтоўка акту гвалту. Такім чынам, асобы, за якімі назіраюць даследчыкі, знаходзяцца літаральна за крок ад тэрарызму, піша выданне.

Пры гэтым у даследванні зазначаецца, што «TikTok LIVE выкарыстоўваецца не толькі як платформа для трансляцыі экстрэмісцкага кантэнту, але і як аперацыйны цэнтр у шматплатформеннай арганізацыйнай інфраструктуры, якая спрыяе набору, збору сродкаў, афлайн-каардынацыі і кансалідацыі палітычна мабілізаванай ультраправай сеткі».

Крыніца: «Oko.press»/юл