Сейм працуе над законам аб забароне патастрымінгу. Найперш змены ў заканадаўства прапанавалі дэпутаты партыі «Права і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość), уласны праект падрыхтавала і «Грамадзянская кааліцыя» (Koalicja Obywatelska). Абедзве ініцыятывы прадугледжваюць увядзенне крымінальнай адказнасці за распаўсюджванне ў інтэрнэце паталагічнага кантэнту, аднак адрозніваюцца ў дэталях — піша «Forsal».
Праект кааліцыі, прадстаўлены ў сакавіку, прадугледжвае крыміналізацыю публікацыі або трансляцыі матэрыялаў, якія паказваюць здзяйсненне злачынстваў — або інсцэніроўку такіх дзеянняў як сапраўдных. Гаворка ідзе пра злачынствы супраць жыцця і здароўя, свабоды, сексуальнай недатыкальнасці, сям’і, а таксама пра жорсткае абыходжанне з жывёлай, прыніжэнне чалавека і незаконную арганізацыю азартных гульняў. Праект таксама закранае пытанне незаконнай рэкламы азартных гульняў. Прапанаваныя змены прадугледжваюць пакаранне пазбаўленнем волі ад трох месяцаў да пяці гадоў.
У Сейме разглядаецца і законапраект «Права і справядлівасці», які пасля першага чытання ў ліпені 2025 года быў накіраваны ў камісію. Падчас дэбатаў дэпутат Міхал Вуйцік (Michał Wójcik) з партыі абвінаваціў прадстаўнікоў кіруючай большасці ў тым, што яны выкарысталі рашэнні, раней прапанаваныя яго партыяй, і заклікаў аб’яднаць абедзве ініцыятывы.
Розніца паміж праектамі датычацца, у прыватнасці, абароны галаваногіх (якія не ахоплены законам аб абароне жывёл) і пытанняў прасоўвання азартных гульняў — гэтыя нормы ёсць у праекце кіруючай кааліцыі. Другі праект прапануе больш жорсткае пакаранне — ад 6 месяцаў да 8 гадоў — у выпадку, калі дзеянне здзейснена з мэтай атрымання маёмаснай выгады, а таксама выключэнне адказнасці для тых, хто дзейнічае ў абарону грамадскага інтарэсу. У праекце кааліцыі прадугледжана выключэнне з-пад пакарання некаторых дзеянняў, калі яны звязаныя з мастацкай або навуковай дзейнасцю.
Паводле справаздачы «Падлеткі», падрыхтаванай Навукова-акадэмічнай камп’ютарнай сеткай — Дзяржаўным даследчым інстытутам, у 2024 годзе патастрымы глядзелі 22% вучняў старэйшых класаў. У 2022 годзе гэты паказчык складаў 26%.
Патастрымінг (ад слоў «паталогія» і анг. stream - «струмень, паток») — гэта запіс або прамая трансляцыя ў інтэрнэце матэрыялаў з вульгарным, шакуючым або жорсткім зместам. Гэта могуць быць сцэны фізічнага гвалту, прыніжэння, ужывання алкаголю ці наркотыкаў, сексуальных дэвіяцый, хуліганскіх паводзінаў або жорсткага абыходжання з жывёлай.
нг