Вынікі даследавання, якія цытуе «Gazeta Wyborcza», паказваюць, што да 62% апытаных вучняў сутыкаюцца з гвалтам з боку аднагодкаў, а 4% з'яўляюцца яго ахвярамі штодня.
Яны змагаюцца з кпінамі, выключэннем, фізічным гвалтам і знішчэннем рэчаў. Аднак многія вучні заяўляюць, што яны б аддалі перавагу быць збітымі, чым выключанымі з групы аднагодкаў ці аднакласнікаў. Гэта, паводле каментатараў, дэманструе, наколькі балючым для дзяцей з’яўляецца сацыяльнае адрыньванне.
Штодзёнка падкрэслівае, што гэтыя вынікі пацвярджаюцца справаздачай «Дыягназ моладзі 2026», заснаванай на аналізе больш за 200 даследаванняў. Яна малюе шырокую карціну пакалення «Z» (звычайна «зэткамі» называюць людзей, якія нарадзіліся паміж 1996 і 2010 гадамі – рэд.) — больш асцярожнага, але і перагружанага: 60% маладых людзей жывуць у стане хранічнага стрэсу, 40% маюць сімптомы дэпрэсіі, а 17% наносілі сабе пашкоджанні. Адначасова павялічваецца працэнт вучняў, якія не паведамляюць пра акты гвалту (з 32% да 47%), а ў выпадку кіберсэксуальнага гвалту больш за 70% ахвяр маўчаць.
Вышэйзгаданая справаздача прызначана для стварэння Нацыянальнай стратэгіі ў дачыненні да моладзі. Паводле міністра адукацыі Барбары Навацкай, ейная падрыхтоўка павінна быць завершана да восені бягучага года.
Паводле суразмоўцы газеты Паўліны Пехны-Венцкевіч з Міністэрства адукацыі, нават, калі маладыя людзі паведамляюць пра гвалт, да іх часта не ставяцца сурʼёзна. Між тым, адсутнасць рэакцыі «ў гэты першы, вырашальны момант часта азначае, што ахвяры, не атрымаўшы дапамогі, не звяртаюцца па яе ў будучыні».
аз