Пазіцыя Рафала Тшаскоўскага адносна дзікоў, якая выклікала пратэсты, заключалася ў выдачы дазволаў на адстрэл, як асноўнага метаду вырашэння праблемы. Мэр Тшаскоўскі публічна падкрэсліваў, што горад «павінен умяшацца» і не мае выбару з меркаванняў бяспекі. На практыцы гэта азначала згоду на адстрэл дзікоў у горадзе, часта ў надзвычайных сітуацыях.
Пасля хвалі пратэстаў, якія нядаўна пракаціліся па Варшаве, гарадскія ўлады паведамілі аб пераглядзе сваёй цяперашняй палітыкі ў дачыненні да дзікоў. Мэр Рафал Тшаскоўскі вырашыў прызначыць спецыяльную групу экспертаў для вырашэння праблемы прысутнасці гэтых жывёл у гарадской прасторы.
Гэтае рашэнне з'яўляецца адказам на хвалю крытыкі, якая паявілася пасля гучных інцыдэнтаў у мікрараёнах Бэмова і Макотаў, дзе дзікоў забівалі на вачах у жыхароў, у тым ліку дзяцей. Гэты выпадак абурыў не толькі абаронцаў правоў жывёл, але і карыстальнікаў Інтэрнэту і асоб, якія звычайна не ўдзельнічаюць у кампаніях па абароне правоў жывёл.
Паводле ацэнак, папуляцыя дзікоў у сталіцы перавышае тры тысячы асобін. Гэта не самая вялікая колькасць дзікоў, якая калі-небудзь была зафіксаваная ў Варшаве і ваколіцах. З-за адстрэлаў папуляцыя дзікоў скарацілася, але жывёлы проста сталі больш прыкметнымі, бо пачалі ў пошуках ежы падыходзіць бліжэй да дамоў.
Сітуацыю ўскладняюць правілы, звязаныя з афрыканскай чумой свіней. Варшава знаходзіцца ў зоне, з якой практычна немагчыма перавозка жывёл за межы горада, нават нягледзячы на тое, што ў дзікоў у Варшаве і наваколлі вірус не выяўляўся ўжо шмат гадоў.
Пратэст супраць адлову дзікоў перад варшаўскай ратушай. Фота: PAP/Paweł Supernak
Грамадскім актывістам у першую чаргу залежыць на бяспецы людзей. А наратыў, што забойства дзікоў служыць бяспецы людзей, памылковы.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не хочуць, каб дзікі жылі ў горадзе, бо іх натуральным асяроддзем з’яўляецца лес. Аднак людзі на працягу многіх гадоў, у выніку сістэмнага ігнаравання праблемы, стварылі дзікам умовы для жыцця ў горадзе, гаворыць Дарота Хэмі з ініцыятывы «Dziki zostają».
— І тут, вядома, галоўная праблема — памылковае, недарэчнае грэбаванне пытаннямі кіравання адходамі. Дзікі прыходзяць у гарады, часткова таму, што тут ім лягчэй здабываць ежу. Іх часта кормяць. Я чула пра выпадкі, калі людзі гатуюць ежу для дзікоў. Такім чынам, адразу відавочны недахоп адукацыйных і інфармацыйных кампаній для жыхароў. Калі горад хоча вырашыць праблему дзікоў, ён павінен пачаць з інфармацыйнай кампаніі. Мы бачым такія фіктыўныя ініцыятывы, але яны ніяк не спрыяюць вырашэнню праблемы.
Існуе міф, які прасоўваюць «Гарадскія лясы», што гэта новы гатунак дзікоў — гарадскія дзікі. Паколькі яны нарадзіліся ў горадзе, то толькі тут яны могуць жыць, нават да 20 гадоў, а таму ад іх трэба пазбаўляцца.
Дзікі вельмі лёгка прыстасоўваюцца да любых умоваў, гаворыць Дарота Хэмі.
— Гэта міф, які распаўсюджваюць «Гарадскія лясы». Выснова для гарадскіх лясоў такая: дзікоў трэба забіваць, бо яны будуць жыць тут 20 гадоў і не змогуць больш нідзе выжыць. Аднак, вяртаючыся ў лес, дзікі не адчуваюць сябе ў бяспецы, асабліва з-за санітарнага адстрэлу, які працягваецца шмат гадоў. Калі ў 2015 годзе ацэньвалася, што ў лясах налічвалася каля 265 тысяч дзікоў, то цяпер іх колькасць складае каля 60 тысяч. Тады ў горадзе дзікоў не было, цяпер яны ёсць, нягледзячы на такую нізкую папуляцыю. Санітарны адстрэл, які не вырашыў праблемы афрыканскай чумы свіней, які неэфектыўны і каштаваў больш за 500 мільёнаў з дзяржаўнага бюджэту, прывёў да таго, што гэтыя дзікі ўцяклі ў бок гораду. Таму, калі мы хочам вырашыць праблему дзікоў у горадзе, мы павінны спачатку перастаць іх забіваць у лясах. Гэта яшчэ адзін аргумент.
Паводле суразмоўцы, грамадскія арганізацыі не хочуць, каб дзікі жылі ў горадзе. Але неабходна вучыцца з дзікамі суіснаваць. Неабходна прызнаць, што паколькі лясныя тэрыторыя вакол гарадоў змяншаюцца, то дзікая жывёла будзе прыходзіць у горад. Гэта тычыцца не толькі дзікоў.
— Жывёла будзе паяўляцца. І справа нават не ў гэтым, што гэта калісьці была іх тэрыторыя, а цяпер тут жывем мы. І гэта тычыцца не толькі дзікоў, але і лісіц, ды іншых дзікіх жывёл. Сучасны горад павінен прызнаваць гэты факт і адпаведна планаваць сваю прастору, каб мінімізаваць канфлікты паміж чалавекам і дзікай прыродай.
Адным з аргументаў «Гарадскіх лясоў» з’яўляецца шматгадовая барацьба з афрыканскай чумой свіней. Дзікі не разносяць АЧС, бо яны не заходзяць у свінарнікі, кажа Дарота Хэмі.
— З бюджэту, які выдзяляецца на барацьбу з АЧС, толькі некалькі працэнтаў выдзяляецца на біябяспеку і даследаванні, астатняе ж ідзе на адстрэл. Ключавым пытаннем тут зʼяўляецца належная біябяспека, гэта значыць прадухіленне пераносу віруса ў свінарнікі. Карацей кажучы, за распаўсюджванне АЧС нясуць адказнасць паляўнічыя. Яны кантактуюць як са свінарнікам, так і з лесам, пераносячы вірус у свінарнік на сваёй вопратцы і аўтамабільных шынах. І казаць, што дзікі вінаватыя ў гэтым, відавочна вельмі карысна для паляўнічых, бо, як я ўжо казала, да іх цячэ вялікі паток грошай на адстрэл. Урад выдаткаваў больш за 500 мільёнаў на барацьбу з АЧС, але гэта зусім не вырашае праблемы. Я прывяду прыклад Бельгіі, дзе адстрэл быў цалкам спынены, былі ўзмоцнены лясныя патрулі, каб шукаць хворых жывёл, як быццам гэта тушы, і праблема АЧС знікла. Адстрэл дзікоў зусім не вырашае праблему. Аднак гэта, вядома, выгадна для пэўных груп людзей.
У выніку грамадскага ціску варшаўскія ўлады заявілі, што створаць дарадчую камісію, якая зоймецца справай дзікоў комплексна і з улікам эксперцкіх ацэнак. Грамадскія актывісты станоўча ўспрымаюць гэтае рашэнне, аднак іх непакоіць тое, што гэта горад будзе вырашаць пра склад камісіі. Важна, каб яна не складалася выключна з прадстаўнікоў структур, прыхільных паляўнічым.
ав
слухайце аўдыё